Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У катэгарычнай форме». Буйны польскі банк пагражае закрыць рахункі беларусам, якія ня маюць дазволу на жыхарства


Getin банк у Польшчы
Getin банк у Польшчы

Банк спасылаецца на канкрэтныя рэглямэнты ЭЗ. Пагаварылі з кліентамі некаторых польскіх банкаў.

Беларусы, якія вымушана эмігравалі ў краіны Эўразьвязу, сутыкаюцца ня толькі з праблемай адкрыцьця рахункаў у эўрапейскіх банках, але і з тым, што, нават калі ў іх ёсьць рахунак, яго пагражаюць заблякаваць.

У дзяржавах Эўразьвязу беларусам, якія ня маюць законных падставаў знаходжаньня ў краіне і дакумэнтаў, якія гэта пацьвярджаюць, адкрыць банкаўскі рахунак няпроста. Банкі патрабуюць процьму даведак: ці легальныя даходы, зь якіх яны крыніц, ці ёсьць у патэнцыйнага кліента сувязі з краінай адкрыцьця рахунку (праца, вучоба, наяўнасьць у той краіне маёмасьці). І нават калі ўдалося адкрыць рахунак, ня факт, што празь некаторы час ня зьявяцца праблемы.

«Увесну беларусам у Польшчы адкрывалі рахункі толькі два банкі: Getin Bank і PKO Bank Polski»

Праграміст Андрэй (імя зьмененае) зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну ўвосень 2021 году. Без праблем адкрыў рахунак у Кіеве ў «Приватбанку», прычым у некалькіх валютах. 24 лютага пачалася ўварваньне ва Ўкраіну расейскіх войскаў, і Андрэй зь сям’ёй вымушаны былі ўцякаць у Польшчу. Візаў у сям’і Андрэя не было — у першыя дні вайны палякі прымалі людзей з Украіны бязь візаў.

На пачатку сакавіка, апынуўшыся ў Польшчы, Андрэй убачыў, што яго рахунак ва ўкраінскім «Приватбанку» быў заблякаваны (як і ў іншых беларусаў).

Андрэй паспрабаваў у першую чаргу адкрыць рахунак у якім-небудзь польскім банку, тады б яму маглі фінансава дапамагчы сваякі, сябры — перавесьці сродкі.

У сацсетках беларусы ў той час актыўна абмяркоўвалі гэту праблему, пісалі, што гэта ня так проста. Усе банкі тады без абмежаваньняў адкрывалі рахункі толькі ўкраінцам.

«Я зайшоў у найбліжэйшы банк ад месца, дзе спыніўся, банк Santander, і мне адмовілі, маўляў, „беларусам мы не адкрываем рахункі, толькі ўкраінцам“. Ва Ўкраіне дакумэнты я не пасьпеў аформіць, бо рэлякаваўся зь Беларусі туды адносна нядаўна. Дайшоў да суседняга гандлёвага цэнтру, дзе шмат банкаў: City Bank, Millenium, m-Bank, Bank Pekao — таксама спрэс адмовы.

Увечары сябры падказалі, што ёсьць два банкі, дзе нібыта беларусам адкрываюць рахункі: Getіn Bank і PKO Bank Polski. Даведаўся ад сяброў, што карту ў PKO робяць ад 7 да 14 дзён і задаюць шмат пытаньняў, а ў Get In Bank рахунак беларусам адкрываюць прасьцей (хаця тлумачыць давялося, чаму я тут бязь візы і без рэгістрацыі)», — успамінае беларус.

Рахунак адкрылі, плястыкавую картку выдалі літаральна праз 20 хвілін. Ёсьць інтэрнэт-банкінг, мабільная праграма, самому можна дадаваць рахункі ў далярах, эўра — усё нібыта задавальняла новага кліента Getin Bank.

«У катэгарычнай форме паведамілі, што адбудзецца, калі не прад’яўлю карту побыту да 31 жніўня»

Прыкладна ў сярэдзіне чэрвеня на электронную пошту Андрэя прыйшоў ліст з просьбай падаць дакумэнты аб законнасьці знаходжаньня ў Польшы. Ліст быў на польскай мове, даволі кароткі. Паколькі з банку лістоў прыходзіць шмат — пра навіны, пра новыя прадукты і гэтак далей — ён не зьвярнуў увагу на тое паведамленьне.

Getin банк у Польшчы
Getin банк у Польшчы

10 жніўня ліст на пошту прыйшоў ужо на расейскай мове, і ў катэгарычнай форме там паведамлялася, «што адбудзецца, калі вы не прад’явіце нам сваю карту побыту».

«Калі вы не пакажаце дзейны дакумэнт да 31 жніўня 2022 году, мы павінны будзем скасаваць дамову рахункаў, якія адкрытыя ў нашым банку».

Там таксама была спасылка на тры дакумэнты. Два зь іх зьвязаныя з вайной ва Ўкраіне.

  • Рэглямэнт Рады ЭЗ 2022/328 ад 25.02.2022 аб унясеньні зьмяненьняў у Рэглямэнт № 833/2014 аб абмежавальных захадах у сувязі зь дзеяньнямі Расеі па дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне.
  • Рэглямэнт Рады ЭЗ 2022/398 ад 09.03.2022 аб унясеньні зьмяненьняў у Рэглямэнт № 765/2006 аб абмежавальных захадах у сувязі з сытуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны.

У апошнім Рэглямэнце Эўразьвязу ад 9 сакавіка ёсьць асобны пункт (Article 1u), у якім прапісана (на мове арыгіналу):

«It shall be prohibited to accept any deposits from Belarusian nationals or natural persons residing in Belarus, or legal persons, entities or bodies established in Belarus, if the total value of deposits of the natural or legal person, entity or body per credit institution exceeds EUR 100 000».

Гэта значыць, што банкам забараняецца прымаць любыя ўклады ад грамадзян Беларусі ці фізычных асоб, якія пражываюць у Беларусі, калі агульны кошт укладаў перавышае 100 000 эўра.

Іншых абмежаваньняў, што тычыцца звычайных беларусаў, у тэксьце дакумэнту Свабода не заўважыла.

Андрэй патэлефанаваў на інфалінію свайго банку, яму пацьвердзілі, што бяз карты побыту рахунак заблякуюць.

Тады ён вырашыў сходзіць у банк і патлумачыць сытуацыю, спадзеючыся на «чалавечы фактар».

«Сказаў мілай супрацоўніцы банку, што раблю гуманітарную візу, што для беларусаў спрасьцілі працэдуру, але ўсё адно яна доўгая і забюракратызаваная. Мне адмовілі, маўляў, правілы для ўсіх адны, ніякіх выключэньняў ня будзе. Суцешылі, што я не адзін такі — нас некалькі дзясяткаў.

Я, вядома, абурыўся, чаму мяне не папярэдзілі пра гэта ў сакавіку, калі я адкрываў рахунак. Мне ветліва прапанавалі забраць усе сродкі. Мне гэта не падыходзіць.

Да таго ж свае нумары рахункаў я паведаміў партнэрам, зь якімі працую, зноў жа гэта нязручнасьці. Дый выбару сярод банкаў, куды перайсьці, практычна няма, па-ранейшаму бальшыня не адкрывае рахункі беларусам бяз картаў побыту. Застаецца адзіны Bank Polski PKO», — падзяліўся Андрэй.

Андрэю яшчэ і ўручылі паперку з тлумачэньнем: «У адпаведнасьці з пастановамі Рады ЭЗ у лютым і сакавіку гэтага году і на падставе нацыянальнага заканадаўства банк зрабіў крокі для аднаўленьня базы дакумэнтаў, неабходных для абслугоўваньня банкаўскага рахунку для грамадзянаў краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ, у тым ліку і Беларусі». Але ж рахунак адкрылі якраз у сакавіку, зазначае ён задае рытарычнае пытаньне:

«Так, Getin Bank спасылаецца за эўразьвязаўскія рэглямэнты. Аднак чаму іншыя банкі ня гоняць сваіх кліентаў? Атрымліваецца, што гэта прыватная ініцыятыва і дыскрымінацыя беларусаў менавіта ў Getin Bank?»

«Супрацоўнікі ўсіх банкаў задаюць шмат пытаньняў і ўважліва вывучаюць дакумэнты»

Банкаўская тэма зноў актыўна абмяркоўваецца ў беларускіх чатах:

«Раскручваем цяпер тэму дыскрымінацыі беларусаў у польскіх банках праз польскую прэсу. Хтосьці ёсьць гатовы даць публічны камэнтар для Rzeczpospolita аб сваёй сітуацыі?» — піша адзін беларускі навуковец, зацікаўлены ў станоўчым вырашэньні праблемы, бо таксама зьяўляецца кліентам Getin Bank.

Беларусы — кліенты Bank Polski PKO — чулі аб праблемах землякоў з Getіn Bank. Да іх пакуль ніякіх дадатковых патрабаваньняў не выстаўлялі.

На пачатку сакавіка, калі беларусы сталі масава прыяжджаць у Польшчу і спрабаваць адкрыць рахункі, да іх узьнікалі пытаньні, былі праблемы і ў Bank Polski PKO. Пасьля розгаласу ў СМІ стала лягчэй адкрыць рахунак. Але ўсё адно пры адкрыцьці рахункаў супрацоўнікі банку задаюць шмат пытаньняў і ўважліва вывучаюць дакумэнты.

Алеся адкрывала рахунак у Bank Polski PKO ў сярэдзіне траўня. У яе беларускі пашпарт, часовы ВНЖ ва Ўкраіне. Праверылі ўсе дакумэнты, распыталі, хто яна па прафэсіі, чым мяркуе займацца ў Польшчы. Адкрылі рахунак без наяўнасьці нумару падаткаплатніка і рэгістрацыі.

А вось да Арцёма, які ня меў дакладных плянаў, узьніклі пытаньні, і яму давялося выканаць гэтыя фармальнасьці.

«Я да банку PKO ня маю прэтэнзій, наадварот, мне патлумачылі некалькі важных рэчаў, якія вельмі спатрэбіліся. Рахунак адкрылі праз 10 дзён, калі я меў ужо падаткавы нумар. Плястыкавую карту чакаў тыдзень.

Ведаю пра праблемы ў беларусаў — кліентаў Getіn Bank. Хоць бы нас яна не датычылася б», — перажывае Арцём.

«Паведамляем, што ў адпаведнасьці з рэглямэнтам Рады Эўразьвязу ад лютага і сакавіка 2022 і выконваючы абавязаньні, прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам, банк прыняў меры па актуалізацыі базы дакумэнтаў, неабходных для вядзеньня банкаўскага рахунку для грамадзян краін, што не ўваходзяць у ЭЗ, у тым ліку Беларусі, — паведаміў Getіn Bank у адказ на запыт Радыё Свабода. — Варта адзначыць, што від на жыхарства ўладальніка банкаўскага рахунку, які ёсьць грамадзянінам краіны, якая не зьяўляецца сябрам Эўрапейскага Зьвязу, зьяўляецца дакумэнтам, які звычайна патрабуецца ўсім арганізацыям, упаўнаважаным весьці банкаўскія рахункі».

У банку таксама падкрэсьлілі, што калі грамадзяне Беларусі не прад’явяць актуальнага дазволу на жыхарства ў Польшчы, то іхныя рахункі будуць закрытыя, а грошы вернутыя ужо былым кліентам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG