Контранаступ, які 29 жніўня пачалі ўкраінскія войскі на паўднёвым кірунку, выклікаў хаатычныя абстрэлы з боку расейскіх сіл па ўсёй дузе так званага Паўднёва-бужанскага кірунку ад Днепрапятроўскай да Херсонскай вобласьці. Найбольш пацярпеў Мікалаеў.
Пэнтагон: яснасьць наконт наступу будзе ў наступныя 24–36 гадзін
Замежныя выведнікі мяркуюць, што эфэктыўнасьць цяперашніх дзеяньняў украінскага войска ў Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцях вызначыць далейшы ход вайны.
У Міністэрстве абароны ЗША паведамілі, што Расея з пачатку вайны ва Ўкраіне страціла ад 60 да 80 тысяч сваіх вайскоўцаў, і аднавіць свае сілы якасна і колькасна расейскаму ўраду будзе складана.
Прадстаўнік Пэнтагону дадаў, што пакуль не гатовы назваць дзеяньні ўкраінскага войска на поўдні контранаступам, але прасоўваньне адбываецца ўжо некалькі дзён. Паводле яго, яснасьць у гэтым пытаньні будзе ў наступныя 24–36 гадзін.
Сытуацыя на Запароскай АЭС застаецца складанай. Падобна, што прыезд місіі МАГАТЭ, заплянаваны на 31 жніўня на станцыю, таксама будзе залежаць ад баявых дзеяньняў, якія цяпер разгортваюцца на поўдні Ўкраіны.
Як брытанская выведка ацаніла маштабы ўкраінскага наступу
Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што Расея да ўкраінскага контранаступу змагла істотна ўзмацніць сваю групоўку на поўдні, хоць каля Херсону тая ня цалкам укамплектаваная асабовым складам.
«49-я агульнавайсковая армія Паўднёвай вайсковай акругі, хутчэй за ўсё, была ўзмоцнена кампанэнтамі 35-й агульнавайсковай арміі Ўсходняй вайсковай акругі. Большасьць падразьдзяленьняў вакол Херсону, імаверна, не ўкамплектаваныя асабовым складам і залежаць ад кволых ліній забесьпячэньня праз паромы і пантонныя масты цераз Дняпро», — адзначылі ў брытанскай выведцы.
У той жа час брытанская выведка адзначыла немагчымасьць спраўдзіць маштабы ўкраінскага наступу.
Ва Ўкраіне таксама пакуль не называюць колькасьць вызваленых ад расейцаў населеных пунктаў у Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцях.
Мікалаеў абстралялі ракетамі С-300
Па абедзе 29 жніўня, адразу пасьля актывізацыі ўкраінскага войска, Расея пачала інтэнсіўна абстрэльваць Мікалаеў. Уначы паветраная трывога цягнулася амаль пяць гадзін — столькі часу людзі мусілі заставацца ў сховішчах.
Паводле мясцовых уладаў, расейцы запусьцілі на горад 16 зэнітных ракет С-300, якія выклікалі шматлікія руйнаваньні і пашкоджаньні прыватных і шматпавярховых будынкаў, а таксама аб’ектаў транспартнай інфраструктуры. У выніку два мірныя жыхары загінулі і 24 атрымалі раненьні.
У ноч на 30 жніўня расейцы абстралялі Крывы Рог, Нікапаль і Марганец Днепрапятроўскай вобласьці. Раніцай расейскія ракеты прыляцелі ў Мікалаеўскі марскі порт і ў кантраляваны Ўкраінай мост цераз Інгулец.
Такім чынам Расея адказала на зьнішчаныя Ўкраінай масты цераз Дняпро ў акупаванай Херсоншчыне. Цяпер расейскія войскі фактычна пазбаўленыя магчымасьці падмацоўваць свае падразьдзяленьні ў Херсоне, Мікалаеўскай і Запароскай абласьцях. 29 жніўня ўкраінская артылерыя дадаткова атакавала баржавую пераправу, якую Расея пачала будаваць пасьля руйнаваньня Антонаўскага мосту, а ў ноч на 30 жніўня нанесла ўдар па 13 пунктах кіраваньня расейскімі войскамі ў Херсонскім, Берыслаўскім і Кахоўскім раёнах.
У выніку ранішніх абстрэлаў расейцамі Харкава загінулі 5 і атрымалі раненьні 7 мірных грамадзян.
Пакуль украінцы наступаюць на поўдні, Расея спрабуе замацавацца на ўсходзе
Расейскія войскі канцэнтруюцца на выкананьні заданьня па ўсталяваньні кантролю над усёй Данецкай вобласьцю і спрабавалі некалькі разоў наступаць у Харкаўскай вобласьці, каб палепшыць свае пазыцыі. Але, як паведаміў Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны, усе расейскія наступы былі адбітыя.
Галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны Валер Залужны абмеркаваў імаверны характар дзеяньняў расейскіх войскаў з дэлегацыяй Генштабу Чэхіі, якая знаходзіцца ва Ўкраіне зь візытам. Асобна бакі абмеркавалі небясьпеку на ўкраінска-беларускай мяжы, а таксама тэндэнцыі ваенна-стратэгічнай сытуацыі ва Ўсходняй Эўропе і Чарнаморска-Азоўскім рэгіёне.
У Міністэрстве абароны Расеі прызналі, што ўкраінская армія пачала наступ на поўдні, але, паводле расейскага ведамства, ён «з трэскам праваліўся».
На Запароскай АЭС небясьпека застаецца
Украінскі бок заявіў, што Запароская АЭС працягае працаваць з рызыкамі парушэньня нормаў радыяцыйнай і пажарнай бясьпекі. Улады штодзень тлумачаць грамадзянам, як трэба сябе паводзіць у выпадку аварыі.
Чакаецца, што місія МАГАТЭ наведае станцыю 31 жніўня.
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвярнулі ўвагу на тое, што расейскі бок маніпулюе грамадзкай думкай, заяўляючы пра абстрэлы ЗАЭС з украінскага боку.
Інстытут апублікаваў новыя спадарожнікавыя фатаздымкі, на якіх відаць, што прыхаваныя на пляцоўцы станцыі расейскія баявыя машыны знаходзяцца вельмі блізка да корпусу рэактара.
Акупацыйныя ўлады Запароскай вобласьці заявілі, што гатовыя гарантаваць бясьпеку місіі МАГАТЭ і паказаць, хто насамрэч абстрэльвае станцыю. Расея таксама анансавала, што некалькі інспэктараў МАГАТЭ застануцца на Запароскай АЭС і пасьля правядзеньня місіі.
Украінскі бок разьлічвае, што місія МАГАТЭ засьведчыць, што Расея, захапіўшы атамную станцыю, парушыла пратаколы ядзернай бясьпекі, зацьверджаныя гэтай арганізацыяй.
Дарадца Белага Дому па нацыянальнай бясьпецы Джон Кірбі заклікаў Расею пагадзіцца на стварэньне дэмілітарызаванай зоны вакол Запароскай АЭС. У той жа час Джон Кірбі адзначыў, што падтрымлівае кантраляванае спыненьне станцыі.
«Мы працягаем верць, што кантраляванае спыненьне рэактараў Запароскай атамнай электрастанцыі будзе найбольш бясьпечным і найменш рызыкоўным варыянтам у найбліжэйшай пэрспэктыве», — дадаў ён.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.