Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы Расеі сачылі за трэнаваньнем украінскіх вайскоўцаў у Нямеччыне


Расейскія агенты вялі назіраньне паблізу палігонаў, на якіх ішла вучоба ўкраінцаў, у тым ліку выкарыстоўваючы бесьпілётныя лятальныя апараты, лічыць нямецкая вайсковая контравыведка MAD.

Пра гэта піша DW, якая спасылаецца на нямецкі штотыднёвік Der Spiegel.

Газэта паведаміла, што спэцслужбы Расеі шпіёнілі ў Нямеччыне за працэсам навучаньня ўкраінскіх вайскоўцаў працы з заходнімі сыстэмамі ўзбраеньняў.

Паводле дадзеных нямецкай службы вайсковй контравыведкі MAD, расейскія агенты сачылі за падрыхтоўкай украінцаў паблізу горада Ідар-Обэрштайн у фэдэральнай зямлі Райнлянд-Пфальц, а таксама каля гораду Графэнвёр у Баварыі.

У Ідар-Обэрштайне інструктары бундэсвэру навучалі ўкраінскіх калег выкарыстоўваць самаходныя артылерыйскія устаноўкі Panzerhaubitze 2000 (PzH 2000), а ў Графэнвёры вайскоўцы ЗША праводзілі заняткі ў выкарыстаньні амэрыканскіх артылерыйскіх сыстэм.

Неўзабаве пасьля пачатку навучальнага працэсу MAD заўважыла падазроныя аўтамабілі, зь якіх, мяркуючы па ўсім, вялося назіраньне за дарогамі, якія вялі да абодвух вайсковых аб’ектаў. Акрамя таго, над навучальнымі цэнтрамі некалькі разоў праляталі невялікія бесьпілётныя лятальныя апараты, якія здымалі падрыхтоўку ўкраінскіх салдатаў, паведамляе Spiegel.

У нямецкіх службаў бясьпекі існуюць таксама падазрэньні, што расейскія спэцслужбы маглі спрабаваць з дапамогай спэцыяльных прыладаў атрымаць доступ да мабільных тэлефонаў украінцаў, піша часопіс.

У Графэнвэры разьмешчаны найбуйнейшы вайсковы палігон ЗША ў Эўропе плошчай 200 квадратных кілямэтраў. У канцы красавіка прэс-сакратар Міністэрства абароны ЗША Джон Кірбі пацьвердзіў, што Злучаныя Штаты пачалі навучаць украінскіх салдат абыходжаньню з асноўнымі сыстэмамі ўзбраеньня на вайсковых аб’ектах ЗША ў Нямеччыне. Вялося аб падрыхтоўцы да выкарыстаньня гаўбіц, радарных сыстэм і браняваных аўтамабіляў, якія пастаўляюцца ў рамках вайсковай дапамогі Ўкраіне.

«Амэрыканскае войска арганізуе гэтую падрыхтоўку ў каардынацыі з урадам ФРГ, і мы, вядома, удзячныя за падтрымку Нямеччыны», — дадаў тады прадстаўнік Пэнтагону.

Акрамя таго, 11 траўня пачалося сумеснае з узброенымі сіламі Нідэрляндаў навучаньне ўкраінскіх салдат у артылерыйскай школе бундэсвэру ў Ідары-Обэрштайне. Вайскоўцаў вучылі працаваць з PzH 2000. Дванаццаць такіх сыстэм Кіеву перадалі Нямеччына і Нідэрлянды.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG