Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, што ўваходзіць у новы пакет вайсковай дапамогі ЗША Ўкраіне на 3 млрд даляраў

Вайна ва Ўкраіне, украінскія вайскоўцы
Вайна ва Ўкраіне, украінскія вайскоўцы

ЗША выдзяляюць дапамогу Ўкраіне з разьлікаў, што вайна будзе працяглай.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ў Дзень Незалежнасьці Ўкраіны заявіў аб выдзяленьні чарговай вайсковай дапамогі Ўкраіне ў памеры 2,98 мільярда даляраў.

«Я з гонарам абвяшчаю аб нашым найбольшым на сёньня траншы дапамогі ў галіне бясьпекі: прыблізна 2,98 мільярда даляраў», — заявіў Джо Байдэн.

Раней агенцтва Associated Press са спасылкай на ананімныя афіцыйныя асобы ЗША паведаміла, што ў вайсковай дапамозе амэрыканская адміністрацыя арыентуецца на тое, што расейская вайна ва Ўкраіне зацягнецца на працяглы час.

Паводле агенцтва, на гэтыя грошы будуць фінансавацца кантракты на пастаўку трох тыпаў бесьпілётнікаў і іншых узбраеньняў, боепрыпасаў і тэхнікі. Гэты пакет дапамогу — найбуйнейшы за паўгода вайны.

У прыватнасьці, ідзецца аб невялікіх бесьпілётніках Puma, якія запускаюцца з рукі, дронах-выведніках Scan Eagle, што запускаюцца з катапульты, і ўпершыню аб бесьпілётніках British Vampire — іх можна запускаць з караблёў.

Гэты пакет дапамогі будзе спрыяць стварэньню ва Ўкраіне сыстэмы абароны, разьлічанай на сярэднюю і доўгатэрміновую пэрспэктыву.

23 лютага канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў, што ягоная краіна перадасьць Украіне магутныя зэнітныя ўстаноўкі на 500 мільёнаў эўра. У гэты пакет таксама ўвойдуць ракетныя ўстаноўкі, боепрыпасы, абсталяваньне для барацьбы з бесьпілётнікамі, дзесяць бронемашын-эвакуатараў і тры дадатковыя сыстэмы супрацьпаветранай абароны далёкага радыюсу дзеяньня IRIS-T. Але гэтае рашэньне яшчэ мусіць падтрымаць парлямэнт, а частка ўзбраеньня можа быць перададзена Ўкраіне не раней, чым у наступным годзе.

Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо абвясьціў аб выдзяленьні 3,85 мільёна даляраў на два праекты для Ўкраіны — 2,9 мільёна даляраў прадугледжаны для фінансаваньня нацыянальнай паліцыі і іншых экстраных службаў Украіны, і каля 950 тысяч даляраў — на кансультаваньне Міністэрства абароны Ўкраіны.

З пачатку працы адміністрацыі Джо Байдэна ЗША аказалі Ўкраіне вайсковую дапамогу на 10,5 мільярда даляраў, уключна з 19 пакетамі ўзбраеньня, якое было зьнятае з рэзэрваў Пэнтагону з жніўня 2021 году.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG