Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падкаст «Красаўцы». Хто загадаў катаваць беларусаў


«Красаўцы»
«Красаўцы»

Трэцяя частка падкасту «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га» расказвае пра два дні пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году, калі ў Менску і іншых гарадах Беларусі адбываліся самыя жорсткія сутыкненьні паміж сілавікамі і пратэстоўцамі. Здабытыя «Кібэрпартызанамі» перамовы міліцэйскага начальства тлумачаць, як прымалася рашэньне пра сілавы разгон пратэсту.

УВАГА! У падкасьце ёсьць нецэнзурная лексыка.

Анатоль Котаў (былы супрацоўнік Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта):

«Думаю, што ў першы дзень пасьля выбараў Лукашэнка нічога не адчуваў. Калі ў першы дзень людзі сабраліся каля стэлы, калі іх там разагналі, было адчуваньне, што ўсё ідзе як заўсёды. Сабралася трошкі больш людзей, але гэта нічога не мяняе. Зараз мы іх напужалі, а ў панядзелак усе пойдуць на працу. І ўсе пайшлі на працу. Але пасьля працы яны ізноў выйшлі на пратэст. Бо гэта было масавае абурэньне, масавае адчуваньне падману».

Аляксандар Азараў (былы супрацоўнік ГУБАЗіК і выкладчык Акадэміі МУС):

«Я бачыў, што адбывалася на стэле ўжо пасьля падаўленьня пратэсту і на Пушкінскай у дзень забойства Тарайкоўскага. Я бачыў кроў, раскіданае адзеньне, абутак, акуляры. Гэта вельмі моцна ўразіла. Пачаліся акцыі пратэсту штодня, кожны вечар прыкладна да 3-й уначы ўсе сядзелі на службе, у той жа Акадэміі. Ужо сталі шаптацца паміж сабой і казаць, што выбары сфальсыфікаваныя».

Андрэй Астаповіч (былы сьледчы Сьледчага камітэту):

«Шчыра кажучы, я ўсё жыцьцё як сьледчы займаўся справамі цялесных пашкоджаньняў. І калі я бачыў фатаздымкі не сінякоў, а іх спачатку ня было, было менавіта як наносяць удары і чым, па галаве дубінкай, — ты ўжо з досьведам, пабываў на ўскрыцьцях, разумееш, што гэтага зьбілі, хутчэй за ўсё, на цяжкія цялесныя, а гэтаму ўвогуле лёгка чэрап праламаць. То бок у раён скроні б’юць, бачна. Пералом носа. То бок ты ацэньваеш, якія цялесныя пашкоджаньні, колькі на аднаўленьне і якія могуць быць наступствы. Гэта прыводзіла да жаху і адначасова злавала. Вылучаўся адрэналін, ішла агрэсія».

Сьвятлана Алексіевіч (пісьменьніца):

«Да канца пра глыбіню барбарства, гэтай жорсткасьці я даведалася пазьней... Былі фатаздымкі чалавечых целаў — мэдыкі, валянтэры фатаграфавалі. Гэта прывяло ў шок. Я больш за 30 гадоў вывучаю зло. ГУЛАГ, войны, сама была на вайне ў Афганістане. Нічога падобнага я не магла ўявіць у сваёй краіне, куды ніякі вораг не зайшоў, дзе свой урад, свой прэзыдэнт, свае сілавікі, усе свае людзі. Гэта быў шок. Асабліва памятаю фатаграфіі чалавечых целаў. Гэта былі проста кавалкі мяса».

Алег Алкаеў, былы начальнік СІЗА № 1 у Менску («Валадарка»):

«Кругавая парука. Там, дзе супрацоўнік міліцыі індывідуальна прымае рашэньні, ён ніколі ад закону не адыдзе. А калі каманда даецца падразьдзяленьню, узводу, там ёсьць кругавая парука. Гэта чыста мужчынскае паняцьце. Тут залежнасьць адзін ад аднаго вельмі моцная. Камандзір дае каманду і сам ідзе ў гэты бой. Ня можа сказаць, што захварэў ці што. Рабі так, як усе. Гэта залежнасьць. Калі нешта ня так зробіць, калектыў да яго адвернецца. У дзіцячым садку ўзялі дзесяць дзяцей, дзевяці далі салодкую кашу, а дзясятаму — горка-салёную. Дзевяць дзяцей ядуць і ўсьміхаюцца, і дзясяты есьць і ўсьміхаецца, думае, што ва ўсіх так і трэба ўсьміхацца. Такая залежнасьць у жыцьці паўсюль існуе».

Сьвятлана Ціханоўская (былая кандыдатка ў прэзыдэнты):

«Мой ад’езд нічога не зьмяніў. Людзі пачалі выходзіць не таму, што ім нехта сказаў, а таму, што яны так хацелі. Я памятаю, вось першыя дні пасьля таго, як я зьехала, я знаходзілася ў вельмі цяжкім псыхалягічным стане, усё, што я магла, — гэта назіраць, што адбываецца ў Беларусі, я першыя дні ніякага ўдзелу не прымала. Але мяне ўразіла, з аднаго боку, і настойлівасьць беларусаў, і вось гэтае пекла, якое адбылося ў адносінах да людзей з боку рэжыму».

Падкаст «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га» расказвае аб пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі з гледзішча сілавікоў. Новыя часткі шасьцісэрыйнага падкаст-сэрыялу зьяўляюцца кожны аўторак.

Дзе і як слухаць падкаст «Красаўцы»

Як падпісацца на «Красаўцаў», каб не прапусьціць ніводнага эпізоду

Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў з нашым падкастам, якая адпавядае вашай прыладзе ў гэты момант.

Падкаст... Што гэта?

Падкаст — гэта аўдыёпраграма, якую можна спампаваць і слухаць у інтэрнэце. Як і радыёперадачы, падкасты часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і могуць быць прысьвечаныя канкрэтнай тэме. Але гэта нашмат зручней за радыё, бо вы можаце слухаць іх у любы час і на любой зручнай для вас прыладзе і лічбавай плятформе.

Каб карыстацца мабільнымі падкаст-сэрвісамі, неабходна ўсталяваць іх на ваш смартфон. Калі вы падпісаліся на наш падкаст, аплікацыя сама паведаміць аб зьяўленьні новага выпуску.

Усе падкасты Свабоды тут

У падкасьце выкарыстаныя запісы тэлефонных размоваў міліцэйскага начальства, якія рабілі спэцслужбы Беларусі. Гэтыя файлы зьявіліся ў сеціве дзякуючы групоўцы «Кібэрпартызаны» і ініцыятыве «Байпол». Экспэрты пацьвердзілі сапраўднасьць гэтых аўдыёзапісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG