Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: музыку Ігара Банцэра ня выпусьцілі пасьля 15 дзён на Акрэсьціна


Ігар Банцэр, чэрвень 2021 году
Ігар Банцэр, чэрвень 2021 году

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Горадзенскага музыку Ігара Банцэра ня выпусьцілі з ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна ў Менску пасьля 15 дзён арышту. Пра гэта Свабодзе паведамілі 20 жніўня сваякі Ігара Банцэра. На якой падставе Банцэр застаецца за кратамі, невядома.

Сваякі лічаць, «задача ў сыстэмы — пераканаць Ігара не заставацца ў Беларусі». Банцэр раней неаднойчы заяўляў, што зьяжджаць зь Беларусі ня хоча, дзеля таго, каб застацца, ён гатовы сядзець у турме.

Былога палітвязьня, музыку Ігара Банцэра затрымалі 4 жніўня ў горадзенскай кватэры. З словаў сваякоў, у той момант ён быў дома адзін. Людзі ў цывільным і ў масках выламалі мэталічныя дзьверы ў кватэру і вывезьлі музыканта ў Менск.

12 жніўня стала вядома, што Ігару Банцэру далі 15 дзён адміністрацыйнага арышту, за што — невядома. Як распавёў Свабодзе актывіст і музыка Фёдар Жывалеўскі, які сядзеў на завулку Акрэсьціна разам зь Ігарам Банцэрам, ці выпусьцяць рок-музыканта праз 15 дзён, пакуль няясна.

«Ведаю, што яму 18 адміністрацыйных артыкулаў павесілі і прывезьлі з Горадні», — заявіў Жывалеўскі. — Ён мне расказаў, што хоча жыць тут і жыць нармальна, але яму ясна даюць зразумець, каб ён зьехаў».

Ігар Банцэр ужо адсядзеў тэрмін пасьля пратэстаў 2020 году. Яго судзілі за хуліганства, бо ён у верасьні 2020 году станцаваў без штаноў перад міліцэйскай машынай. Асудзілі на паўтара года «хіміі». Падчас суду Банцэр трымаў некалькі галадовак, у тым ліку сухую галадоўку цягам 16 дзён, і на той момант гэта быў беларускі рэкорд.

Банцэру 42 гады, ён мае трое дзяцей. Ігар — вядомы горадзенскі актывіст і музыкант. Пасьля вызваленьня сёлета ён адмовіўся зьяжджаць зь Беларусі.

«Я настолькі люблю Беларусь, што гатовы тут сядзець у турме», — тлумачыў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG