Reuters: адміністрацыя Байдэна рыхтуе новы пакет абароннай дапамогі Ўкраіне

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Паводле крыніц, плянуецца, што ў пятніцу ці на наступным тыдні Белы дом абвесьціць пра новы абаронны пакет коштам каля 800 млн даляраў.

Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».

Адміністрацыя прэзыдэнта Джо Байдэна рыхтуе дадатковую вайсковую дапамогу Ўкраіне на суму каля 800 млн даляраў. Белы дом можа аб’явіць пра гэта ўжо ў пятніцу, паведамілі ў чацьвер Reuters тры крыніцы, знаёмыя з гэтым пытаньнем.

Прэзыдэнт можа выдзеліць Украіне дапамогу, скарыстаўшыся сваімі паўнамоцтвамі ў скарачэньні выдаткаў, якія дазваляюць кіраўніку дзяржавы санкцыянаваць перадачу лішку ўзбраеньняў з запасаў Пэнтагону, паведамілі крыніцы агенцтва Reuters.

Крыніцы таксама дапусьцілі, што абвестка можа быць зробленая на наступным тыдні, і папярэдзілі, што агульная сума пакету можа зьмяніцца да таго, як аб яго перадачы будзе абвешчана афіцыйна.

У Белым доме адмовіліся ад камэнтараў.

Напярэдадні дзяржсакратар Энтані Блінкен закрануў тэму дапамогі ў сфэры бясьпекі ў тэлефоннай гутарцы зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам. У паведамленьні Дзярждэпартамэнту гаворыцца, што суразмоўцы абмеркавалі «працягваньне падтрымкі патрэб Украіны ў сфэры абароны з боку ЗША», а таксама пляны правядзеньня другога саміту Крымскай плятформы, які адбудзецца ў Кіеве 23 жніўня.

«Дзяржсакратар праінфармаваў міністра замежных спраў Кулебу аб пастаўках амэрыканскай дапамогі ў галіне бясьпекі і асудзіў нядаўнія дзеяньні Расеі на Запароскай атамнай электрастанцыі Ўкраіны і вакол яе», — гаворыцца ў заяве.

Вашынгтон з пачатку расейскай агрэсіі ўжо накіраваў украінскаму ўраду дапамогу ў галіне бясьпекі на мільярды даляраў.

​
XS
SM
MD
LG