Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад рэпрэсій да амністый. Калі дэспатычныя рэжымы перастаюць помсьціць пераможаным ворагам


Калі гэта скончыцца? Калі людзі ў чорным перастануць урывацца ў кватэры? Калі спыняцца аблавы, ператрусы, затрыманьні, канфіскацыі, арышты?

А галоўнае, калі пачнуць вызваляць (амніставаць?) асуджаных і кінутых у турмы ці «на хімію» праз абсурдныя абвінавачаньні — за рэпост, за камэнтар у сацсетках, за дапамогу рэпрэсаваным, за фатаздымак з нацыянальным сьцягам?..

Гэтыя пытаньні задаюць сабе сёньня дзясяткі тысяч беларусаў: і тыя, хто трапіў пад каток рэпрэсій пасьля жніўня 2020-га, і тыя, хто застаецца пад пагрозай рэпрэсій, бо гэты каток ужо на працягу двух гадоў не спыняецца. А яшчэ — тысячы і тысячы іхных сваякоў, для каго арышт блізкага чалавека ператварыўся ў сямейную драму.

Шукаючы адказы на гэтыя пытаньні, міжволі спрабуеш зазірнуць за заслону часу, прыгледзецца да лёсу тых, хто нешта падобнае перацярпеў на нашай зямлі раней. Паласа жорсткіх рэпрэсій пасьля паўстаньня 1863-1864 гадоў — даўняя гісторыя, аддаленая ад сучаснасьці больш як на паўтара стагодзьдзя. Але ў гэтых дзьвюх драм, якія давялося перажыць розным пакаленьням беларусаў, вельмі шмат агульных рысаў.

Лукашэнка ХІХ стагодзьдзя

Помста самадзяржаўнага рэжыму ўсім, хто ня тое што ўдзельнічаў, а хаця б спачуваў і дапамагаў паўстанцам 1863-1864 гадоў, была жорсткай і татальнай. Праўда, сам тагачасны імпэратар Аляксандар ІІ лічыўся даволі лібэральным і не крыважэрным. Але ён быў далёка, на троне ў Санкт-Пецярбургу. А паўнаўладным гаспадаром на цяперашнія беларускія землі, каб задушыць паўстаньне, прызначыў бязьлітаснага і ўладалюбівага генэрал-губэрнатара Міхаіла Мураўёва. У траўні 1863-га генэрал, вядомы сваім крутым норавам і нелюбоўю да «іншародцаў», атрымаў мала чым абмежаваныя паўнамоцтвы: ня толькі галоўнага начальніка ў Віленскай, Горадзенскай, Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губэрнях, але яшчэ і камандуючага Віленскай вайсковай акругі. На гэтай тэрыторыі ён мог рабіць усё, што хацеў.

Генэрал Мураўёў для тагачаснай ахопленай паўстаньнем Беларусі — гэта сёньняшнія Лукашэнка, Тэртэль, Карпянкоў і Швед у адной асобе. Навесьці жах, вынішчыць крамолу з коранем, выпаліць актыўную частку грамадзтва так, каб тыя, хто застанецца, і думаць забылі на многія дзесяцігодзьдзі пра свабоду, пратэст і незалежнасьць. Гэта па ягоных непасрэдных загадах у беларускіх губэрнях схапілі і публічна павесілі 128 чалавек, 972 саслалі на катаржныя работы, 864 асудзілі на службу ў арыштанцкіх ротах. І дзясяткі тысяч саслалі ў Сібір.

Прычым высылкі і прымусовыя перасяленьні ў глыб Расеі, як правіла, суправаджаліся канфіскацыяй маёнткаў асуджаных, якія тут жа перадаваліся прысланым сюды з мэтай русіфікацыі з цэнтральных раёнаў Расеі вайскоўцам, чыноўнікам, настаўнікам.

Мэтадычкі генэрал-губэрнатара Мураўёва

Увогуле, калі знаёмісься з мэтадамі, якія выкарыстоўваў рэжым Мураўёва дзеля задушэньня паўстаньня, міжволі параўноўваеш іх з рэаліямі значна больш позьняй беларускай гісторыі. І гэта параўнаньне наводзіць на думкі, што мэтадычкі Мураўёва ня згінулі бясьсьледна ў архівах.

Напрыклад, каб пазьбегнуць рэпрэсій, мясцоваму люду прапаноўвалася пісаць вернападданьніцкія «адрасы» на імя імпэратара Аляксандра ІІ. Усяго такіх «адрасоў» з пакаяньнямі і клятвамі ў вечнай адданасьці было напісана 589 са 104 726 подпісамі (асобна — ад імя прадстаўнікоў кожнага з саслоўяў — ад шляхты, мяшчан, габрэяў)....

Уводзілася забарона на любое выкарыстаньне бела-чырвонай сымболікі, а таксама на нашэньне жалобы па палеглых паўстанцах (адзін час жанчыны ў гарадах масава выкарыстоўвалі гэта як форму палітычнага пратэсту, потым за гэта сталі хапаць на вуліцах і валачы ў кутузку).

Усяляк заахвочваліся даносы. Адметны выпадак — гісторыя будучай славутай пісьменьніцы Элізы Ажэшкі. Улетку 1863 году на працягу двух тыдняў яна хавала ў сваім доме, у маёнтку Людвінава, што на Палесьсі, Рамуальда Траўгута — будучага кіраўніка паўстаньня. Яна ж зь вялікай рызыкай для ўласнага жыцьця дапамагла яму потым уцячы ў Варшаву. Праз тры месяцы пасьля гэтага селянін Стэфан Паплаўскі, які працаваў фурманам у маёнтку Ажэшкаў, з карысьлівых мэтаў данёс пра гэта расейскім уладам. Муж Элізы — Пётра Ажэшка — узяў усю віну на сябе. Паводле прысуду, за дапамогу паўстанцам у сьнежні 1864 года быў бестэрмінова сасланы ў Пермскую губэрню, а ягоны маёнтак сканфіскаваны.

Ці не такія ж выпадкі меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка, калі сёлета 3-га ліпеня на ўрачыстай нарадзе перад афіцыйным днём незалежнасьці паўтарыў стары наратыў царскай прапаганды пра тое, што «сяляне хапалі і здавалі польскіх паўстанцаў царскім уладам, бо не жадалі вяртацца пад польскі прыгнёт».

А яшчэ генэрал Мураўёў загадаў спальваць дашчэнту вёскі, падазраваныя ў дапамозе паўстанцам. Мера надзвычайная, нават з папраўкай на жорсткія норавы пазамінулага стагодзьдзя. У лукашэнкаўскай Беларусі да спальваньня сядзібаў удзельнікаў «мяцяжу» 2020 году пакуль не дайшло. Затое да канфіскацыі маёмасьці справа рухаецца шпаркімі тэмпамі.

«Пісаць фальшывыя пратаколы і прымушаць іх падпісваць — гэта яны ўмеюць»

Гэта толькі здаецца, што за паўтара стагодзьдзя ўсё зьмянілася. У галовах усё засталося ранейшым. І прага ўлады, і прага помсты тыя ж. І людзкія страхі, жаданьні, прымхі, надзеі — таксама. Уявіце сабе 19-гадовага хлопца — запалоханага, пабітага, прыніжанага, якога месяцамі трымаюць у кайданках, які ў няволі захварэў на сухоты, а яго вязуць за тысячы кілямэтраў ад радзімы на вечную ссылку — за тое, што дапамагаў паўстанцам уцякаць за мяжу...

Адзін зь дзясяткаў тысяч пакалечаных лёсаў — лёс Нарцыза Вайцяхоўскага зь невялікага гарадка Сяроцка пад Варшавай. Калі пачалося паўстаньне, хлопцу было толькі 17 гадоў. Ён вучыўся на арганіста і настаўніка пачатковай школы. Запісаўся ў адзін з атрадаў паўстанцаў. Пасьля некалькіх дробных сутычак з расейскімі войскамі атрад быў разьбіты і распушчаны. Нарцыз вярнуўся да працы арганістам і настаўнікам.

Паўстаньне ўжо пацярпела паразу, і тысячы яго ўдзельнікаў уцякалі перад пагрозай арышту. Нарцыз быў адным з тых, хто дапамагаў ім перабірацца празь мяжу. Дваіх з тых, каму ён дапамог, злавілі. Па знойдзеных у іх паперах выявілі Вайцяхоўскага. У выніку — арышт, дзевяць месяцаў у казэматах Варшаўскай цытадэлі — змрочным сымбалі пакут і катаваньняў палітычных вязьняў ХІХ стагодзьдзя. 11 кастрычніка 1866 года прысуд: ссылка ў Сібір з пазбаўленьнем усіх правоў. У лісьце да бацькоў у тыя дні ён пісаў:

«Прысуд у сьпешцы прыведзены ў выкананьне, і таму мы мусім выяжджаць. Прашэньне на імя намесьніка камісія пісаць не дазволіла: кажуць, што такога не практыкуюць. Нічога дзіўнага, што ратавацца яны не дазваляюць. Для іх толькі прыніжаць, катаваць, марыць хлебам і вадой, прыніжаць чалавечую годнасьць зьбіцьцём, пісаць фальшывыя пратаколы і прымушаць іх падпісваць — гэта яны ўмеюць».

«У кайданах на руках і прыкутыя да вазоў»

Дарога ў Сібір для яго і такіх жа, як ён, ссыльных заняла каля паўгода. І гэта быў пакутніцкі шлях — у кандалах, па этапах. Пецярбург (Літоўскі замак); Масква (турма «Калымажны двор»); Казань (на баржы пад палубай), Перм (на фурманках). «У кайданах на руках і прыкаваныя калодкамі да вазоў ехалі мы аж да Табольска», — пісаў ён пазьней у сваіх успамінах. Найцяжэйшым быў этап з Табольска ў Каінск — у моцныя маразы, бязь цёплага адзеньня. Зь іхнай групы ў 11 хлопцаў дайшлі толькі двое. Як пісала ў сваім дзёньніку ягоная дачка Марыя, спасылаючыся на аповеды бацькі:

«Дарога была цяжкая, страшная. Бацька дайшоў да Сібіру хворым. Як потым успамінаў, ня верылі, што ён выжыве, бо ўжо разьвіваліся ў яго сухоты».

27 красавіка 1867 года спакутаваны, хворы, у арыштанцкім халаце, з 40 капейкамі грошай у кішэні 23-гадовы «палітычны злачынца» апынуўся ў сяле Сагайскім каля Мінусінска (гэта 400 кілямэтраў на поўдзень ад Краснаярска).

...Ён і такія ж, як ён, ссыльныя паўстанцы марылі пра вяртаньне, пра амністыю, пра новае паўстаньне, пра вызваленьне радзімы... Але міналі гады — два, пяць, дзесяць... Даводзілася абжывацца на новых месцах. У ссыльных зьяўляліся сем’і, нараджаліся дзеці. Многія, быўшы адукаванымі і прадпрымальнымі, знаходзілі прыбытковы занятак. Такім быў і Вайцяхоўскі. Спачатку займаўся працай на зямлі, потым знайшлося месца прыказчыка на паравым млыне, пазьней стаў кіраўніком на адной з найбуйнейшых гутаў губэрні. Мінуць гады — ён стане пасьпяховым купцом, фабрыкантам, золатаздабытчыкам.... І ўсё ж:

«Заўсёды, заўсёды, як падчас найбольшага посьпеху ў справах, так і пасьля перанесеных няўдач, калі я заставаўся на руінах, не пакідала мяне думка пра вяртаньне на радзіму, у любімую Польшчу», — пісаў ён у сваім дзёньніку.

Ён стварыў сваю Польшчу там, дзе жыў сам

Пасьпяховы купец і фабрыкант, вядомы ў Сібіры філянтроп Нарцыз Вайцяхоўскі канчаткова рашыўся на ажыцьцяўленьне мары сваёй арыштанцкай маладосьці толькі ў 1911 годзе. Ён вяртаўся на радзіму разам з жонкай і дзецьмі, з намерам назаўсёды асесьці ў Варшаве ці Любліне. У сваіх успамінах ягоная дачка Марыя пісала:

«Хваляваньне бацькі было вялізным. Заўсёды стрыманы і важны, які ўмеў трымаць сябе ў руках, — цяпер, пасьля перасячэньня мяжы, ён ня мог стрымаць свайго хваляваньня. Яго радавала ўсё — краявіды ў вакне, размовы ў вагоне на роднай мове і нават натоўпы людзей пры набліжэньні да Варшавы».

Але радзіма ўжо была зусім ня той, зь якой яго выправілі ў выгнаньне 45 гадоў таму. Іншыя людзі, іншыя гарады, іншыя норавы... А тут яшчэ яўнае набліжэньне вялікай вайны. І 60-гадовы чалавек раптам зразумеў, што тую Польшчу, марамі пра якую ён жыў многія дзесяцігодзьдзі, ён стварыў для сябе там, у Сібіры — пабудаваўшы ўласны дом, завёўшы сям’ю, стварыўшы бізнэс. Там, дзе ён на ўласныя грошы ўзьвёў касьцёл, дзе фінансаваў адкрыцьцё ўнівэрсытэту, займаўся грамадзкімі справамі.

І ён назаўсёды вярнуўся ў Сібір.

Амністыя працягласьцю трыццаць гадоў

Генэрал Мураўёў кіраваў рэпрэсіямі ў Беларусі ня надта доўга — каля двух гадоў, да красавіка 1865 года. Праўда, за гэты час ад лібэральнай і народніцкай грамадзкасьці Расеі атрымаў адразу некалькі мянушак, якія дагэтуль захавала гісторыя: «Мураўёў-вешальнік», «Мураўёў-кат» і «Мураўёў-людаед». Праз год пасьля адстаўкі Мураёў памёр — ва ўзросьце 70 гадоў. Аляксандар Герцэн адклікнуўся на ягоную сьмерць фразай: «Задыхнуўся вампір, які адваліўся ад грудзей Расеі».

Махавік рэпрэсій, раскручаны Мураўёвым, не спыняўся яшчэ доўгія гады і пасьля сьмерці «усмирителя». Ваеннае становішча на тэрыторыі Беларусі было цалкам адмененае толькі ў 1870 годзе. Праўда, першую частковую амністыю Аляксандар ІІ абвясьціў ужо праз два гады пасьля паўстаньня: тым «палітычным злачынцам», якія не былі пазбаўлены маёмасных правоў, дазвалялася вярнуцца зь Сібіру ў некаторыя губэрні эўрапейскай Расеі, але не на радзіму. Потым была такая ж палавіністая амністыя 1871 года. Канчатковым, «каранацыйным» маніфэстам аб дараваньні сасланым паўстанцам стала амністыя новага імпэратара Аляксандра ІІІ — у 1883 годзе, праз 19 год пасьля задушэньня паўстаньня. Пры гэтым сканфіскаваную маёмасьць сасланым не вярталі, жыць у буйных гарадах не дазвалялі.

Пазьней Аляксандар III і Мікалай ІІ выдалі яшчэ некалькі маніфэстаў аб амністыі ў пэрыяд паміж 1892 і 1896 гадамі. На той час пасьля задушэньня паўстаньня мінула ўжо 30 гадоў. Практычна на працягу ўсяго гэтага пэрыяду цягнулася паласа рэакцыі — большай ці меншай інтэнсіўнасьці.

«Gloria victis»

Можна прадбачыць, што ў сьвядомасьці тых, хто перажыў незабыўны беларускі жнівень 2020 года, хто тым ці іншым чынам удзельнічаў у падзеях 2020-га, гэтая балючая і яркая паласа застанецца да канца іхных дзён. Так, як гэта адбылося ў жыцьці Элізы Ажэшкі. Нават у канцы жыцьця, праз чвэрць стагодзьдзя пасьля паўстаньня яна ўсё яшчэ спрабавала асэнсаваць тыя падзеі, апраўдаць тых, каго рэжым лічыў злачынцамі, папярэдзіць нашчадкаў. Як магла, дапамагала ацалелым паўстанцам і іхным сем’ям. Да канца сваіх дзён, жывучы ў Горадні і будучы ўжо вядомай у сьвеце пісьменьніцай, заставалася пад негалосным наглядам паліцыі і вымушана была, каб паехаць у Варшаву, кожны раз атрымліваць адмысловы дазвол губэрнатара. У сваім шчымлівым эсэ «Gloria victis» («Слава пераможаным»), надрукаваным праз 40 гадоў пасьля паўстаньня, незадоўга да сьмерці, яна з дапамогай алегарычных вобразаў зноў і зноў вярталася да сваёй паўстанцкай маладосьці.

Помнік Элізе Ажэшка, усталяваны ў цэнтры Горадні ў 1929 годзе польскімі ўладамі, адрозна ад усіх іншых помнікаў польскага часу, савецкія камуністы не зруйнавалі. Ці перажыве ён эпоху Лукашэнкі, які зараз распачаў антыпольскую кампанію, — пытаньне адкрытае.

Пра тых, каму наканавана было дажыць

Як і сёньняшнія героі і ахвяры 2020-га, яны марылі пра той час, калі радзіма стане вольнай, калі яны змогуць вярнуцца і калі зло будзе пакаранае — за ўсе прыніжэньні і пакуты, якія ім давялося перажыць.

Большасьці з гэтых чаканьняў ня суджана было спраўдзіцца. Турэмнікі і каты ціха дажывалі свой век разам з імпэрыяй. Наступныя паўстагодзьдзя ў вынішчанага, запалоханага, зруйнаванага рэпрэсіямі краю не было сілаў на новае паўстаньне.

У канцы ХІХ стагодзьдзя царскі рэжым спрабаваў усяляк прапагандаваць асобу Мураўёва. У 1898 годзе ў самым цэнтры Вільні яму быў узьведзены вялікі бронзавы помнік. Прастаяў ён, зрэшты, нядоўга, толькі да Першай сусьветнай вайны: у 1915 годзе пры падрыхтоўцы да эвакуацыі расейскія ўлады яго дэмантавалі і вывезьлі. Пазьней на яго месцы польскія ўлады распарадзіліся збудаваць грамадзкія прыбіральні. Мінімум адна зь іх існавала яшчэ ў 1990-х гадох.

Большасьць паўстанцаў не дачакалася таго часу, калі іх перасталі лічыць дзяржаўнымі злачынцамі. І ўсё ж іхная справа перамагла — як толькі для гэтага на тле Першай сусьветнай вайны і распаду імпэрый адкрылася вакно магчымасьцяў. У 1920 годзе ў толькі што адроджанай Польшчы, якая яшчэ працягвала вайну з бальшавікамі, усе ўдзельнікі паўстаньня 1863 года, што дажылі да таго моманту (а такіх засталося 3644 чалавекі), атрымалі афіцэрскія званьні (ад паручніка да генэрала), высокія вайсковыя пэнсіі ад дзяржавы, ордэны, многія прывілеі, а таксама адмысловыя сінія вайсковыя мундзіры, якія насілі з гонарам і пашанай. Чакаць гэтага моманту колішнім паўстанцам давялося больш як 50 гадоў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG