Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусаў рабілі «адным народам» з расейцамі. Размова з аўтарам ліста расейскаму лібэралу


Журналіст, гісторык і літаратар Сяргей Абламейка расказвае, якім чынам Кіеў і Менск у другой палове ХХ стагодзьдзя сталі расейскамоўнымі і камфортнымі для расейскага чалавека, як беларуская мова трапіла ў лік моваў, якім пагражае зьнікненьне, пра розныя гістарычныя шляхі суседзкіх народаў і чаму ў Расеі пра гэта амаль ніхто ня ведае.

Нагодай да гэтай размовы стаў адкрыты ліст Сяргея Абламейкі да расейскага пісьменьніка Барыса Акуніна.

Ніжэй прыводзім некаторыя цытаты з гутаркі. Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце.

Беларусы, расейцы і ўкраінцы сапраўды сёньня блізкія, бо выхоўваліся на супольных культурных кодах. Навошта гэта адмаўляць?

Блізкія і ня блізкія. Мы, беларусы, больш, а ўкраінцы, магчыма, сёньня ўжо менш, зьяўляемся хворымі на «стакгольмскі сындром». Мы ахвяры палітыкі, якая праводзілася два апошнія стагодзьдзі з мэтаю набліжэньня нас да Расеі. У сваім тэксьце я спрабую даць альтэрнатыўны погляд для расейцаў, каб яны пабачылі, як мы глядзім на гэтую супольную гісторыю і што прывяло да таго, што ў 70-я Менск і Кіеў сталі расейскамоўнымі гарадамі.

Якім чынам рыторыка пра «адзіны народ» магла стаць прычынай рускага фашызму і вайны ва Ўкраіне, як вы сьцьвярджаеце?

Словы пра «адзін народ» не навуковыя і палітычна агрэсіўныя. За імі ідзе рэваншызм. Існуе гістарычная навука, і яна дасягнула пэўнага разьвіцьця. У яе ёсьць розныя сфэры, у тым ліку этналёгія. Дадзеныя сучаснай навукі сьведчаць пра тое, што «адзінага народу» ці «трыадзінага народу» ніколі не існавала і ня можа існаваць. А з гэтага ўсё пачынаецца. Прэтэнзія Расеі на Ўкраіну і Беларусь стала падставай расейскага імпэрыялізму. Пасьля ідуць усе іншыя тэрыторыі.

Калі адбыўся пералом, пасьля якога беларусы «сталі падобнымі да рускіх»?

Беларуская нацыя паўставала ў процістаяньні, ужо знаходзячыся ў складзе Расеі. У XIX стагодзьдзі яна процістаяла рэпрэсіям, прадуманай і добра арганізаванай палітыцы нацыянальнага здушэньня, дэнацыяналізацыі і абрусеньня. Пра гэта пісаў яшчэ Аляксандар Цьвікевіч 100 гадоў таму ў сваёй кнізе «Западно-руссизм» — што пасьля таго, як Беларусь трапіла ў склад Расеі ў канцы XVIII стагодзьдзя і пачаліся першыя паўстаньні, у Расеі быў створаны глыбока закансьпіраваны, таемны так званы «Западный комитет», мэтай якога была дэнацыяналізацыя і русыфікацыя далучаных заходніх губэрняў, у тым ліку і беларускіх.

А прыйшлі мы да гэтага стану, калі гарады сталі цалкам расейскамоўнымі, у 60–70-я гады. Беларускі філёляг Фёдар Клімчук, які прыехаў вучыцца ў Менск у 1959 годзе, сьцьвярджаў, што прыблізна 70% Менску тады гаварылі па-беларуску. У другой палове 50-х яшчэ і пленумы ЦК праходзілі па-беларуску.

Ці былі сучасныя расейцы для беларусаў сваімі ў Сярэднявеччы?

Калі мы гаворым пра XV–XVI стст., то было Вялікае Княства Літоўскае, у якое ўваходзіла сёньняшняя Беларусь і Ўкраіна, і было асобна Маскоўскае царства. Некалі існавала Кіеўская Русь, але пасьля яна заняпала. Справа ў тым, што наша гістарычная навука яшчэ сама да канца не разабралася з ідэнтычнасьцямі XV–XVI стагодзьдзя. Нацыяў тады яшчэ не было. Ідэнтычнасьці былі рэгіянальныя, этнічныя, рэлігійныя, моўныя. Так сябе людзі называлі.

Агульнапрынята сёньня, што ў XVI стагодзьдзі беларусы і ўкраінцы называліся русінамі, нягледзячы на тое, што тэрміны «Беларусь» і «Ўкраіна» ўжо існавалі. Тэрмін «Україна» сустракаецца ў летапісах у другой палове XII стагодзьдзя. Мы ведаем, што Полаччына называлася Беларусьсю ўжо ў XIV стагодзьдзі. Мы ў той час самі сябе называлі русінамі або рускімі. Гэта зьвязана з рэлігійнай ідэнтычнасьцю і спадчынай Кіеўскай Русі, у якую ўсе народы ўваходзілі. Але калі мы называлі сябе русінамі, то мы так не называлі тады сёньняшніх расейцаў. Іх называлі тады Масквою, маскоўцамі. Хаця самі яны сябе рускімі называлі. Я калісьці пісаў, што, на маю думку, існавалі тры Русі: Кіеўская, Літоўская і Маскоўская, і яны пасьля нарадзілі свае ідэнтычнасьці. Яны блізкія, але розныя. І праблема ў тым, што Масква прэтэндавала на гэтыя народы, не зьвяртаючы ўвагі на ўжо народжаныя навачасныя ідэнтычнасьці і паступовае нараджэньне нацыянальных ідэнтычнасьцяў. Яны гэтага ніколі не прызнавалі, бо не абапіраліся на навуку і рэальны стан рэчаў.

Любы расеец запярэчыць, што гэта ня так, бо Расея невыпадкова называецца менавіта Расеяй

Праблема расейскай гістарычнай навукі, што яны наогул не займаюцца нашымі ідэнтычнасьцямі XVI стагодзьдзя. Для іх усё вельмі проста. Як пачаў пісаць у XVIII стагодзьдзі Тацішчаў, так напісалі ў XIX ст., і гэта практычна не мяняецца. Але сёньня ўжо існуюць Акадэміі навук ва Ўкраіне і Беларусі. А расейцы працягваюць цытаваць акадэміка Аляксея Шахматава, што некалі існаваў адзіны «русский язык», які пасьля распаўся на тры мовы. Але сёньня лінгвістыка — гэта як дакладная навука. Клясык славянскай лінгвістыкі з Гарвардзкага ўнівэрсытэту, аўтар каля тысячы навуковых працаў, украінец Юры Шавялёў даказаў яшчэ на пачатку 1950-х, што ў славян усходніх, як і ў славян заходніх і паўднёвых, ніколі не існавала адзіных этнасаў. Іх мовы заўсёды былі дыялектна дыфэрэнцыяваныя. Славянскае моўнае адзінства існавала недзе ў VI–VII стагодзьдзях, а ў VIII пачалася дыфэрэнцыяцыя, і тады адразу ўзьніклі фаналягічныя асаблівасьці беларускай і ўкраінскай моваў, расейскай — трошкі пазьней.

Чаму расейская навука не зьвяртае на гэта ўвагі?

Я ўпэўнены, што сёньня там пануе ідэалягічная каньюнктура. Як чорт з табакеркі павылазілі ў апошнія 30 гадоў нейкія людзі, пераважна кандыдаты навук, якія дамінуюць у грамадзкім полі Расеі і сталі дарадцамі ўладаў. Напрыклад, у 1960-я гады ў трох інстытутах Акадэміі Навук СССР былі сэктары славянскай этналінгвістыкі. Адзін зь іх дзейнічаў у Інстытуце славяназнаўства, і сёньня яго ўзначальвае акадэмік Сьвятлана Талстая. Калі б у яе нехта спытаўся, то яна б расказала, калі ўзьніклі беларуская і ўкраінская мовы. І тады б Інстытут стратэгічных дасьледаваньняў, створаны ФСБ пры Крамлі, не сьцьвярджаў бы, што беларускую мову стварылі ў 1926 годзе. Але ў акадэміка Сьвятланы Талстой ніхто не пытаецца.

Чаму нават расейскія дэмакраты не заўважаюць, што «адзінага народу» не існуе?

Яны ня бачаць і ня чуюць нашага пункту гледжаньня. Для іх таксама ўсё проста. У «Истории государства российского», якую цяпер піша Акунін, у першым томе абсурдная тэрміналёгія з пункту гледжаньня навукі, кшталту «славянарусы». Былі ў гісторыі спробы даводзіць гэта да расейцаў, і лісты пісалі, і ананімныя, і калектыўныя звароты ў 1920-я гады. Спрабавалі беларусы дастукацца да расейцаў, але пачутыя не былі. Я спрабаваў зразумець чаму, задаваў гэтае пытаньне расейцам у розных інтэрвію. Агульная мая і маіх суразмоўцаў выснова, што з імпэрскіх вышыняў гэтага не відаць. Надта моцна дамінуе імпэрская энэргія ці карма. Гэтае мысьленьне замінае ім разабрацца. Трэба нейкая перазагрузка. Вось зараз такі момант, вы бачылі, што выходзяць людзі ў Беларусі, сотні тысяч, хочуць жыць асобна. Цяпер іншая краіна, якую вы лічыце сваёй, ваюе з вамі. Паспрабуйце разабрацца, што з гэтымі нацыямі, што гэта за загадкавыя супольнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG