Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларушчына ці дэмакратыя — што важнейшае?


Падчас пікету салідарнасьці ў Менску 19 чэрвеня 2020 году
Падчас пікету салідарнасьці ў Менску 19 чэрвеня 2020 году

Сьцісла:

  • Беларуская мова ў Беларусі застаецца адным з сымбаляў пратэсту.
  • Беларуская мова ў сучаснасьці можа разьвівацца толькі ва ўмовах дэмакратыі.
  • Беларуская мова сама па сабе ня ёсьць гарантам ад новай калянізацыі.
  • Толькі людзі з самасьвядомасьцю грамадзянаў, а не насельнікаў, могуць гарантаваць Беларусі незалежнасьць, дэмакратыю, а разам з тым і разьвіцьцё беларускай мовы.

Беларуская мова ў Беларусі можа быць сынонімам толькі дэмакратыі. Свабоды слова, правоў чалавека. Сынонімам свабоды, роўнасьці і братэрства/сястрынства. У адваротным выпадку — альбо музэйным экспанатам, альбо туркмэнскім варыянтам.

У Туркмэністане ня толькі ажыцьцявілі дэрусіфікацыю і дэкамунізацыю. Там наагул радыкальную дэкалянізацыю зрабілі. Згадак пра Расейскую імпэрыю, хоць царскую, хоць савецкую, проста няма. І ўсё паўсюль толькі туркмэнскай мовай. Проста мара нацыянальна арыентаванага беларуса. Гатовы прыклад для перайманьня. Але...

Але Туркмэністан у становішчы сваіх грамадзянаў апынуўся адной нагой у Паўночнай Карэі. Хіба што ў Паўночнай Карэі ідэалёгія чучхэ (асаблівы паўночнакарэйскі шлях) ёсьць фактычна рэлігіяй.

«Для мяне беларушчына — рэлігія», — кажуць некаторыя мае знаёмыя. Я ўспрымаў такія словы як гіпэрбалізаваную вобразнасьць. Але адносна нядаўна пачуў, што, маўляў, калі б Лукашэнка перайшоў на беларускую мову і заняўся падтрымкай усяго нацыянальнага, то яны — мае знаёмыя — Лукашэнку б падтрымалі.

Такі варыянт беларушчыны мне здаецца і гратэскным, і абсурдным, і страшнаватым. Але мне выказваюць жалезныя аргумэнты. Для адных — беларушчына перадусім, бо ляжыць у плоскасьці веры, а для іншых беларушчына ёсьць абярэгам ад магчымай новай расейскай калянізацыі.

Гэта вельмі распаўсюджаная памылка: «Усе загаворым па-беларуску — і зьнікне пагроза расейскай экспансіі».

Беларуская мова сама па сабе ня выратуе ад каляніяльных захадаў суседняй дзяржавы. Тая дзяржава можа чарговы раз праглынуць Беларусь: разам зь беларускай мовай, народнымі сьпевамі і «нацыяналістычнымі танцамі». У выпадку, калі ў Беларусі не будзе грамадзянаў. А будзе толькі супольнасьць жыхароў выключна са сваімі ўласнымі, а не супольнымі, інтарэсамі.

Таму між варыянтамі беларускамоўнага «Туркмэністану» і пагрозай вяртаньня Расейскай імпэрыі я выбіраю трэці варыянт: свабодная краіна свабодных грамадзянаў. Гэта значыць Грамадзянаў зь вялікай літары. Толькі грамадзяне здатныя абараніць сябе і сваю краіну.

Што сьпярша: беларуская мова ці дэмакратыя? На гэтую тэму за апошні час адбылася не адна баталія ў сацсетках і на форумах мэдыя. Мой адказ: ні так, ні гэтак. Толькі разам: беларуская мова і дэмакратыя адначасова. Бо гаворка пра паняцьці-сынонімы, прынамсі ў сучасным кантэксьце.

У сучаснай Беларусі разьвіцьцё беларускай мовы можа быць толькі ва ўмовах дэмакратыі. А беларуская мова застаецца адным з сымбаляў барацьбы за дэмакратыю.

Як і ў пэрыяд раньняга Лукашэнкі, цяпер людзі на акцыях пратэсту скандуюць: «Жыве Беларусь!»

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG