CNN: расейцы вучацца ў Іране эксплюатаваць бесьпілётнікі

Іранскі бесьпілётнік Shahed-129
Іранскі бесьпілётнік Shahed-129

Апошнімі тыднямі расейцы праходзяць у Іране курсы эксплюатацыі вырабленых там бесьпілётнікаў, паведамляе тэлекампанія CNN з спасылкай на амэрыканскага афіцыйнага прадстаўніка, які мае доступ да зьвестак выведкі.

На думку крыніцы CNN, гэтая інфармацыя ёсьць яшчэ адным сыгналам, які сьведчыць аб гатоўнасьці Масквы купляць бесьпілётнікі ў Ірану.

У ліпені CNN паведамляла аб наведваньні Ірану расейскай дэлегацыяй. Яна азнаёмілася з іранскімі бесьпілётнікамі Shahed-191 і Shahed-192, здольнымі несьці высокадакладныя ракеты.

Тады дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэк Салівэн заявіў, што, паводле амэрыканскіх зьвестак, Іран гатовы прадаць Расеі сотні бесьпілётнікаў для выкарыстаньня ў вайне супраць Украіны.

Бесьпілётнікі адыгрываюць важную ролю ў вайне ва Ўкраіне. Украіна пасьпяхова ўжывае турэцкія бесьпілётнікі «Байрактар» і амэрыканскія бесьпілётнікі для паветраных атак у той час, як Расея ўжывае свае «Арланы».

На гэты момант ЗША адмаўляюцца даць Украіне больш магутныя дроны «Gray Eagle», асьцерагаючыся, што ў Маскве гэта ўспрымуць як крок у кірунку эскаляцыі вайны.

​
XS
SM
MD
LG