Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Украіна і Расея выкарыстоўваюць бесьпілётнікі падчас вайны


Бесьпілётнік Bayraktar TB2
Бесьпілётнік Bayraktar TB2

У вайне ва Ўкраіне тысячы бесьпілётнікаў выкарыстоўваюцца для выяўленьня варожых пазыцый, запуску ракет і навядзеньня артылерыйскага агню.

Абодва бакі разгортваюць камэрцыйныя вайсковыя бесьпілётныя лятальныя апараты і дроны, піша ВВС. Асноўны вайсковы бесьпілётнік Украіны — «Байрактар» ТБ2 турэцкай вытворчасьці. Ён памерам зь невялікі самалёт, мае камэры на борце і можа быць узброены бомбамі з лазэрным навядзеньнем.

Украіна ўступіла ў вайну з флётам, маючы менш як 50 такіх бесьпілётнікаў, кажа Джэк Уотлінг з Каралеўскага інстытуту аб’яднаных службаў (RUSI). Паводле яго слоў, Расея ў асноўным выкарыстоўвае меншы, больш базавы «Арлан-10».

«Расея пачала вайну зь некалькімі тысячамі іх, а засталося, можа, некалькі сотняў», — кажа ён. Гэтыя бесьпілётнікі таксама маюць камэры і могуць запускаць ракеты.

Наколькі эфэктыўныя вайсковыя бесьпілётнікі?

З абодвух бакоў бесьпілётнікі найбольш эфэктыўна знаходзілі аб’екты праціўніка і вялі па іх артылерыйскі агонь.

«Расейскія войскі могуць навесьці сваю зброю на праціўніка праз 3–5 хвілін пасьля таго, як бесьпілётнік „Арлан-10“ выявіць цэль», — кажа доктар Уотлінг. Паводле яго слоў, бязь іх атака магла б заняць ад 20 да 30 хвілін.

Доктар Марціна Мірон, спэцыяліст па абаронных дасьледаваньнях з Каралеўскага каледжу Лёндану, кажа, што бесьпілётнікі дазволілі Ўкраіне павялічыць свае абмежаваныя сілы.

«Раней вам прыйшлося б адпраўляць падразьдзяленьні спэцназу для пошуку пазыцый праціўніка, і вы маглі страціць частку войскаў. Цяпер вы рызыкуеце толькі бесьпілётнікам».

У першыя некалькі тыдняў вайны ўкраінскія «Байрактары» атрымалі высокую ацэнку.

«Мы бачылі, як яны атакавалі такія цэлі, як склады боепрыпасаў, і згулялі сваю ролю ў патапленьні „Масквы“ (вайсковага карабля. — РС)», — кажа доктар Мірон.

Аднак многія «Байрактары» зьнішчылі расейскія сыстэмы СПА.

«Яны вялікія, адносна павольныя і лётаюць толькі на сярэдняй вышыні, таму іх лёгка зьбіць», — адзначае доктар Уотлінг.

Як выкарыстоўваюцца невайсковыя дроны?

Вайсковыя бесьпілётнікі вельмі дарагія — адзін Bayraktar TB2 каштуе каля 2 мільёнаў даляраў. Такім чынам, абодва бакі, асабліва Украіна, зьвяртаюцца да невялікіх камэрцыйных мадэляў, такіх як DJI Mavic 3, які каштуе каля 2000 даляраў. Па дадзеных аднаго з украінскіх вытворцаў бесьпілётнікаў, узброеныя сілы краіны маюць 6000 дронаў, але пацьвердзіць гэта нельга.

Камэрцыйныя дроны могуць быць абсталяваныя невялікімі бомбамі, аднак у асноўным яны выкарыстоўваюцца для выяўленьня варожых войскаў.

«Украіна ня мае такой колькасьці боепрыпасаў, як Расея, — кажа доктар Мірон. — Мець „вочы ў небе“ для ідэнтыфікацыі цэляў і вядзеньня артылерыйскага агню азначае для іх, што яны могуць лепш выкарыстоўваць тое, што маюць».

Аднак камэрцыйныя дроны значна менш магутныя, чым вайсковыя. DJI Mavic мае радыюс дзеяньня ўсяго 30 км і можа лятаць толькі 46 хвілін. Меншыя і таньнейшыя бесьпілётнікі лётаюць яшчэ менш часу і пераадольваюць меншыя адлегласьці.

Як кожны з бакоў абараняецца ад дронаў?

Расея выкарыстоўвае радарную абарону ад вайсковых бесьпілётнікаў і электронныя прылады ад камэрцыйных, кажа доктар Мірон.

«Расейскія войскі маюць вінтоўку Stupor, якая страляе электрамагнітнымі імпульсамі», — кажа яна. Гэта пазбаўляе камэрцыйныя дроны магчымасьці навігацыі з дапамогай GPS. Расейскія вайскоўцы таксама выкарыстоўвалі онлайн-сыстэмы, такія як Aeroscope, для выяўленьня і парушэньня сувязі паміж камэрцыйнымі бесьпілётнікамі і іх апэратарамі.

Яны могуць прывесьці да падзеньня бесьпілётніка або вяртаньня на базу, а таксама перашкодзіць яму адпраўляць інфармацыю. У сярэднім украінскі дрон працуе каля тыдня, гаворыцца ў паведамленьні «Русі».

Хто пастаўляе дроны?

Паводле зьвестак Белага дому, цяпер Расея закупляе ў Ірана вайсковыя бесьпілётнікі Shahid. Паўстанцкія сілы хусітаў у Емэне выкарыстоўвалі іх для нападаў на цэлі ў Саудаўскай Арабіі і ААЭ.

Іран можа перадаць Расеі сотні бесьпілётнікаў, папярэджваюць ЗША. Самі ЗША пастаўляюць Украіне каля 700 вайсковых бесьпілётнікаў «камікадзэ» Switchblade. Яны загружаныя выбухоўкай і рухаюцца па паветры, пакуль ня знойдуць цэль.

Кампанія SpaceX Ілана Маска дала Ўкраіне магчымасьць карыстацца сваёй сыстэмай спадарожнікавай сувязі Starlink. Гэта дае бясьпечную сувязь паміж камэрцыйнымі бесьпілётнікамі і апэратарамі.

Кампанія DJI спыніла пастаўкі бесьпілётнікаў у Расею і Ўкраіну.

Як Украіна плаціць за дроны?

Украіна пачала збор сродкаў на закуп 200 вайсковых бесьпілётнікаў.

«Акрамя вялікіх бесьпілётных лятальных апаратаў, такіх як TB2, яны таксама разглядаюць невялікія бесьпілётныя лятальныя апараты зь нерухомым крылом», — кажа Ўотлінг.

Гурт Kalush Oechestra, які стаў пераможцам сёлетняга конкурсу песьні «Эўравізія», прадаў сваю ўзнагароду за 900 тысяч даляраў і накіраваў гэтыя грошы на набыцьцё ўкраінскіх бесьпілётнікаў ПД-2.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG