Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта было паўставаць у 2020-м? Дыскусія аналітыкаў


Валер Карбалевіч і Андрэй Казакевіч, каляж
Валер Карбалевіч і Андрэй Казакевіч, каляж

Хто быў арганізатарам рэвалюцыйных падзеяў 2020 году? Ці вырашылі тыя падзеі спрэчку пра перавагі мірнага і нямірнага пратэсту? Ці было б непазьбежным расейскае ўварваньне, калі б рэвалюцыя перамагла?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра», доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Сьцісла

Казакевіч

  • Тыя ці іншыя суб’екты ў 2020 годзе так ці інакш сталі б каналамі выкіду нэгатыўнай энэргіі, якая назапасілася ў грамадзтве.
  • Роля грамадзянскай супольнасьці ў падзеях 2020 году не была вырашальнай і нават значнай.
  • Дзьмітрыева, Канапацкую, Чэрачня тады не падтрымалі таму, што грамадзтва хацела рэвалюцыйнага парадку дня.
  • У 2020 годзе ўлады сьвядома ўзялі курс на канфлікт.
  • Ніякіх магчымасьцяў сілавога супрацьстаяньня ў 2020 годзе не было, грамадзтва да гэтага было негатовае.
  • У 2020 годзе Расея гуляла зь беларускім пратэстам.

Карбалевіч

  • Калі зараз гучаць папрокі наконт таго, што ня варта было падымацца, то на адрас каго гэтыя папрокі?
  • Калі пратэсты пачаліся, тытульная апазыцыя апынулася ўбаку.
  • Калі зьмены насьпелі, яны ні ў кога не пытаюцца, каб прыйсьці.
  • Праблемай 2020 году быў не характар пратэсту, а адсутнасьць выразнага лідэрства, кіраўніцтва.
  • Былі недзе 10 дзён пасьля 9 жніўня, калі Крэмль вагаўся, каго падтрымаць у Беларусі.

— Спаўняецца два гады з прэзыдэнцкіх выбараў. Чым далей тыя падзеі сыходзяць у мінулае, тым глыбей мы ўсьведамляем іх сэнс і значэньне. Ці варта было тады паўставаць? Цяпер мы ведаем, што было потым і адбываецца дагэтуль. Але і тады такія розныя людзі, як Яўген Прэйгерман і Зянон Пазьняк, казалі, што ня трэба, што гэта вельмі кепска скончыцца. Яны ня мелі рацыі?

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Казакевіч: Гэта гісторыя і гэта палітыка, мы ня ведаем, што было б, калі б людзі не падняліся. І ня факт, што было б лепш. Закручваньне гаек тады пачалося раней — пасьля пратэстаў 2017 году, хоць і не ў такім масавым маштабе.

Большасьць тых, хто тады падняўся, ня ведалі, хто такі Прэйгерман, дый пра Пазьняка таксама ведалі цьмяна. Ня варта перабольшваць ролю грамадзянскай і аналітычнай супольнасьці ў працэсах 2020 году.

Было вельмі моцнае напружаньне ў грамадзтве. І тыя ці іншыя субʼекты ўсё роўна сталі б каналамі выкіду нэгатыўнай энэргіі. Гэтая энэргія назапашвалася на працягу дзесяцігодзьдзя стагнацыі.

Яшчэ адна загадка 2020 году — тое, што ўлады не вялі пазытыўную выбарчую кампанію. Гэта ўсё і прывяло да палітычнага крызісу.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Любая рэвалюцыя — гэта выбух калектыўнага падсьвядомага. Калі зараз гучаць папрокі наконт таго, што ня варта было падымацца, то на адрас каго гэтыя папрокі?

Прэйгерман у красавіку 2020 году пісаў ліст наконт прымірэньня і ён быў адрасаваны тытульнай апазыцыі. Але калі пачаліся пратэсты, гэтая тытульная апазыцыя аказалася ўбаку. Пасьля правалу праймэрыз апазыцыя зьбіралася байкатаваць прэзыдэнцкія выбары.

У грамадзтва тады не было кіраўнікоў, або яны па ходу працэсу мяняліся і зьяўляліся іншыя. Калі зьмены насьпелі, яны ні ў кога не пытаюцца, каб прыйсьці.

Ня сталыя структуры грамадзянскай супольнасьці былі тады рухавікамі пратэстаў. Падчас пратэстаў зьявілася новая інфраструктура грамадзянскай супольнасьці ў выглядзе чатаў і дваровых супольнасьцяў.

— Як, кім кіраваўся пратэст 2020 году? У 2006 і 2010 гадах палітычныя лідэры заклікалі людзей на Плошчу і кіравалі ёю. А хто кіраваў шматмесячнымі пратэстамі ў 2020 годзе? Ціханоўская і Бабарыка да іх нават не заклікалі.

Казакевіч: Была вялікая нэгатыўная энэргія. Часам яна выплюхвалася праз арганізаваныя структуры — праз штабы кандыдатаў у прэзыдэнты, праз традыцыйныя мэдыя. Але тады зьяўляліся і новыя каналы камунікацыі і ўзаемадзеяньня — тыя ж тэлеграм-каналы.

Тады палітызавалася і грамадзянская супольнасьць, і бізнэс. Але гэта не выглядала як кіраваны працэс.

Тады рабілася відэа, ставілася ў Тэлеграм і набірала сотні тысячаў праглядаў. Калі нават тыя самыя людзі спрабавалі гэта рабіць у 2021 годзе, гэта ўжо не працавала.

А ў 2020 годзе хацелі крытыкі. І ня слухалі галасоў, якія заклікалі да асьцярожнасьці і памяркоўнасьці. Ня трэба забываць, што акрамя Ціханоўскай былі ж і іншыя альтэрнатыўныя кандыдаты — Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачань.

Але яны выціскаліся з інфармацыйнай прасторы, бо не давалі рэвалюцыйнага парадку дня.

Некаторыя прамовы Дзьмітрыева былі лепш структураваныя, чым прамовы Ціханоўскай. Але грамадзтва ўспрымала яе, а не яго.

Людзі хацелі паказаць, што яны супраць.

Што тычыцца грамадзянскай супольнасьці, то калі ня большая, дык ладная яе частка ў пратэстах ня ўдзельнічала. Яны хутчэй падзялялі занепакоенасьць Пазьняка і Прэйгермана. Хаця ў 2021 годзе яны былі пакараныя. І не за ўдзел у пратэстах ці за датычнасьць да яго, а таму што былі зьвязаныя з Захадам.

Калі гучалі заклікі да паразуменьня, то не гучалі галасы за гэта з боку ўлады. Улады сьвядома ўзялі курс на канфлікт з пачатку выбарчай кампаніі.

Большую частку сваёй палітычнай карʼеры Лукашэнка быў папулістам. У 2020 годзе ён вырашыў стаць крыжаком сваіх каштоўнасьцяў.

— Пратэсты 2020 году былі падкрэсьлена мірныя. Сталі мэмам беларусы, якія падчас пратэстаў здымаюць абутак, каб стаць на лаўку. Пратэсты 2020 году, як і ўсе папярэднія, праходзілі пад лёзунгам — толькі мірна. Многія падчас пратэстаў слухалі стрымы Максіма Каца, які абгрунтоўваў менавіта такую форму. Зараз адбываецца працэс Фядуты-Зянковіча-Кастусёва. Гэта была спроба дзейнічаць інакш. Але вялікага плёну не прынесла і яна. Дык якія высновы з падзеяў 2020 году — як трэба дзейнічаць?

Казакевіч: Мэтады павінны быць адэкватныя сытуацыі. Ніякіх магчымасьцяў сілавога супрацьстаяньня ў Беларусі ў 2020 годзе не было. Грамадзтва было да гэтага не гатовае, гэта не адпавядала настрою, адчуваньням большасьці людзей, якія выходзілі на вуліцы.

Для арганізацыі сілавых дзеяньняў павінны быць адпаведныя структуры.

У 2020 годзе людзі прынамсі мусілі паспрабаваць мірны пратэст.

Карбалевіч: Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году, калі на Кастрычніцкай зьявілася намётавае мястэчка, многія папракалі Мілінкевіча і Казуліна ў нерашучасьці. Чаму яны не накіравалі натоўп на рашучыя дзеяньні, а павялі ўскладаць кветкі да помніка Перамогі.

І пяць гадоў потым Мілінкевіча за нерашучасьць папракалі. У 2010 годзе вырашылі «памылку» выправіць. Паламалі дзьверы ў Доме ўраду. У выніку быў велізарны пагром апазыцыйных структураў і дзясяткі палітвязьняў.

Цяпер гісторыя паўтараецца. Ізноў папрокі, што ў 2020 годзе дзейнічалі нерашуча, не ішлі на штурм. Таму давайце цяпер ствараць беларускае вызвольнае войска, вызвольны рух, давайце рыхтавацца да збройнага паўстаньня.

Праблемай 2020 году быў не характар пратэсту, а адсутнасьць выразнага лідэрства, кіраўніцтва.

— У разгар пратэстаў Уладзімір Пуцін абвясьціў, што стварае сілавую паліцэйскую рэзэрву на выпадак, калі ў Беларусі пратэсты ператворацца ў забурэньні. Сёлета былі абнародаваныя дакумэнты, паводле якіх расейцы ў 2020 годзе рыхтавалі нават узброеныя сілы для ўмяшаньня ў беларускі палітычны крызіс пры пэўных абставінах. Ну, і ў 2022 годзе мы бачым, на што здольная Расея. Калі б у 2020 годзе беларуская рэвалюцыя пачала б перамагаць — ці быў бы непазьбежным расейскі вайсковы напад на Беларусь?

Карбалевіч: У 2020 годзе Расея давала Беларусі невялікі шанец. Гэта былі 10 дзён пасьля 9 жніўня, калі Крэмль вагаўся, калі расейскія афіцыйныя СМІ даволі адэкватна ацэньвалі сытуацыю ў Беларусі.

Гэта было ў пэўнай ступені паўтарэньне армянскага кейсу 2018 году, калі Пашыньян прыйшоў да ўлады празь мірныя пратэсты, падчас якіх ня ставілася пытаньне пра геапалітычны разварот. У Беларусі ў 2020 годзе гэтае пытаньне таксама ня ставілася.

Быў шанец на посьпех, які не прывёў бы да расейскага ўмяшаньня. Пуцін казаў, што Расея можа ўмяшацца, калі ў Беларусі будзе адбывацца сілавы варыянт. Гэтак жа яна ўмяшалася ў падзеі ў Казахстане на пачатку гэтага году.

Тое, што беларускія пратэсты ў 2020 годзе былі мірнымі, прадухіліла расейскае ўмяшаньне.

Казакевіч: У 2020 годзе Расея гуляла зь беларускім пратэстам. Там не было ўспрыняцьця беларускага пратэсту як пагрозы расейскім інтарэсам. Так было прынамсі да пэўнага моманту, а можа і наагул.

Зімой-вясной 2020 году стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй, паміж Лукашэнкам і Пуціным былі далёка не ідэальныя. Расею беларускія ўлады тады разглядалі як пагрозу, было шмат выказваньняў наконт гэтага.

А пра Захад тады практычна нічога кепскага не гаварылася.

Я згодны з Валерам, што ключавымі былі некалькі дзён пасьля выбараў, пасьля 9 жніўня. Расея тады магла падтрымаць розныя сцэнары. Яна, зразумела, патрабавала б ад сілы, якая пераможа, пэўных гарантыяў забесьпячэньня сваіх інтарэсаў. Але адразу пасьля выбараў яна не падтрымлівала адназначна Лукашэнку.

Былі кансультацыі зь беларускімі ўладамі. Пратэст у першыя дні ня здолеў перамагчы. У выніку Масква зрабіла стаўку на Лукашэнку.

Менавіта тады ён пачаў казаць, што пратэсты арганізаваў Захад. І пачаў адпрацоўваць расейскі парадак дня. Тады зьявіўся дэсант расейскіх прапагандыстаў на беларускім тэлебачаньні.

Гэтая адпрацоўка расейскага парадку дня пачалася на розных узроўнях — ад гістарычнай палітыкі да міжнароднай. Але яшчэ ўсю восень 2020 году Крэмль спрабаваў гуляць з пратэставымі настроямі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG