Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто стаіць на чале беларускіх пратэстаў і ці можна мірна перамагчы аўтарытарызм. Дыскусія экспэртаў


Якой канстытуцыйнай рэформы хоча Лукашэнка? Ці можа мірная рэвалюцыя перамагчы кансалідаваны аўтарытарызм? Хто стаіць на чале беларускіх пратэстаў? Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Сьцісла

Дракахруст:

  • Лукашэнка падчас перамоваў з Пуціным у Сочы паўтарыў, што мае намер правесьці канстытуцыйную рэформу. Але, вярнуўшыся з Сочы, на жаночым форуме Лукашэнка сказаў, што прэзыдэнцкія выбары адбудуцца па Канстытуцыі. Можа па новай, якая пачне новы адлік ад датэрміновых выбараў, а можа і па цяперашняй, паводле якой прэзыдэнцкія выбары — у 2025 годзе.
  • Шэраг аўтараў у Беларусі і за яе межамі даволі скептычна выказваюцца наконт пэрспэктываў беларускай рэвалюцыі. На іх думку, беларускі досьвед паказвае, што мірная, негвалтоўная рэвалюцыя ня ў стане зрынуць кансалідаваны аўтарытарызм, які не вагаючыся ўжывае сілу ў велізарных маштабах. Гэта і Ўладзімір Пастухоў, аўтар нашумелага артыкула ў «Новой газете», і расейскі блогер і журналіст Аркадзь Бабчанка, і шматлікія ўкраінскія публіцысты.
  • Досьвед саміх украінцаў даволі разнастайны. Майдан 2013–2014 гадоў сапраўды не назавеш негвалтоўным. Але першы, «аранжавы» Майдан быў цалкам мірны. Да таго ж, выглядае, што беларусаў ад больш рашучых дзеяньняў стрымліваюць два фактары. Першы — разуменьне, што Лукашэнка ня будзе вагацца ўжыць зброю ў значна большых памерах, чым дагэтуль. Ён нездарма яшчэ падчас выбарчай кампаніі казаў пра Андыжан. І другі — адчуваньне, што ў выпадку гвалтоўных сутыкненьняў у Беларусь прыйдуць войскі Пуціна.
  • Хто кіруе беларускім пратэстам? Сам народ і кіруе — усё ж прыгожая мэтафара. Калі казаць пра досьвед украінскага Майдану-2004, то там Юшчанка і Цімашэнка былі і сымбалямі, і лідэрамі, і практычнымі арганізатарамі. У беларускай рэвалюцыі, здаецца, гэтыя ролі разьведзеныя.

Навумчык:

  • Магчыма, Лукашэнка і абяцаў Пуціну сысьці праз два гады, але цяпер, я перакананы, ён разьлічвае на поўны тэрмін — на пяць гадоў.
  • Калі некаторыя ўкраінскія калегі крытыкуюць мірныя пратэсты і прыводзяць у прыклад уласны вопыт сілавых дзеяньняў, зь якімі яны дасягнулі перамогі, дык хтосьці можа ў іх спытацца: «А што вы называеце перамогай? Страту Крыму і, фактычна, Данбасу? Разгарніце любы падручнік па гісторыі, там страта тэрыторыяў завецца паразай, і ніяк іначай». — «Магчыма, і так, — адкажуць украінцы, — але ж за час тых падзеяў нацыя зьядналася, праніклася ўсьведамленьнем каштоўнасьці незалежнасьці». Дык і вынік апошніх двух месяцаў у Беларусі — зьяднанасьць нацыі. І цяпер правесьці аншлюс Крамлю было б нашмат складаней, чым паўгода таму.
  • Тое, што пратэсты ня маюць нейкага лідэра, які б вызначаў адзіную стратэгію і тактыку, на мой погляд, неістотна ў параўнаньні з тым, што сотні тысяч няспынна выходзяць на вуліцы. БТ можа і далей казаць, што гэта «далёка ня ўвесь народ», але заходнія лідэры цудоўна ведаюць: калі 50 дзён запар такая колькасьць людзей пратэстуе супраць улады не па сацыяльных пытаньнях (як «жоўтыя камізэлькі» ў Францыі), а з мэтай адправіць гэтую ўладу ў адстаўку, значыць, гэтая ўлада ня мае народнай падтрымкі.
  • У калёнах пратэстоўцаў ёсьць ня толькі аматары Бадлера і Шапэнгаўэра, але і хлопцы з досьведам дваровых боек, боек «раён на раён», урэшце, спартоўцы — чэмпіёны ў байцоўскіх відах, і яны, не сумняюся, маглі б наваляць АМАПаўцам па самае не магу. Але што было б вынікам? Што ўвогуле будзе вынікам эскаляцыі гвалту з боку пратэстоўцаў? Нам ня трэба будаваць вэрсіі, адказ загадзя даў Пуцін: ён увядзе войскі. Для Пуціна, як ён сам заявіў, дастаткова будзе нават перакуленых аўтамабіляў. Таму людзі, якія выходзяць на вуліцы, выяўляюць найвышэйшую ступень адказнасьці.
  • Сваім мірным пратэстам людзі на вуліцах зрабілі галоўнае: дэлегітымізавалі Лукашэнку. Цяпер ён можа падпісваць аб’яднаньне хоць з Конга, хоць з Гвадэлупай, хоць з Альфай Цэнтаўра — гэта ня будзе прызнана сусьветнай супольнасьцю.
  • Можна (і трэба) выказваць крытыку ў бок Каардынацыйнай Рады, але варта разумець, што частка яе кіраўніцтва за кратамі, а другая частка вымушана быць за мяжой. Улада паводзіць сябе рэпрэсіўным чынам, нейкая эфэктыўная дзейнасьць у такіх умовах немагчымая.
  • Што да Сьвятланы Ціханоўскай, я ўжо прыводзіў гэтую паралель: калі Рада БНР зьяўляецца легітымным прадстаўніком права беларускага народу на незалежнасьць, дык Ціханоўская сымбалізуе нязгоду беларускага народу з фальсыфікацыямі і масавым гвалтам, прагу народу да пераменаў. І ў кантактах з заходнімі палітыкамі яна, наколькі магу меркаваць, выконвае гэтую місію добра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG