У аглядзе праваабарончых арганізацыяй Lawtrend і ОЕЕС робяць выснову, што «практыка рэпрэсій у Беларусі не спыняецца». Толькі за ліпень колькасьць прымусова зьліквідаваных некамэрцыйных арганізацый павялічылася на 72. Агулам прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі 343 арганізацый (+17). Як і раней, адзначылі праваабаронцы, «рашэньне аб самаліквідацыі прымаецца перш за ўсё з прычыны неспрыяльнага прававога асяродзьдзя, агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, а таксама часта пад ціскам уладаў».
У ліпені суды разгледзелі пазовы аб прымусовай ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў Рэабілітацыйна-гарналыжны клюб «Баяры», Спартовы клюб «Крок Перамогі», Інжынэрны клюб тэхнічных інавацый «Аўтасправа», «Асацыяцыя шматдзетных бацькоў Кастрычніцкага раёну», фізкультурна-аздараўленчы клюб «Гомельскія маржы» і інш.
На пазовы генэральнага пракурора Вярхоўны суд вынес рашэньні аб спыненьні дзейнасьці ўсіх незалежных прафсаюзаў, якія існавалі ў краіне.
Працягваецца ціск на актывістаў грамадзянскай супольнасьці, гаворыцца ў аглядзе. У сьледчым ізалятары па-ранейшаму знаходзяцца старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго намесьнік і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст арганізацыі ўладзімір Лабковіч.
Турэмныя тэрміны працягваюць адбываць старшыня гомельскай суполкі «Вясны» Леанід Судаленка і валянтэрка Тацяна Ласіца.
Трэці месяц працягваецца закрыты суд над каардынатарам валянтэрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай і валянтэрам Андрэем Чапюком, а таксама палітвязьнямі актывістамі анархісцкага руху.
У месцах пазбаўленьня волі знаходзіцца ня менш за 10 лідэраў і актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў. Працягваецца ціск на прадстаўнікоў рэлігійных арганізацыяў, палітычных партыяў, новых ініцыятываў.