Горадзенскі абласны суд пастанавіў зьліквідаваць арганізацыю «Устойлівае разьвіцьцё вёскі». Прычынай называюцца парушэньні дакумэнтацыі, але старшыня арганізацыі Юлія Вінакурава называе іх «прыдзіркамі з разраду „за шрыфты“», піша Hrodna.Life.
У сьнежні 2021 году ў арганізацыі запыталі дакумэнты на праверку, па выніках якой ва Ўпраўленьня юстыцыі паўстала некалькі прэтэнзій:
- у суправаджальным лісьце 14 студзеня 2022 году ўказана, што гадавыя пляны дзейнасьці адсутнічаюць, у той жа час з пратаколаў пасяджэньня Рады вынікае, што пляны мерапрыемстваў на 2021 і 2022 гады былі зацьверджаныя;
- у матэрыялах справы няма апавяшчэньня аб пасяджэньні вышэйшага органу аб’яднаньня;
- грамадзкія аб’яднаньні штогод да 1 сакавіка павінны даць справаздачу аб працягу сваёй дзейнасьці; арганізацыя падала інфармацыю 28 лютага 2022 году, але там пазначаныя толькі зьвесткі аб мерапрыемствах 2021 году, бязь зьместу і мэтаў гэтых мерапрыемстваў — з пункту гледжаньня Ўпраўленьня юстыцыі, грамадзкае аб’яднаньне падало інфармацыю ня ў поўным аб’ёме.
Годам раней аб’яднаньню вынесьлі папярэджаньне: парушэньнем палічылі адсутнасьць зьвестак аб паступленьні і выдаткоўваньні грошай і іншай маёмасьці ў інфармацыі за 2020 год, таксама ў сьпісах сяброў выбарных органаў не была ўказаная дата выбраньня кожнага зь іх.
Юлія Вінакурава сьцьвярджае, што ліст аб правядзеньні сходу ўладам даслалі — ва ўнутранай дакумэнтацыі ён ёсьць.
«Гэта прыдзіркі з разраду «за шрыфты». Можна было сказаць, што «шрыфты ня тыя» і «вы не да канца раскрылі тэму», — кажа Юлія Вінакурава Hrodna.life.
Яна адзначае, што палітыкай арганізацыя не займалася і якіх-небудзь лістоў супраць гвалту не падпісвала.
«Па мне, гэта прафіляктыка. Закрыць усіх, пакінуць толькі прадзяржаўныя [арганізацыі]».
З 9 траўня Юлія перастала быць старшынёй арганізацыі. 13 сяброў арганізацыі выйшлі зь яе.
«Таму, хто будзе займацца ліквідацыяй, я не ў курсе. Хай самі думаюць, хто будзе яе ліквідоўваць, каго прызначыць», — кажа яна.
Пра арганізацыю «Устойлівае разьвіцьцё вёскі»
Сацыяльна-інфармацыйнае грамадзкае аб’яднаньне «Устойлівае разьвіцьцё вёскі» зарэгістравана ў 2017 годзе ў вёсцы Чухны Смаргонскага раёну. Іх мэтай было дапамагаць у разьвіцьці асабістых падсобных гаспадарак і ў стварэньні працоўных месцаў у сельскай мясцовасьці. У арганізацыі хацелі паказаць, як жыць экалягічна і бяз шкоды наступным пакаленьням, растлумачыць, што такая арганічная сельская гаспадарка, улічваць інклюзію і роўнасьць. Таксама ў плянах было захаваць старыя віды культурных расьлін і жывёлаў, расказваць іншым, як гэта рабіць і навошта.
У аб’яднаньні «Ўстойлівае разьвіцьцё вёскі» на 1 студзеня 2022 году было 13 чалавек. Да пандэміі арганізацыя здымала навучальныя ролікі ў Youtube пра арганічную сельскую гаспадарку, таксама зрабіла Telegram-канал «Органическое сельское хозяйство и климат».
За парушэньні статуту і вядзеньня дакумэнтацыі вясной 2022 году ў Горадзенскай вобласьці зьліквідавалі яшчэ дзьве арганізацыі — грамадзкае аб’яднаньне «Краязнаўчае таварыства — Коматава» і Абласны спартова-патрыятычны клюб «Честь Родины». У стадыі ліквідацыі таксама знаходзіцца Горадзенскае абласное грамадзкае аб’яднаньне былых малалетніх вязьняў фашысцкіх канцлягераў.
Паводле зьвестак маніторынгавай групы Lawtrend, на пачатак 2022 году колькасьць прымусова зьліквідаваных некамэрцыйных арганізацый дасягнула 344, яшчэ 208 НДА прынялі рашэньне аб самаліквідацыі. На цяперашні момант у сьпісе Lawtrend недзяржаўных арганізацый Беларусі, якія трапілі пад ліквідацыю, 450 арганізацый.