Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 1 жніўня: 2 гады калёніі за фота расейскай вайсковай тэхнікі; яшчэ адзін прысуд у «справе Зельцара»


Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота
Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

27 ліпеня пасьля 10 дзён арышту на волю павінен быў выйсьці жыхар Ліды Валер Тумілевіч, паведамляе тэлеграм-канал MAYDAY.

Валер — сірата. Яго затрымалі пасьля вяртаньня з Польшчы ў сярэдзіне ліпеня.

Стала вядома, што Валеру выставілі абвінавачаньне паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).

2 гады калёніі за фота расейскай вайсковай тэхнікі

Гомельскі абласны суд 1 жніўня вынес прыгавор 30-гадоваму IT-спэцыялісту Андрэю Уткіну, паведамляе «Вясна». Яго вінавацілі ў перадачы фота расейскай тэхнікі тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн», што было кваліфікавана па ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу — «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Справу разглядаў судзьдзя Руслан Царук.

На праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што мужчына сфатаграфаваў калёну расейскай вайсковай тэхнікі, а менавіта — вайсковыя «КАМАЗы» зь літарай V, і адправіў фота ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».

Яшчэ адзін прысуд у «Справе Зельцара»

Суд прыгаварыў жыхара Бярозы Віктара Хлябца да 1,5 гадоў калёніі за «абразу прадстаўніка ўлады» – ён пакінуў у закрытым чаце камэнтар аб перастрэлцы паміж Андрэем Зельцарам і супрацоўнікам КДБ восеньню мінулага году.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Віктара Хлябца судзілі паводле артыкулу 369 КК (Зьнявага прадстаўніка ўлады). Справу разглядала Натальля Вакульчык.

Хлябца абвінавацілі ў тым, што ў закрытым Telegram-чаце ён пакінуў камэнтар пад відэа, на якім зафіксаваны момант перастрэлкі паміж Зельцарам і супрацоўнікамі КДБ. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, камэнтар «супярэчыць агульначалавечай маралі, усталяваным правілам зносінаў паміж людзьмі, утрымлівае выказваньні, выразы ў непрыстойнай форме, абражае гонар і годнасьць».

Затрыманую былую выкладчыцу БНТУ Сьняжану Рогач аштрафавалі

Магістарку гісторыі, былую выкладчыцу Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Сьняжану Рогач вызвалілі пасьля суду, паведамляе BPN. Ёй прысудзілі штраф за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам праваахоўных органаў», памер штрафу не паведамляецца.

Рогач затрымалі 29 ліпеня.

На 35 сутак арышту асудзілі полацкага актывіста Сержука Хвасьцёнка

На 35 сутак арышту асудзілі полацкага гарадзкога каардынатара руху «За свабоду» Сержука Хвасьцёнка, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Падрабязнасьці судовага працэсу высьвятляюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG