Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяць непалітычных дасягненьняў Аляксандра Мілінкевіча. Сёньня ён адзначае 75 гадоў


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

25 ліпеня спаўняецца 75 гадоў грамадзкаму дзеячу, навукоўцу і палітыку Аляксандру Мілінкевічу. Агульнанацыянальную і міжнародную вядомасьць яму прынёс удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Але найбольш значны ўклад у гісторыю Беларусі Мілінкевіч зрабіў па-за палітыкай.

Мілінкевіч паходзіць з горадзенскай настаўніцкай сям’і. Яго бацькі да ІІ сусьветнай вайны жылі ў Варшаве, працавалі ў дзіцячым доме пад кіраўніцтва вядомага польскага пэдагога Януша Корчака (ён добраахвотна пайшоў у газавую камэру разам са сваімі выхаванцамі, габрэйскімі сіротамі, і загінуў разам зь імі. — РС). Пасьля вайны бацькі Мілінкевіча сталі жыць у роднай Горадні, дзе ў іх і нарадзіўся сын.

Там жа Мілінкевіч скончыў фізыка-матэматычны факультэт Горадзенскага пэдагагічнага інстытуту. Працаваў настаўнікам у школе, выкладаў у інстытуце. У 1990 годзе заняў пасаду намесьніка старшыні Горадзенскага гарвыканкаму. Шэсьць гадоў ён займаўся пытаньнямі адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, СМІ, рэлігіі, міжнародных зносін і аховы гістарычнай спадчыны. Калегі і сябры Мілінкевіча расказалі Свабодзе пра ягоныя дасягненьні, якія заслугоўваюць увайсьці ў гісторыю Беларусі.

Пры ім Горадня найхутчэй сярод іншых гарадоў Беларусі вярнула вернікам сьвятыні

У пачатку 90-х Аляксандар Мілінкевіч працаваў у мэрыі Горадні і займаўся пытаньнямі культуры, адукацыі, рэлігіі. Тады ў горадзе адбывалася актыўная перадача рэлігійных аб’ектаў вернікам. Ня толькі каталіцкіх касьцёлаў і праваслаўных цэркваў. Лютэранам вярнуліся горадзенскую кірху, хаця саміх лютэранаў у Горадні было ня больш за 50 чалавек. Вернікам перадалі і Вялікую сынагогу.

Менавіта пры Мілінкевічу ў Горадні адкрылі першую ў Беларусі каталіцкую сэмінарыю, і ён актыўна займаўся гэтым пытаньнем.

Спрыяў дзеячам культуры і шматкультурнасьці Горадні

Пры ўдзеле Мілінкевіча ўлады гораду прынялі рашэньне, што ўсе памяшканьні ў цэнтры Горадні, якія вызваляюцца, перадаюцца не пад камэрцыйныя мэты, а (па сымбалічных цэнах) дзеячам культуры, мастакам.

У 90-я група грамадзкіх арганізацый Горадні хацела зладзіць фэст, які б падкрэсьліваў культурніцкую разнастайнасьць гораду. Мілінкевіч іх падтрымаў. Так запачаткавалася імпрэза, якая пазьней стала Фэстывалем нацыянальных культур, што праводзіцца цяпер штогод. Таксама пры актыўным удзеле Мілінкевіча ў другой палове 90-х у Горадні запачаткавалі музычны фэст «Рок-губэрталіі». Як успамінаў колішні старшыня Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін, без дапамогі Мілінкевіча не ўдалося б адкрыць польскую школу ў Горадні.

Да заслуг Мілінкевіча ў тыя гады можна дадаць пошук гарадоў-пабрацімаў. Дзякуючы яго актыўнай працы пабрацімамі Горадні сталі францускі Лімож, нямецкі Міндэн і польскі Беласток.

Вяртаў спрадвечныя назвы гарадзкім вуліцам і займаўся аднаўленьнем Каложы

У працэсе вяртаньня горадзенскім вуліцам гістарычных назваў Мілінкевіч адыграў ключавую ролю. Менавіта ён узначальваў тапанімічную камісію Горадні. Напрыклад, пры ягоным удзеле вярнулі свае справедчныя назвы плошча Тызэнгаўза, вуліцы Стэфана Баторыя, Давыда Гарадзенскага і інш. Згаданая камісія прыняла нават рашэньне аб немэтазгоднасьці знаходжаньня на цэнтральнай плошчы горада помніка Леніну. Але ўжо сам гарвыканкам пабаяўся зьнесьці помнік бальшавіцкаму правадыру.

Пры лабіяваньні Мілінкевіча, мэрыі Ліможа, некалькіх уплывовых францускіх рэстаўратараў і рэстаўрацыйных фірмаў, UNESCO выдаткавала сродкі на аднаўленьне Калоскай царквы. Ужо быў створаны і праект рэстаўрацыі. Але рэалізацыі гэтага праекту перашкодзіў прыход да ўлады Лукашэнкі.

Беларусізацыя адукацыі

Аляксандар Мілінкевіч асабіста хадзіў па школах і садках, каб пераконваць бацькоў пераводзіць дзяцей на беларускую мову навучаньня. Але Мілінкевіч заўсёды падкрэсьліваў, што ўсе ягоныя дасягненьні на пасадзе мэра ня мелі б шанцу рэалізавацца без падтрымкі мэра Сямёна Домаша.

Знайшоў пахаваньне апошняга караля Рэчы Паспалітай

У 1987 годзе Мілінкевіч правёў раскопкі каралеўскай капліцы ў воўчынскім касьцёле і выявіў парэшткі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Для палякаў ён апошні кароль, для беларусаў — апошні вялікі князь старажытнай беларуска-літоўскай дзяржавы. У раскопках бралі ўдзел археоляг Міхась Ткачоў, мастак-рэстаўратар Уладзімір Кіслы і старэйшы сын Мілінкевіча Аляксандар. Удалося знайсьці дэталі дубовых трунаў, фрагмэнты вопраткі, абутку, каранацыйнай мантыі з каралеўскімі гербамі: шыты срэбрам і золатам арол са знакам цяльца ў цэнтры. Але не ўдалося знайсьці касьцей нябожчыка. Знаходкі перадалі ў Польшчу. У 1995 годзе рэшткі каралеўскага пахаваньня былі ўрачыста, з удзелам прэзыдэнта Леха Валенсы і арцыбіскупа Юзафа Глемпа, перанесены ў склеп катэдральнага сабора Яна Хрысьціцеля ў Варшаве.

Рэстаўраваў адзін з найстаражытнейшых у Эўропе аўтэнтычных ратушных гадзіньнікаў

Гадзіньнік, які мог быць выраблены яшчэ ў канцы XV стагодзьдзя, спыніў працу ў 1950-я. Савецкія ўлады сьцьвярджалі, што бой гадзіньніка перашкаджае грамадзкаму транспарту. У 1987 годзе даглядчыца фарнага касьцёла Марыя Гратулевіч прапанавала Мілінкевічу як фізыку аднавіць гадзіньнік. Мілінкевіч каардынаваў усе работы, запрасіў кансультантаў-гісторыкаў і майстроў. Толькі чыстка старажытных колаў і валоў заняла каля тыдня. А праз тры месяцы аўтэнтычны гадзіньнік ізноў запрацаваў.

Заснаваў горадзенскую арганізацыю «Ратуша»

На пачатку 1996 году Аляксандар Мілінкевіч звольніўся з вэртыкалі ў знак пратэсту супраць антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму Лукашэнкі. Былы чыноўнік заснаваў грамадзкую арганізацыю «Ратуша», якая стала рэсурсным цэнтрам для трэцяга сэктару. Гэта быў адзін зь вядучых цэнтраў разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці па ўсёй краіне. Адметна тое, што яго арганізацыю актыўна падтрымлівалі і мясцовыя бізнэсоўцы. У 2003 годзе ўлады спынілі існаваньне арганізацыі.

Узначальваў баскетбольны клюб «Гродна-93»

Баскетболам Мілінкевіча цікавіўся яшчэ зь юнацтва. А ў 1996–1997 гадах стаў прэзыдэнтам горадзенскага клюбу «Гродна-93».

У 1993 годзе клюб перайшоў на прафэсійную аснову. У сэзоне 1994/1995 гарадзенцы ўпершыню ўзьняліся на п’едэстал чэмпіянату Беларусі, заняўшы другое месца. У наступным сэзоне 1995/1996 баскетбалісты з Горадні сталі чэмпіёнамі Беларусі. 6 верасьня 1995 году клюб дэбютаваў у Кубку Карача, адным з трох найпрэстыжнейшых клюбных турніраў у эўрапейскім баскетболе.

Заснаваў Прэмію Васіля Быкава

У 2006 годзе Мілінкевіч стаў ляўрэатам прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі», якую ўручае Эўрапейскі парлямэнт. На яе ўзор Мілінкевіч заснаваў падобную ўзнагароду ў Беларусі — прэмію імя Васіля Быкава. На яе тады яшчэ палітык прызначыў і грашовую прэмію ад Эўрапарлямэнту.

Прэміяй Быкава ўганароўваюцца тыя, хто ўнёс асаблівы ўклад у разьвіцьцё беларускай культуры, захаваньне нацыянальнай гісторыі. Пры выбары ляўрэата ацэньваецца ягоная актыўная жыцьцёвая пазыцыя і канкрэтныя вынікі дзейнасьці на ніве адраджэньня Беларусі і дэмакратыі ў краіне. У розныя гады прэмія імя Васіля Быкава была ўручана народным паэтам Беларусі Рыгору Барадуліну і Нілу Гілевічу, пісьменьніку Ўладзіміру Арлову, музыку Лявону Вольскаму, мастакам Алесю Пушкіну і Аляксею Марачкіну, палітыку Ўладзіміру Някляеву і іншым грамадзкім дзеячам. Яе ўручаюць на радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі на Вушаччыне.

Стварае Вольны беларускі ўнівэрсытэт

Ужо некалькі гадоў Аляксандар Мілінкевіч займаецца стварэньнем Вольнага беларускага ўнівэрсытэту. Гэта праект сучаснага ўнівэрсытэту дыстанцыйнага навучаньня. Ён ужо зарэгістраваны ў Польшчы, пакуль у якасьці фонду, а Мілінкевіч зьяўляецца яго канцлерам. Ва ўнівэрсытэту ня будзе нават сядзібы, інтэрнатаў для студэнтаў і бюракратыі.

Сваю дзейнасьць ВБУ мае пачаць з пасьлядыплёмных адукацыйных праграмаў, пазьней магістарскіх і доктарскіх, па спэцыяльнасьцях, неабходных для эканамічнай, сацыяльнай і грамадзкай трансфармацыі Беларусі. Дыплёмы беларусам маюць выдаваць польскія партнэрскія ўнівэрсытэты, зь якімі фонд ВБУ мае заключаць дамовы аб навучаньні студэнтаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG