Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Безь сядзібы і бюракратыі». Канцлер Мілінкевіч расказаў пра новы ўнівэрсытэт


Усё падрыхтавана і зарэгістравана, засталося знайсьці грошы. Так пра Вольны Беларускі Ўнівэрсытэт кажа яго канцлер Аляксандар Мілінкевіч. Былы кандыдат у прэзыдэнты распавёў Свабодзе пра праект навучальнай установы, які ён спадзяецца запусьціць праз два гады.

Вольны Беларускі Ўнівэрсытэт ужо зарэгістраваны. Але не ў Беларусі, а ў Польшчы, і ў якасьці фонду. Рэгістраваць яго як навучальную ўстанову ініцыятары і не зьбіраюцца. Ва ўнівэрсытэту ня будзе нават сядзібы, інтэрнатаў для студэнтаў і бюракратыі.

ВБУ — гэта праект сучаснага ўнівэрсытэта дыстанцыйнага навучаньня, гаворыць яго канцлер Аляксандар Мілінкевіч.

«Навучаньне студэнтаў будзе па прынцыпе „blended learning“. Гэта сучаснае дыстанцыйнае выкладаньне плюс сэсіі і стажыроўкі ў Польшчы. Усё гэта ў значнай ступені павялічвае імавернасьць таго, што адукаваныя спэцыялісты застануцца ў Беларусі» — тлумачыць Мілінкевіч.

Партнэрамі ўнівэрсытэту зьяўляюцца Варшаўскі ўнівэрсытэт і Эўрапейскі Каледж (Брюгэ, Варшава). Апошні прапанаваў ВБУ сучаснае праграмнае забесьпячэньне плятформы дыстанцыйнай адукацыі і модулі онлайн-навучаньня ангельскай і польскай мовам. Гэта будуць асноўныя мовы навучаньня, побач зь беларускай.

Над адаптацыяй плятформы для патрэбаў ВБУ будуць працаваць беларускія IT-спэцыялісты і будучыя выкладчыкі. Дарэчы, праект Вольнага Беларускага Ўнівэрсытэту падтрымалі Сьвятлана Алексіевіч, Алесь Бяляцкі, Анжаліка Борыс, Станіслаў Шушкевіч і іншыя.

«Вольны Беларускі Ўнівэрсытэт выкарыстае высокі патэнцыял беларускай школы праграмістаў, а таксама найлепшую ва Ўсходняй Эўропе беларускую оптавалаконную інфраструктуру хуткага і таннага Інтэрнэту, гэта адпаведна 21-е і 7-е месцы ў сьвеце», — гаворыць канцлер ВБУ.

Сучасная плятформа дыстанцыйнай адукацыі, паводле Мілінкевіча, можа ў будучыні выкарыстоўвацца і ў іншых краінах Усходняга Партнэрства. Але спачатку трэба, каб ён пачаў працаваць для беларусаў.

«Праект зьяўляецца спосабам фармаваньня шырокай прарэфарматарскай беларускай эліты, якое абапіраецца на патэнцыял польскіх вышэйшых навучальных установаў з улікам досьведу рэформаў у Польшчы і другіх новых сябраў ЭЗ», — кажа Мілінкевіч.

Ён патлумачыў, што сваю дзейнасьць ВБУ пачне з пасьлядыплёмных адукацыйных праграмаў, пазьней магістарскіх і доктарскіх, па спэцыяльнасьцях, неабходных для эканамічнай, сацыяльнай і грамадзкай трансфармацыі Беларусі. Дыплёмы беларусам будуць выдаваць польскія партнэрскія ўнівэрсытэты, зь якімі фонд ВБУ мае заключаць дамовы аб навучаньні студэнтаў.

Мілінкевіч нагадвае, што сёньня за мяжой вучыцца каля 35 тысячаў беларусаў, зь іх у Расеі — 72%, у Польшчы — 10%, у Заходняй Эўропе — 8%. Праект, на яго думку, паспрыяе пераарыентацыі беларусаў, што вучацца ў Расеі ў эўрапейскім кірунку. Перавагі, паводле канцлера ВБУ бясспрэчныя — эўрапейскія веды і дыплёмы, а таксама ніжэйшыя кошты адукацыі.

Сядзіба Варшаўскага Ўнівэрсытэту, зь якім супрацоўнічае ВБУ
Сядзіба Варшаўскага Ўнівэрсытэту, зь якім супрацоўнічае ВБУ

З Варшаўскім Унівэрсытэтам ВБУ плянуе распачаць стварэньне «беларускага блёку» — абавязковых модуляў па гісторыі, культуры, этнаграфіі Беларусі.

ВБУ дасьць таксама магчымасьць атрыманьня эўрапейскай адукацыі выпускнікам і студэнтам старшых курсаў беларускіх унівэрсытэтаў, якія вучацца і працуюць у краіне

Цяпер фонд ВБУ рыхтуе праекты на фінансаваньне, якое дазволіць стварыць дыстанцыйныя плятформы. Цягам 5–7 гадоў праект, паводле Аляксандра Мілінкевіча, у значнай ступені мог бы перайсьці на самафінансаваньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG