Найбольш горача застаецца ў паўднёвых раёнах — у Мікалаеўскай і Херсонскай вобласьці, а таксама на ўсходзе — у Данецкай, Луганскай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай вобласьці.
Харкаў
21 ліпеня ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі Золачава, Калугіна-Башкіраўка, Лябяжае, Рогань, а таксама Кіеўскі раён Харкава, дзе ад разрыву касэтных снарадаў загінулі чатыры мясцовыя жыхары і яшчэ 25 атрымалі раненьні.
Як паведамляюць выратавальнікі і паліцыя, расейцы сваімі абстрэламі тэрарызуюць мірных жыхароў. Сярод пашкоджаных і зруйнаваных аб’ектаў толькі цывільныя: транспартны прыпынак, жылыя будынкі, гандлёвыя павільёны, аўтамабілі і гаспадарчыя пабудовы.
Раніцай 22 ліпеня аб абстрэлах пакуль не паведамляюць.
Днепрапятроўская вобласьць
Другі тыдзень галоўным аб’ектам расейскіх войскаў у гэтай вобласьці застаецца Нікапаль і Нікапальскі раён, якія абстрэльваюцца цераз раку Дняпро з тэрыторыі акупаванага расейцамі гораду Энэргадару Запароскай вобласьці.
Пераважна страляюць з установак «Град». Загінула жанчына.
Як паведамляюць мясцовыя ўлады, пашкоджана 11 прыватных будынкаў, гаспадарчыя пабудовы, перабітыя газа- і водаправод.
Луганшчына і Данеччына
Расейскія войскі абстрэльваюць амаль кожную вёску і горад Луганскай вобласьці, нягледзячы на тое, што яе яны амаль цалкам ужо захапілі.
Украінскія ўлады Луганскай вобласьці сьцьвярджаюць, што пастаянным агнём расейцы хочуць выціснуць украінскія войскі з умацаваных пазыцый. У рэгіёне ідзе пазыцыйная барацьба — часам расейцы набліжаюцца да ўкраінскіх пазыцый настолькі, каб магчыма было залучыць у бой танкавыя рэзэрвы.
21 ліпеня ўкраінскія войскі змаглі адбіць штурм расейцаў, якія атакавалі з тэрыторыі Лісічанскага нафтаперапрацоўчага заводу.
Цяпер найбольш актыўныя баі адбываюцца каля Верхнекамянкі, але расейцы так пакуль і ня вышлі на адміністрацыйную мяжу Луганскай вобласьці.
У Данецкай вобласьці расейскія войскі не спыняюць спробаў захапіць Бахмут, Славянск і Сіверск. Але ўкраінскія войскі пакуль моцна трымаюць пазыцыі ў тым кірунку.
Мікалаеўшчына і Херсонская вобласьць
Украінскія ўлады паведамляюць, што расейцы працягваюць абстрэльваць Мікалаеўскі і Баштанскі раён. Расейскія снарады пацэлілі ў сельскагаспадарчыя пабудовы, гаражны каапэратыў і краму. Паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без ахвяр.
У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» адзначылі, што ў Херсонскай вобласьці Ўзброеныя сілы Ўкраіны зьнішчылі яшчэ пяць апорных пунктаў і два склады расейскіх войскаў у Скадоўску і Берыслаўскім раёне.
Што гавораць экспэрты
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) таксама зьвяртаюць увагу на тое, што Расея абмяжоўваецца лякальнымі і дробнымі атакамі, якія не дазволілі ёй захапіць якую-небудзь вырашальную тэрыторыю ва Ўкраіне.
«З 16 ліпеня расейскія войскі працягвалі лякальныя атакі на ўсход ад Сіверску, а таксама на ўсход і поўдзень ад Бахмуту (Данецкая вобласьць. — РС). На 21 ліпеня яны не дасягнулі якіх-небудзь сур’ёзных тэрытарыяльных заваёў у гэтых раёнах. Расейская групоўка на паўночным захадзе ад Славянску фактычна правяла менш наземных удараў уздоўж мяжы між Харкаўскай і Данецкай абласьцямі, чым падчас афіцыйнай апэратыўнай паўзы (з 7 да 16 ліпеня. — РС)», — адзначаецца ў чарговай справаздачы інстытуту.
Паводле экспэртаў, адсутнасьць пасьпяховых наземных наступаў за межамі раёнаў Славянску, Сіверску і Бахмуту сьведчыць, што расейскі наступ, імаверна, не завершыцца захопам Славянску ці Бахмуту.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.