Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэлая краіна «экстрэмістаў». Як рэжым Лукашэнкі стварыў умовы для масавых і пагалоўных рэпрэсій


Праваабарончая арганізацыя Human Constanta ў сваім чарговым аглядзе зьвярнула ўвагу на тэндэнцыі ў палітычных рэпрэсіях у Беларусі. Пра што яны кажуць?

Сьцісла

  • У беларускім заканадаўстве паняцьце «экстрэмізму» трактуецца вельмі шырока.
  • Рэпрэсіі распаўсюджваюцца на ўсё новыя грамадзкія сфэры.
  • Адрынуты прынцып, што закон зваротнай сілы ня мае.
  • Заканадаўчая база дазваляе прыцягнуць да адказнасьці любога грамадзяніна.


Праваабаронцы канстатавалі, што ў беларускім заканадаўстве паняцьце «экстрэмізму» трактуецца вельмі шырока. Напрыклад, «экстрэмісцкім» дзеяньнем лічыцца распаўсюджваньне «заведама ілжывых зьвестак» аб становішчы Беларусі ці «дыскрэдытацыя» органаў улады. Пры такой трактоўцы «экстрэмізм» можна прывязаць да любой апазыцыйнай дзейнасьці ці іншадумства.

Тым часам праваабаронцы канстатавалі, што за ўдзел у «экстрэмісцкай дзейнасьці» затрымалі ўжо 426 чалавек.

Яшчэ адзін крымінальны артыкул, які ўлады актыўна выкарыстоўваюць супраць апанэнтаў, — гэта «распальваньне варожасьці». Яго прымяняюць ня толькі за крытыку ўладаў, праваахоўных органаў, але і за камэнтары пра вайну, якія не адпавядаюць афіцыйнай пазыцыі.

Нагадаю, прыняты закон, які дазваляе расстрэльваць за «замах на тэрарызм». Пры тым, што па «тэрарыстычных» артыкулах абвінавачваюць лідэраў апазыцыі.

Рэпрэсіі распаўсюджваюцца на ўсё новыя грамадзкія сфэры. У Беларусі фактычна дабілі адвакацкую супольнасьць. Адвакатаў, якія працавалі з «палітычнымі» вязьнямі, масава пазбаўляюць ліцэнзій. Чыстка працягваецца, некаторым адвакатам «шыюць» крымінальныя справы.

Нарэшце дайшлі рукі да незалежных прафсаюзаў. 13 ліпеня Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і Беларускі незалежны прафсаюз. На чарзе аналягічныя пазовы ў суд у дачыненьні яшчэ да трох незалежных прафсаюзаў. Іх лідэры сядзяць у турме.

Апошнімі днямі створаныя судовыя прэцэдэнты, якія адкрываюць шлях да масавых і пагалоўных рэпрэсій у Беларусі.

22 чэрвеня ў горадзе Янаве суд разгледзеў справу грамадзяніна Мікалая Б. паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпост матэрыяла з сайту Радыё Свабода. Чалавека аштрафавалі на 960 рублёў. Здавалася б, нічога незвычайнага, як на цяперашні час — шараговая справа, яшчэ добра, што абмежаваліся штрафам і не пасадзілі за краты. Аднак адметнасьць гэтай справы ў тым, што Мікалай Б. зрабіў на сваёй фэйсбук-старонцы рэпост з Радыё Свабода 27 сакавіка 2017 году, то бок 5 гадоў таму. А, нагадаю, суд прызнаў фэйсбук-старонку Радыё Свабода экстрэмісцкімі матэрыяламі толькі 3 сьнежня 2021 году. Да 2020 году Радыё Свабода існавала ў Беларусі легальна, ягоныя журналісты былі акрэдытаваныя пры беларускім МЗС.

Нешта падобнае адбылося з журналісткай Кацярынай Андрэевай. Сам факт, што за журналісцкую дзейнасьць у Беларусі цяпер даюць 8 гадоў зьняволеньня, вельмі паказальны і абуральны. Падрабязнасьці судовага працэсу невядомыя, суд быў закрыты, жанчыну абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве». Але ейны муж Ігар Ільляш сьцьвярджае, што прычапіліся да аднаго зь яе старых журналісцкіх матэрыялаў. «Прычым, — кажа Ільляш, — некалькі гадоў таму тое, за што цяпер атрымала гэты людаедзкі тэрмін Каця, не лічылася нават адміністрацыйным правапарушэньнем».

Ёсьць агульнапрызнанае палажэньне сусьветнай юрыспрудэнцыі, што закон зваротнай сілы ня мае. То бок ня можа чалавек быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньне, якое на той момант не лічылася злачынствам. Беларуская карная сыстэма гэты прынцып пасьпяхова адкінула. І тым самым адчыніла скрыню Пандоры.

Уяўляеце, якая прастора цяпер адкрываецца перад сілавымі органамі? Пры жаданьні прычапіцца можна да любога чалавека. За 28 гадоў кіраваньня кожны дарослы беларус, нават прыхільнік Лукашэнкі, хоць раз у жыцьці публічна выказваў незадавальненьне дзеяньнямі органаў улады ці нейкімі чыноўнікамі (напрыклад, у сыстэме ЖКГ). І цяпер любога пры жаданьні можна прыцягнуць да адказнасьці за «дыскрэдытацыю» органаў улады. Па «экстрэмісцкім» артыкуле. Бяз тэрміну даўнасьці. Цэлая краіна «экстрэмістаў». Скончацца незадаволеныя — возьмуцца за ляяльных абывацеляў. Бяры любога і цягні ў кутузку.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG