Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паветраная трывога. Расея працягвае абстрэлы гарадоў Украіны, разбурае гатэлі, школы, жылыя дамы

Плякат на маніфэстацыі ў падтрымку Ўкраіны з патрабаваньнем прызнаць Расею тэрарыстычнай дзяржавай
Плякат на маніфэстацыі ў падтрымку Ўкраіны з патрабаваньнем прызнаць Расею тэрарыстычнай дзяржавай

14 ліпеня Расея зноў абстраляла Віньніцу і канцэнтравала свае ўдары на Данбасе і Мікалаеўскай вобласьці. Паводле папярэдніх зьвестак, у Віньніцы загінулі 17 чалавек, у тым ліку двое дзяцей.

Меншую шчыльнасьць абстрэлаў з боку расейскіх войскаў зьвязваюць са зьнішчэньнем украінскай артылерыяй амаль двух дзясяткаў базаў, на якія Расея звозіла боепрыпасы. Усе яны знаходзіліся на адлегласьці 30-50 кілямэтраў ад лініі фронту. Ноч на 14 ліпеня ў большасьці абласьцей прайшла больш спакойна, чым яшчэ некалькі дзён таму, за выключэньнем Луганскай, Данецкай, Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай і Запароскай.

Што ўлады паведамляюць аб колькасьці ахвяр і аб разбурэньнях?

Ракетная атака Віньніцы

Раніцай у 10:05 паветраная трывога прагучала ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці, а таксама ў Хмяльніцкай, Львоўскай, Закарпацкай, Івана-Франкоўскай, Валынскай і Ровенскай абласьцях.

Як сьцьвярджаюць украінскія вайскоўцы, запуск ракет адбыўся з Чорнага мора.

Праз 40 хвілін пасьля абвяшчэньня трывогі адбылося некалькі моцных выбухаў у Віньніцы. Мясцовыя жыхары паведамляюць, што на месцы працуюць машыны хуткай дапамогі і выратавальнікі. Мінулым разам гэты горад абстрэльвалі ў сакавіку.

Кіраўнік Віньніцкай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Барзоў паведаміў, што ёсьць загінулыя і параненыя. Іхная колькасьць удакладняецца. Паводле яго, чатыры ракеты над Віньніцай украінскія супрацьпаветраныя сілы зьбілі. У Віньніцы сканцэнтравана найбольшая колькасьць жыхароў Марыюпалю.

Мясцовая паліцыя паведаміла, што тры ракеты пацэлілі ў офісны будынак, пашкоджаны Дом афіцэраў і суседнія жылыя будынкі. Папярэдне — загінулі 17 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, і дзясяткі жыхароў атрымалі раненьні.

Паветраную трывогу скасавалі ў Мікалаеўскай вобласьці і абвясьцілі ў Палтаўскай. Грамадзян заклікаюць выконваць абавязковыя захады бясьпекі пры сыгнале паветранай трывогі.

Расейцы спрабуюць прарвацца да Бахмута на Данеччыне

Найбольш ракет — 12 — Расея выпусьціла па населеных пунктах на мяжы Данецкай і Луганскай вобласьці. Пасьля масавых удараў расейскія войскі пачынаюць наступ, каб прарвацца да Северску і адкрыць шлях на Бахмут. Цяпер найбольш актыўныя баявыя дзеяньні вядуцца ў кірунку вёскі Верхнякаменскае — гэта за некалькі кілямэтраў ад ужо захопленай расейцамі Луганскай вобласьці.

Напярэдадні, 13 ліпеня, моцна абстралялі Бахмут. Там адзін жыхар загінуў і яшчэ пяць атрымалі раненьні.

Мікалаеў на другім месцы ў колькасьці абстрэлаў

Дзевяць расейскіх ракет упалі ў Мікалаеве. Як паведамляюць гарадзкія ўлады, у цэнтры гораду пашкоджаны гатэль «Миколаїв». Ударнай хваляй зачапіла і суседні гандлёва-забаўляльны цэнтар. Пашкоджаныя дзьве адукацыйныя ўстановы і аб’ект транспартнай інфраструктуры. Адзін чалавек атрымаў раненьні.

У Мікалаеўскай вобласьці пад абстрэлам застаюцца два раёны — Мікалаеўскі і Баштанскі. Паводле абласных уладаў, у горадзе Баштанка загінуў адзін мясцовы жыхар. Зруйнавана некалькі жылых будынкаў, загарэлася поле са збожжам.

Наступствы абстрэлу Мікалаева, 14 ліпеня 2022
Наступствы абстрэлу Мікалаева, 14 ліпеня 2022

У Запарожжы пашкодзілі 18 інфраструктурных аб’ектаў

Як паведамляюць улады Запароскай вобласьці, расейцы цэляць у цывільную інфраструктуру. Пад прыцэлам населеныя пункты Новаякаўлеўка, Сьцепнагорск і Каменскае.

Расейцы разбураюць лініі электраперадач і газазабесьпячэньня: без электрычнасьці засталіся 77 населеных пунктаў, а без газу — 268 паселішчаў вобласьці.

У такіх умовах улады працягваюць эвакуацыю. Цягам мінулых сутак з захопленых расейцамі населеных пунктаў вывезьлі 1 354 грамадзян, у тым ліку 397 дзяцей.

На Крыўбасе і Харкаўшчыне абстрэлы працягваюцца, у Сумах — спакойна

У Днепрапятроўскай вобласьці абстралялі два населеныя пункты — Вялікую Кастромку і Зеленадольск. Пакуль без ахвяр.

У ноч на 14 ліпеня расейцы двойчы абстралялі два раёны Харкава. Пашкодзілі аб’екты транспартнай інфраструктуры і прыватнае прадпрыемства. Выратавальнікі некалькі разоў выяжджалі на тушэньне пажараў. Папярэдне — без ахвяр і пацярпелых.

Пад абстрэламі застаюцца чатыры раёны вобласьці — Харкаўскі, Багадухаўскі, Чугуеўскі і Ізюмскі. У Чугуеўскім раёне шпіталізавалі двух пацярпелых.

І зусім спакойна прайшла ноч у Сумскай і Чарнігаўскай абласьцях, якія ўвесь час з моманту адступленьня расейскай арміі ў сакавіку абстрэльваюць з тэрыторыі Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG