Спадарожнікавыя здымкі Maxar сяла Даўгенькага, якое абстралялі ракетамі расейскія войскі, ліпень 2022
Разам з гэтым у дакладзе ўстановы зазначана, што маштабы руйнаваньня мастоў пакуль невядомыя, таму цяпер няясна, колькі часу пайшло б на іх аднаўленьне.
Два масты пад Славянскам наўмысна ўзарвалі расейскія войскі, каб стрымаць украінскі контранаступ, напісана ў апэратыўным аналізе вашынгтонскага аналітычнага цэнтру «Інстытут вывучэньня вайны» (ISW).
«Расейскія войскі ўдарылі па чыгуначным і аўтамабільным мастах Славянск-Ліман у раёне Райгарадка на паўночны ўсход ад Славянску на трасе Т0514. Расейскае баявое відэа паказвае разбурэньне як мінімум аднаго маста. У цяперашні час незразумела, ці цалкам расейскія войскі зьнішчылі абодва масты».
У дакладзе зазначана, што гэтыя два масты маглі дазволіць расейскім войскам наступаць на Славянск з паўднёвага ўсходу, поўначы і паўночнага захаду.
«Іх зьнішчэньне паказвае, што расейцы адмовіліся ад намеру зьдзейсьніць такую атаку, а прычыны гэтага пакуль няясныя», — падкрэсьлілі ў ISW.
Расейскія сілы маглі нанесьці ўдары па гэтых мастах, каб перашкодзіць украінскім сілам выкарыстоўваць масты для правядзеньня контратакі на Ліман, але на гэтым кірунку расейцы праводзяць цяперашнюю галоўную наступальную апэрацыю ва Ўкраіне.
Акрамя таго, расейскія войскі нанесьлі авіяўдар у раёне Мазанаўкі на паўночны захад ад Славянску і працягваюць авіяатакі на паўночным захадзе і паўночным усходзе ад гораду, зьнішчаючы інфраструктуру, як і ў іншых рэгіёнах Украіны.