Расейскія войскі актывізавалі нанясеньне ракетных удараў па Мікалаеўскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай і Херсонскай абласьцях. Шмат разбурэньняў і ахвяр.
Мікалаеў абстралялі праз 10 хвілін пасьля паветранай трывогі
Паветраная трывога над Мікалаевам пачалася ў 4:06, і ўжо празь дзесяць хвілін мясцовыя жыхары пачулі моцныя выбухі. Мэр Мікалаева Аляксандар Сянкевіч паведаміў, што ракеты пацэлілі ў дзьве мэдычныя ўстановы і жылыя будынкі. Папярэдне сама меней чацьвёра грамадзян атрымалі раненьні. Абстрэлы выклікалі некалькі вялікіх пажараў, у тым ліку ў двухпавярховым жылым будынку.
У Баштанскім раёне Мікалаеўскай вобласьці расейцы абстрэльвалі адкрытыя тэрыторыі за межамі населеных пунктаў, а ў мястэчку Першамайскае Мікалаеўскага раёну пашкоджана прыватнае сельгаспрадпрыемства. Пацярпелых няма.
Тэрытарыяльны кантроль Украіны 12 ліпеня 2022
На Херсоншчыне ад абстрэлаў гараць лясы і ўгодзьдзі
Украінскія ўлады гавораць пра крытычную сытуацыю ў Херсонскай вобласьці. У выніку абстрэлаў толькі з пачатку ліпеня ў вобласьці зафіксавалі 75 маштабных пажараў.
Паводле эколягаў, з пачатку вайны пажары, выкліканыя моцнымі ракетнымі ўдарамі, зьнішчылі экасыстэмы больш як на 100 тысячах гектараў.
У вобласьці працягваюць фармаваць акупацыйную ўладу і залучаць у яе шэрагі грамадзян Украіны.
Паліцыя Херсонскай вобласьці паведаміла, што расейцы захапілі Інстытут жывёлагадоўлі стэпавых раёнаў «Асканія Нова».
У горадзе Часаў Яр з-пад завалаў дасталі цела 9-гадовага хлопчыка
Украінскія ратавальнікі працягваюць разьбіраць завалы разбуранага пяціпавярховага дома ў горадзе Часаў Яр на Данеччыне. Уначы змаглі дастаць яшчэ некалькі целаў, у тым ліку 9-гадовага хлопчыка. Агульная колькасьць загінулых у выніку абстрэлу жылога дома павялічылася да 38.
Расейцы працягваюць абстрэльваць Тарэцк і Славянск. За апошнія 24 гадзіны ў Данецкай вобласьці загінулі 9 цывільных і яшчэ 2 атрымалі раненьні.
Адначасова расейскія войскі накіроўваюць ракетныя ўдары на мяжу Луганскай і Данецкай абласьцей, дзе знаходзяцца пазыцыі ўкраінскага войска.