Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банк Эўразьвязу хоча сабраць 100 млрд эўра на аднаўленьне Ўкраіны


Эўрапейскі інвэстыцыйны банк, крэдытны орган Эўразьвязу, прапанаваў структуру фінансаваньня, якая раней выкарыстоўвалася падчас пандэміі COVID-19, для аказаньня дапамогі ў аднаўленьні Ўкраіны з аб’ёмам інвэстыцый да 100 мільярдаў эўра.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі», спасылаючыся на агенцтва Reuters.

Траставы фонд ЭЗ-Украіна паспрабуе атрымаць першапачатковыя 20 мільярдаў эўра ў выглядзе ўзносаў ад краін ЭЗ і бюджэту ЭЗ у форме грантаў, крэдытаў і гарантый.

Банк прапануе стварыць фонд, падобны да таго, які выкарыстоўваўся падчас пандэміі COVID-19 для гарантый фінансаваньня малых і сярэдніх кампаній. Ён прадугледжвае выдзяленьне 25 мільярдаў эўра, якія могуць прывесьці да мабілізацыі да 200 мільярдаў эўра.

Траставы фонд можа ўносіць уклад у аднаўленьне мастоў, рэканструкцыю сыстэм водазабесьпячэньня і водаадвядзеньня, асабліва ў гарадах, насельніцтва якіх павялічылася з прычыны міграцыі зь іншых раёнаў Украіны пасьля расейскага ўварваньня 24 лютага.

Праекты таксама могуць быць накіраваныя на падтрымку экспарту Ўкраіны або на разьвіцьцё яе энэргетычнай і лічбавай інфраструктуры.

Фонд таксама закліканы стымуляваць прыватны бізнэс, які, верагодна, лічыць фінансаваньне інвэстыцый ва Ўкраіну занадта рызыкоўным.

Выкарыстаньне мэханізму, падобнага да таго, які ўжываўся раней, азначае, што яго можна запусьціць хутчэй, так што першыя інвэстыцыі могуць быць ухваленыя ўжо да канца году.

Спачатку з гэтай прапановай павінна пагадзіцца Эўракамісія, а затым яе павінны ўхваліць большасьць краін ЭЗ. Пасьля гэтага краіны ЭЗ будуць вырашаць, ці будуць яны рабіць унёскі ў фонд.

  • У Швайцарыі 4 чэрвеня адкрылася міжнародная канфэрэнцыя па аднаўленьні Ўкраіны пасьля вайны. У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі 40 краін і 18 міжнародных арганізацый. У склад украінскай дэлегацыі ўвайшлі кіраўнік ураду Дзяніс Шмыгаль і старшыня Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG