Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дыктатура множыць дурняў


Чаму дурасьць — агульная праблема, і чаму менавіта ў дыктатуры дзеяньні дурняў найбольш шкодныя? Чатыры мысьляры розных часоў даюць свае адказы.

«Дурасьць — больш небясьпечны вораг дабра, чым зламыснасьць, — пісаў у лісьце з турмы зьняволены ў 1943 годзе нацыстамі нямецкі пастар Дытрых Бонгефэр. — Супраць зла можна пратэставаць; яго можна выкрыць і, калі трэба, прадухіліць сілай. Зло заўжды нясе ў сабе парасткі ўласнага разбурэньня, бо яно пакідае ў людзях хаця б адчуваньне занепакоенасьці. Супраць дурасьці мы безабаронныя».

Бонгефэр, якога нацысты пакаралі сьмерцю за ўдзел у змове супраць Гітлера, тлумачыў, што «дурасьць» — гэта ня хіба інтэлекту. «Ствараецца ўражаньне, што дурасьць — гэта хутчэй не прыроджаная загана, а пры нейкіх абставінах людзей робяць дурнямі і яны дазваляюць, каб гэта зь імі здарылася».

Паводле Бонгефэра, вялікая канцэнтрацыя ўлады ў грамадзкай сфэры заражае мноства людзей у такім грамадзтве «дурасьцю».

«Працэс, які адбываецца тут, ня ў тым, што нейкія чалавечыя здольнасьці, напрыклад інтэлект, нечакана атрафуюцца ці не спрацоўваюць. Замест гэтага выглядае, што пад магутным ціскам улады, якая набірае сілу, людзі страчваюць сваю ўнутраную незалежнасьць і, больш ці менш сьвядома, перастаюць прымаць аўтаномныя пазыцыі ў адносінах да новых абставінаў».

Нямецкі пастар папярэджваў: «Зрабіўшыся бяздумным інструмэнтам, дурань будзе таксама здольны на любое зло і ў той жа час будзе няздольны пабачыць, што гэта зло».

Дурні — асобная каста ці мы ўсе?

Калі ў 1970-я гады італьянскі эканаміст Карла Чыпола напісаў папулярнае паўжартоўнае эсэ «Асноўныя законы чалавечай дурасьці», ён таксама, як і Бонгефэр, папярэджваў пра разбуральную моц дурасьці.

Паводле Чыпола, людзі дзеляцца на чатыры катэгорыі: няўдаліц, разумнікаў, бандытаў і дурняў.

  • Калі Алесь ці Алеся робяць нешта, што прыносіць ім страты, але дае выгаду іншым, яны выступаюць у ролі няўдаліц.
  • Калі Алесь ці Алеся робяць нешта, што прыносіць ім выгаду і адначасова дае выгаду іншым, яны трапляюць у катэгорыю разумнікаў.
  • Калі Алесь ці Алеся маюць выгаду і пры гэтым робяць шкоду іншым, яны дзейнічаюць як бандыты.
  • І, нарэшце, Алесь ці Алеся — дурні, калі яны робяць шкоду іншым, але пры гэтым не атрымліваюць выгады ці нават самі нясуць страты.

Паводле Чыпола, дурань — самы небясьпечны тып людзей, небясьпечнейшы за бандыта. «Ідэальны бандыт» забярэ ў вас грошы, але ня зробіць іншай шкоды. Але «ідэальных бандытаў» няшмат. Генэралы, якія чыняць агромністыя разбурэньні і сьмерці, каб атрымаць падвышэньне па службе ці мэдаль, трапляюць у зону паміж бандытамі і дурнямі — бліжэй да «круглых дурняў», пісаў італьянскі эканаміст.

Большасьць людзей ня дзейнічае пасьлядоўна, прызнаваў Чыпола. У нейкіх абставінах чалавек можа дзейнічаць як разумнік, а ў іншых як няўдаліца. Але дурні маюць схільнасьць да пасьлядоўнасьці ва ўсіх сфэрах дзейнасьці, лічыў ён.

Пры гэтым Чыпола падкрэсьліваў: «Імавернасьць, што чалавек акажацца дурнем, не залежыць ад любой іншай характарыстыкі гэтай асобы». Нават сярод нобэлеўскіх ляўрэатаў доля дурняў прыблізна такая самая, як у іншых групах, пісаў ён.

«Калі вы шакаваныя дурасьцю іншых, гэта выдатны шанец падумаць»

Сёлета ў траўні выйшла ў сьвет кніга «Дурасьць у палітыцы: Яе непазьбежнасьць і патэнцыял». Яе аўтар, Нобутака Атобэ, дасьледчык з унівэрсытэту японскага гораду Осака, адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

У адрозьненьне ад Чыпола, Атобэ ня думае, што дурасьць — гэта схільнасьць нейкага асобнага тыпу людзей. «Часта тыя, хто лічыць, што мае імунітэт ад дурасьці, пры гэтым робяць самыя дурныя ацэнкі і дзеяньні», — кажа ён.

Паводле Атобэ, дэмакратыя не канечне «разумнейшая» за дыктатуру. У дэмакратыі людзі таксама прымаюць мноства дурных рашэньняў і сутыкаюцца зь іх наступствамі. Але ў дыктатуры большая імавернасьць, што адно дурное рашэньне выкліча доўгатэрміновыя пакуты, бо няма грамадзкага кантролю і свабоды прэсы, кажа ён.

Да таго ж імавернасьць дурных рашэньняў у дыктатуры высокая, у тым ліку на самым версе. Атобэ цытуе францускага філёзафа Жыля Дэлёза, які сьцьвярджаў, што тыраны «інстытуцыялізуюць» дурасьць, робяць яе часткай сыстэмы. Іншымі словамі, тыраны атрымліваюць выгаду, трымаючы свой народ у дурасьці. Але пры гэтым тыраны самі непазьбежна ўпадаюць у дурасьць.

У сваёй кнізе Атобэ робіць акцэнт на ўсюдыіснасьці дурасьці ў дзеяньнях і думках людзей. «Ня думайце, што дурасьць — гэта ня ваша праблема, — кажа ён. — Дурасьць — гэта наша праблема. Вядома ж, вы можаце ня быць дурнем у гэты канкрэтны момант. Але калі вы думаеце, што іншыя — дурні, а вы ад гэтага застрахаваны, вы рызыкуеце таксама зрабіцца дурнем. А таксама, калі вы шакаваны дурасьцю іншых, гэта выдатны шанец падумаць, што адбываецца ўнутры нас і сярод іх».

«Толькі акт вызваленьня можа пераадолець дурасьць»

Атобэ пераважна дасьледуе дурасьць у чалавечым мысьленьні.

Але калі гаворка ідзе пра тое, як абмежаваць шкоду ад дурасьці ў грамадзтве, дарэчнымі зноўку падаюцца думкі Дытрыха Бонгефэра, запісаныя ў нацысцкай турме ў 1943 годзе.

«...толькі акт вызваленьня, а не павучаньне, можа пераадолець дурасьць.

Тут мы павінны прыняць той факт, што ў большасьці выпадкаў сапраўднае ўнутранае вызваленьне робіцца магчымым, толькі калі яму папярэднічала вонкавае вызваленьне. Да таго часу мы павінны адмовіцца ад любых спробаў пераканаць дурня.

Такі стан рэчаў тлумачыць, чаму ў такіх абставінах нашы спробы даведацца, што насамрэч думае „народ“, ня маюць сэнсу, і чаму ў такіх абставінах гэтае пытаньне недарэчнае для асобы, якая думае і дзейнічае адказна».

Для Бонгефэра як для хрысьціяніна адзіны сапраўдны шлях пераадолець дурасьць — унутранае вызваленьне чалавека для адказнага жыцьця перад Богам. Але для большасьці ўнутранае вызваленьне немагчымае без палітычнага вызваленьня ад тыраніі.

«Такія думкі пра дурасьць таксама даюць суцяшэньне ў тым, што яны цалкам забараняюць нам лічыць большасьць людзей дурнымі ў любых абставінах. Усё будзе сапраўды залежаць ад таго, ці чакаюць людзі ва ўладзе ад дурасьці людзей большага, чым ад іх унутранай незалежнасьці і мудрасьці».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG