Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі — удзельнікам саміту NATO: «Вы толькі цяпер вызначыце Расею сваёй галоўнай пагрозай, а для іх вы вораг ужо даўно»

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў краіны NATO залучыць Украіну ў супольную прастору бясьпекі або надаць такую вайсковую дапамогу, якая забясьпечыць перамогу Ўкраіны ў вайне з Расеяй.

«Усе вы цудоўна ўсьведамляеце, якія насамрэч мэты мае Расея. Не адзін год яна пагражала пачаць вайну, калі Ўкраіна ўступіць у NATO. Але Ўкраіна ня ў NATO, а поўнамаштабная вайна Расеі супраць нашай дзяржавы доўжыцца ўжо 126 дзён — пасьля васьмі гадоў вайны на Данбасе. Дык чаму дзесяцігодзьдзямі верылі, што менавіта NATO сваімі дзеяньнямі можа справакаваць Расею на нешта?» — заявіў Уладзімір Зяленскі, выступаючы празь відэасувязь перад удзельнікамі саміту NATO ў Мадрыдзе (Гішпанія).

Паводле яго, Расея бачыць у кожнай суседняй краіне колішнюю рэспубліку Савецкага Саюзу. «Яны глядзяць, напрыклад, на Літву ня як на сябра вашага Альянсу, а як на рэспубліку Савецкага Саюзу. Для нас яна незалежная дзяржава і ўжо даўно колішняя рэспубліка СССР. Для нас гэта мінулае, а яны разглядаюць яе як магчымую будучыню, яны зноў хочуць яе заваяваць. І гэтаксама яны глядзяць на кожную дзяржаву, якая зьяўляецца суседняй для Расеі і якая была некалі ў сфэры ўплыву Масквы», — патлумачыў ён.

Украінскі прэзыдэнт лічыць, што сьвету патрэбна сьмелая арганізацыя NATO, каб спыніць Расею. «Вы толькі цяпер на гэтым саміце вызначыце Расею сваёй галоўнай пагрозай, а для іх вы вораг ужо даўно. І на гэтым пабудавана ідэалёгія Расеі», — дадаў ён.

Уладзімір Зяленскі перакананы, што Расея хоча «горад за горадам» паглынуць спачатку Ўкраіну, а потым усіх у Эўропе. «Гэта сапраўдная мэта Расеі. Пытаньне: хто наступны для яе? Малдова? Ці краіны Балтыі? Ці Польшча? Адказ: усе яны», — падкрэсьліў ён.

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што разьлічвае ўзяць пэрсанальны ўдзел у наступным саміце NATO, і гэта «будзе сьведчаньнем супольнай перамогі». «Але ў наступным годзе можа быць горшая сытуацыя, калі пад абстрэламі Расеі будзе ня толькі Ўкраіна, а і некалькі іншых дзяржаў, цалкам магчыма — сябраў Альянсу. І тады гэта будзе наш супольны правал — Украіны і NATO».

Уладзімір Зяленскі адзначыў, што палітыка адчыненых дзьвярэй NATO не павінна нагадваць «старыя турнікеты ў кіеўскім мэтро: яны адчыненыя, а калі ты падыходзіш — турнікеты зачыняюцца, пакуль не заплаціш».

«Хіба Ўкраіна яшчэ недастаткова заплаціла? Хіба наш унёсак у абарону і Эўропы, і ўсёй цывілізацыі дагэтуль недастатковы? Што ж тады патрэбна? Я магу сказаць, што нам патрэбна: нам патрэбныя гарантыі бясьпекі, і вы мусіце знайсьці Ўкраіне месца ў супольнай прасторы бясьпекі. Або — неадкладная дастатковая для перамогі дапамога Ўкраіне, або — адкладзеная вайна Расеі з вамі», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG