Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 29 чэрвеня: Міколу Дзядка перавядуць з калёніі ў турму; 10 содняў дэпутату Незалежнасьці Маркевічу

абноўлена

Мікола Дзядок, 2017
Мікола Дзядок, 2017

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Міколу Дзядка пераводзяць у турму

У судзе Горацкага раёну 28 чэрвеня разгледзелі справу «аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і зьмене ўмоваў рэжыму».

У выніку судзьдзя Станіслаў Ляшэнка пастанавіў перавесьці палітвязьня з папраўчай калёніі ў крытую турму за «шматлікія парушэньні правілаў унутранага распарадку». Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь».

У турме асуджаны на 5 гадоў калёніі Мікола прабудзе да канца свайго тэрміну — 2 гады 10 месяцаў.

Раней, у канцы сакавіка, палітзьняволенага блогера і анархіста Дзядка зьмясьцілі ў ПКТ на чатыры месяцы за адмову хадзіць на працу на знак пратэсту супраць пазбаўленьня яго асабістай перапіскі і перасьледу тых асуджаных, якія зь ім кантактуюць.

Акрамя гэтага, з 15 па 24 красавіка палітвязьня ўтрымлівалі ў ШЫЗА па двух пратаколах.

Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020 году, пасьля чаго моцна білі і катавалі.

Летась 10 лістапада судзьдзя Анастасія Папко прызнала Мікалая вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 361 — Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 295-3 — Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў.

Прысуд: 5 гадоў калёніі.

Дзядок віны не прызнаў і сказаў у апошнім слове: «А ўсім, хто мае дачыненьне да палітычных працэсаў у маёй краіне, я хачу сказаць: „Ня майце ілюзій. Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор ня спыніць разьвіцьця і прагрэсу. Мы ўсё роўна пераможам!“».

10 содняў за перапост дэпутату Незалежнасьці

Былому дэпутату Вярхоўнага Савету Мікалаю Маркевічу прысудзілі 10 дзён арышту, паведамляе «Белсат»​.

Судзілі за перапост у сацсетках «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суд прайшоў у Горадні 24 чэрвеня, але вынік яго стаў вядомы толькі цяпер. А затрымалі Маркевіча 21 чэрвеня ў ягоным офісе ў Горадні.

Мікола Маркевіч — былы дэпутат Вярхоўнага Савету, які, сярод іншых, змагаўся за незалежнасьць нашай краіны ад СССР. Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ў 1995 годзе супраць правядзеньня рэфэрэндуму, які зьмяняў дзяржаўную сымболіку, надаваў дзяржаўны статус расейскай мове і абвяшчаў курс на інтэграцыю з Расеяй.

Сёньня, 29 чэрвеня, Маркевічу спаўняецца 60 гадоў. Юбілей ён сустракае за кратамі.

Затрымалі менскага актывіста Яўгена Батуру

У Менску затрымалі грамадзкага актывіста Яўгена Батуру, мужа журналісткі Дзіяны Серадзюк.

Раніцай у яго дома правялі ператрус, а самога Яўгена затрымалі, піша «Новы час».

Родным Батуры патэлефанаваў сьледчы і паведаміў, што Яўген затрыманы, бліжэйшыя 10 сутак правядзе на Акрэсьціна. Пасьля будзе вызначана далейшая мера стрыманьня. Па словах сьледчага, Батура затрыманы за падзеі 2020 году.

Жыхара Фарынава спачатку асудзілі за абразу Лукашэнкі, а потым за абразу чыноўнікаў

У судзе Полацкага раёну і гораду Полацку вынесьлі яшчэ адзін прысуд жыхару пасёлку Фарынава Андрэю Патрэбку, абвінавачанаму ў абразе прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК). Да гэтага Андрэй 17 траўня 2022 году быў асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК).

Паводле абвінавачаньня, Патрэбка ў «Аднаклясьніках» разьмяшчаў зьняважлівыя і абразьлівыя камэнтары ў адрас Качанавай, Макея і іншых афіцыйных асоб. Таксама быў падпісаны на розныя пратэставыя чаты і суполкі, рабіў рэпосты відэаролікаў. Усяго ў справе налічваецца больш за 20 эпізодаў.

У ходзе допыту віну мужчына прызнаў цалкам, патлумачыў, што дзейнічаў пад уплывам сацыяльных падзей у краіне. У апошнім слове заявіў, што ніякіх стасункаў з апазыцыяй ня меў, «падтрымлівае дзяржаўную палітыку».

У выніку судзьдзя Ўладзімер Бясецкі прысудзіў Патрэбку 4 гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу.

Палітвязьню з Чачэрску далі яшчэ год калёніі за некалькі дзён да вызваленьня

Юрыя Кавалёва 28 чэрвеня асудзілі яшчэ на год пазбаўленьня волі паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэксу Беларусі (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы).

Паводле папярэдняга абвінавачаньня ён павінен быў выйсьці на волю 1 ліпеня.

Раней Юрыя Кавалёва асудзілі на адзін год калёніі па артыкуле 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта), пакараньне ён адбываў у калёніі № 11 у Ваўкавыску. Праваабаронцы паведамляюць, што пасьля новага суду яго накіравалі ў псыхіятрычны шпіталь.

Мянчанку пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі» за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах

Суд Заводзкага раёну Менску разгледзеў справу палітзьняволенай Марыі Шагіевай, якую затрымалі 26 красавіка 2022 году за ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску.

Судзьдзя Жанна Хвайніцкая абвінаваціла Шагіеву паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і пакарала яе 3 гадамі «хатняй хіміі».

Да суду Шагіева ўтрымлівалася ў СІЗА-1 у Менску.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG