Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія памежнікі заклікалі грамадзян Украіны адмовіцца ад наведваньня беларускіх лясоў для збору ягад


На Альманскіх балотах
На Альманскіх балотах

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны назвалі правакацыяй паведамленьне беларускіх памежнікаў пра аднабаковае адкрыцьцё малых памежных пунктаў.

Раней такія пункты адкрывалі на беларуска-ўкраінскай мяжы ў раёне Альманскіх балот штогод пасьля двухбаковых кансультацый, каб украінцы маглі наведваць беларускія лясы і зьбіраць там дзікія ягады і грыбы.

«Гэтае рашэньне ўхвалена ў аднабаковым парадку, і гэта фактычна правакацыя. Дамоўленасьці, якія адбываліся раней, або інфармаваньне па лініі памежна-прадстаўніцкага апарату не праводзіліся», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка 23 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.

«Да таго ж, паколькі Беларусь падтрымлівае расейскую агрэсію супраць нашай краіны, бясьпека нашых грамадзян на тэрыторыі памежнай краіны застаецца пад вялікім пытаньнем. Я прашу жыхароў памежжа сьвядома і ўзважана ставіцца да гэтага. Часовыя месцы для пропуску грамадзян на гэтым кірунку ня будуць функцыянаваць, і пропуск нашых грамадзян на тэрыторыю Беларусі ня будзе ажыцьцяўляцца», — падкрэсьліў ён.

Да расейскай вайны ва Ўкраіне, калі Беларусь дазволіла скарыстаць сваю тэрыторыю для абстрэлаў украінскіх населеных пунктаў, памежнікі дзьвюх краін штогод дамаўляліся аб арганізацыі спрошчаных пунктаў пропуску для грамадзян Украіны для збору лясных грыбоў і ягад на тэрыторыі беларускага ляндшафтнага заказьніка «Альманскія балоты».

Сэзонны спрошчаны доступ украінцаў на тэрыторыю Беларусі дзейнічаў у два пэрыяды — з 1 ліпеня да 10 жніўня і з 1 верасьня да 15 лістапада. Спрошчаны парадак дзейнічаў штодня ад шостай ранку да дзясятай гадзіны вечара ўлетку і ад 8.00 да 20.00 увосень у трох часовых пунктах — «Дроздынь», «Бярозавае» і «Познань» — з абавязковым вяртаньнем на тэрыторыю Ўкраіны ў дзень перасячэньня дзяржаўнай мяжы.

Пры гэтым грамадзяне маглі перасякаць мяжу толькі пешшу або на ровары. І галоўнае — апроч пашпарта і дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць пражываньне ў памежных вёсках, украінцы павінны былі атрымліваць адмысловы пропуск памежнай службы Беларусі ды імянную квітанцыю аб плаце за наведваньне рэспубліканскага ляндшафтнага заказьніка «Альманскія балоты» цягам сэзону. Кошт такіх дазволаў на сэзон складаў крыху больш за 100 даляраў у эквіваленце.

Разам з тым кожны год памежнікі рэгістравалі вялікую колькасьць парушэньняў спрошчанага памежнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG