Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гнаўк пасадзілі за праўду пра ўцекачоў у Беларусі. Улады хаваюць шмат што яшчэ


Шматзадачнасьць і шматвэктарнасьць у Беларусі маюць сваю спэцыфіку. Пакуль адной рукой дзяржава робіць выгляд, што клапоціцца пра блізкаўсходніх уцекачоў, другой рукой яна ж саджае ў турму актывістку Алену Гнаўк, якая казала праўду пра становішча гэтых уцекачоў у Беларусі.

Алена Гнаўк — вядомая пружанская актывістка і проста дужа прынцыповая і годная жанчына — атрымала 3,5 года калёніі агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў. Да гэтага яе ўжо 17 разоў арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах, штрафавалі агулам на 173 базавыя велічыні. А па крымінальных артыкулах яе асудзілі ў межах «справы карагоду», за «паклёп на Лукашэнку» і за допісы пра курдзкія сем’і ў Беларусі.

Ад іншых палітычна матываваных крымінальных справаў гэтая адрозьніваецца тым, што зьвязана ня толькі з пасьлявыбарнымі пратэстамі, але і з гуманітарнай катастрофай на межах з Эўразьвязам, якую распачалі менавіта беларускія ўлады. Яны скарысталіся ўцекачамі з краін Блізкага Ўсходу для ціску на краіны ЭЗ, якія надта актыўна дапамагалі беларускім уцекачам і выступалі за пашырэньне санкцый. Афіцыйная пазыцыя Лукашэнкі была такая, што Беларусь нібыта ня мае рэсурсаў стрымліваць плынь уцекачоў і ўвогуле мусіць дапамагчы няшчасным людзям у цяжкай сытуацыі.

Ня вельмі ясна, ці разьлічвалі ўлады і прапагандысцкая машына, што нехта сапраўды паверыць у рэзкае абуджэньне гуманізму ў беларускага рэжыму, але ўся гэтая гісторыя падобная да нейкай трагікамэдыі. Аднак чым далей, тым менш застаецца камэдыйнага і тым больш усплывае трагічных дэталяў.

Нядаўна выйшла новая справаздача Human Rights Watch пра зьдзекі і катаваньні на беларуска-польскай мяжы. Напрыклад, 30-гадовы мужчына зь Емэну расказаў, як яго і яшчэ траіх чалавек зь Емэну і Іраку 9 сакавіка выгналі з Польшчы, пасьля чаго беларускія памежнікі прымусілі іх гадзіну стаяць па калена ў ледзяной вадзе, суправаджаючы гэта вэрбальнымі зьдзекамі, а потым, пагражаючы зброяй, прымусілі плыць у бок Літвы. З чатырох даплылі толькі двое. Адзін патануў, а другога зьнесла цячэньнем, і ён проста зьнік.

Трое іракцаў і праваабаронца-адвакатка з Польшчы расказалі таксама пра згвалтаваньні, зьбіцьцё, дэфіцыт прадуктаў і лекаў, адсутнасьць электрычнасьці і ацяпленьня ў лягеры ў лягістычным цэнтры Брузгі. Па словах адвакаткі, беларускія памежнікі адвялі 35-гадовую жанчыну з Іраку і яе 16-гадовую дачку ў падвальнае памяшканьне побач зь лягерам і сталі там дамагацца дачкі. Маці ўдалося ўгаварыць іх пакінуць дзяўчыну ў спакоі, прапанаваўшы ім сябе замест яе. Адвакатка кажа, што ў выніку жанчыну гвалцілі мінімум двое беларускіх памежнікаў.

Таксама ўцекачы расказваюць пра выпадкі, калі іх білі і нацкоўвалі на іх службовых сабак. Варта адзначыць, што зьдзекі былі і з польскага боку, але пазыцыя ўладаў Польшчы была прынамсі адназначная. Улады ж Беларусі спрабавалі весьці двайную гульню, і 65-гадовая актывістка Алена Гнаўк стала адной з пацярпелых у выніку палітычных маніпуляцый самога Лукашэнкі і ягонага рэжыму.

Ці дапамагла яе актыўная пазыцыя хоць адной курдзкай сям’і? Ня ведаю. Аднак сумленьне ў яе дакладна чыстае. У адрозьненьне ад сумленьня тых, хто гаварыў пра свой гуманізм, але пры гэтым паспрыяў сьмерцям і згвалтаваньням.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG