Біцьцё, голад, згвалтаваньне, сьмерць. Што адбывалася ў беларускім лягеры для мігрантаў і на мяжы, паводле справаздачы Human Rights Watch

Беларускія сілавікі вядуць мігрантаў у лягер у Брузгах, 18 лістапада 2021
Беларускія сілавікі вядуць мігрантаў у лягер у Брузгах, 18 лістапада 2021

У беларускім часовым лягеры для мігрантаў у Брузгах людзі сутыкаліся зь біцьцём і сэксуальным гвалтам. Пра гэта гаворыцца ў новай справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, апублікаванай 8 чэрвеня.

Большая частка справаздачы прысьвечана парушэньням правоў чалавека з польскага боку. У справаздачы крытыкуюцца дзеяньні польскіх памежнікаў, якія прымушалі людзей вяртацца ў Беларусь, дзе іх трымалі ў лягеры ў Брузгах.

Лягер знаходзіўся ў будынку лягістычнага цэнтру. Там зь лістапада 2021 году ўтрымлівалася да 4 тысяч чалавек. Іх колькасьць паступова зьмяншалася, сёлета ў сакавіку ўлады аб’явілі, што мігрантаў там больш няма і лягер закрыты.

Суразмоўцы Human Rights Watch, якія пабывалі ў лягеры, расказалі праваабаронцам пра жорсткае абыходжаньне і гвалт. Паводле іхных словаў, памежнікі білі іх, прымушалі пераходзіць польскую ці літоўскую мяжу, вымагалі грошы за дазвол вярнуцца ў Менск, нацкоўвалі на іх сабак.

Да прыкладу, адзін з мужчын, «Абдула», расказаў, як на пачатку сакавіка беларускія памежнікі (якія, паводле яго, былі пʼяныя) прывезьлі яго і яшчэ трох чалавек на мяжу з Літвой, загналі па калена ў халодную ваду і так прымушалі стаяць амаль гадзіну, а потым загадалі плыць на другі бераг, на тэрыторыю Літвы. «Абдула» кажа, што адзін зь ягоных спадарожнікаў тады патануў.

Польская экспэртка ў правах чалавека Аляксандра Хшаноўская расказала пра выпадак згвалтаваньня са слоў сваёй кліенткі, якая дабралася да Польшчы. Гэта 35-гадовая жанчына з Ірака, якая была ў лягеры ў Брузгах.

Паводле гэтай жанчыны, беларускія памежнікі трымалі некаторых людзей па-за складам — у падвалах на тэрыторыі лягістычнага цэнтру і вайсковых абʼектаў непадалёк.

У адзін з такіх падвалаў, расказала жанчына, пагранічнікі аднойчы забралі яе разам з 16-гадовай дачкой. Двое памежнікаў пачалі прыставаць да дзяўчыны, чапаць яе інтымныя месцы. Маці ўмольвала іх, каб яны ўзялі яе замест дачкі. Тады прынамсі двое сілавікоў вагінальна і анальна згвалтавалі жанчыну на вачах у яе дачкі. Пасьля гэтага абедзьвюх вярнулі ў лягер. Жанчына таксама казала Хшаноўскай, што пасьля здарэньня яна стала больш уважліва прыглядацца да тых, каго сілавікі забіралі з лягеру, а потым вярталі. Гледзячы на тое, якімі гэтыя людзі — як жанчыны, так і мужчыны — вярталіся, як сябе паводзілі, яна лічыла, што яны таксама прайшлі праз сэксуальны гвалт.

Свае высновы Human Rights Watch накіравала польскім і беларускім уладам, папрасіўшы іх пра камэнтары, але не атрымала адказу.

​
XS
SM
MD
LG