Колькасьць мігрантаў, які робяць спробы незаконнага пранікненьня зь Беларусі ў Польшчу, упала да некалькіх дзясяткаў на дзень. Так, паводле польскай памежнай службы:
- 5 чэрвеня на тэрыторыю Польшчы спрабавалі незаконна трапіць 20 чалавек, сярод якіх былі грамадзяне Шры-Ланкі, Марока, Камэруна і Туніса.
- 4 чэрвеня нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу спрабавалі 32 асобы, у тым ліку грамадзяне Конга, Камэруна, Гвінэі і Туніса.
- 3 чэрвеня нелегальных спробаў перасячэньня польскай мяжы мігрантамі з Ганы, Гвінэі, Эгіпта і Індыі было 14.
- 2 чэрвеня ў Польшчу пранікнуць спрабавалі 20 нерэгулярных мігрантаў, палова зь іх была з Альжыру.
Акрамя гэтага, польскія памежнікі за апошнія дні неаднаразова арыштоўвалі людзей, якія дапамагалі мігрантам у нелегальным праходжаньні дзяржаўнай мяжы.
Аднак, паводле інфармацыі польскіх памежнікаў, калі ўвосень 2021 году ў некаторыя дні рэгістравалася больш за паўтары тысячы такіх спробаў нелегальнага праходжаньня мяжы за 24 гадзіны (у кастрычніку — да 700 за дзень), то з пачатку гэтага году рэкордная колькасьць — 143 нерэгулярныя мігранты (лічба была зафіксаваная 21 сакавіка). У апошнія тыдні лічбы вагаюцца вакол дзясяткаў людзей на працягу сутак.
Пабудова сьцяны паміж Польшчай і Беларусьсю працягваецца
У студзені на фоне міграцыйнага крызісу польскі бок пачаў будаўніцтва агароджы на мяжы зь Беларусьсю, вышыня якой складае 5,5 мэтра.
Здача ў эксплуатацыю першых завершаных участкаў загароды прайшла 3 чэрвеня. Чакаецца, што цалкам работы будуць скончаныя ў канцы чэрвеня 2022 году.