Выстава праходзіць на Міхайлаўскай плошчы між двума ўкраінскімі сымбалямі — галоўным саборам Праваслаўнай царквы Ўкраіны, якая атрымала статус аўтакефаліі, і помнікам княгіні Вользе, апосталу Андрэю і асьветнікам Кірылу і Мяфодзію.
Выстаўку стварылі на аснове архіўных дакумэнтаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіву грамадзкіх арганізацый Украіны, Міністэрства ўнутраных спраў, дзяржаўных архіваў некалькіх абласьцей, а таксама задакумэнтаваных злачынстваў сучаснай расейскай арміі.
На выстаўцы прадстаўленыя гісторыі 13 украінцаў: 34-гадовага селяніна зь Віньнічыны Міхайлы Ратушняка, якога раскулачылі ў 1931 годзе, двойчы арыштоўвалі і ўрэшце асудзілі на 10 гадоў лягераў, дзе ён і загінуў, і сучаснага фэрмэра і валянтэра з Луганшчыны Аляксандра Конанава, якога расейцы застрэлілі ва ўласным доме ў вёсцы пад Севераданецкам. Аляксандар перамяшчаўся ў інвалідным вазку.
Наведнікі выстаўкі могуць параўнаць гісторыі двух дырэктараў украінскіх школ — Фёдара Сьцепаненкі, якога расстралялі ў 1938 годзе паводле абвінавачаньня ў контрарэвалюцыі толькі за тое, што адзін з вучняў намаляваў ягоны партрэт. Натальля Косава загінула сёлета ў першы дзень вайны, 24 лютага, у выніку абстрэлу Генічэску Херсонскай вобласьці.
Ва Ўкраіне злачынствы расейскіх вайскоўцаў называюць «рашызмам». На думку дырэктара Архіву нацыянальнай памяці Ігара Куліка, карані гэтай зьявы — у таталітарным камуністычным рэжыме, ад якога загінулі мільёны грамадзян.
«У архіве Сумскай вобласьці знайшлі акт аб сьмерці, датаваны траўнем 1933 году. У графе аб прычынах сьмерці 19-гадовага Сяргея Астапенкі, працаўніка калгасу, было напісана адно слова: украінец», — сказаў Ігар Кулік, адкрываючы выстаўку.
Дырэктар Архіву нацыянальнай памяці лічыць, што цяпер яшчэ важней інфармаваць грамадзтва пра злачынствы камунізму.
«Наша задача цяпер удвая цяжэйшая — мы мусім дасьледаваць і асудзіць і камунізм, і рашызм. Мы ня проста ставім знак роўнасьці між гэтымі зьявамі. Крывавыя мэтады Расеі не зьмяніліся зь мінулага стагодзьдзя, і гэта дэманструюць лёсы 13 герояў нашай экспазыцыі», — дадаў ён.
Вядомага ўкраінскага сэлекцыянэра Ўладзіміра Сімірэнку тройчы арыштоўвалі карныя савецкія органы за нібыта ўдзел у «антысавецкай шкодніцкай арганізацыі». Пасьля трэцяга арышту ў 1938 годзе ён ужо ня выйшаў — яго расстралялі. Ён меў мужнасьць прапанаваць альтэрнатыўныя шляхі разьвіцьця садаводзтва, якія не супадалі з думкай тагачаснай улады і асабіста Ёсіфа Сталіна.
А ў нашы дні ўкраінскага навукоўца Васіля Кладзько, які жыў у Ворзэлі пад Кіевам нават у часе баявых дзеяньняў, пасьпеўшы толькі эвакуаваць жонку і ўнукаў, расейскія вайскоўцы расстралялі ў двары ўласнага дома.
Насупраць гэтай выстаўкі тыднем раней выставілі расейскую вайсковую тэхніку і ракеты, якімі Расея зьнішчае ўкраінскія гарады і вёскі. Цяпер сюды прыходзяць і сёлетнія выпускнікі, якія ў большасьці засталіся без аднаго з галоўных у жыцьці сьвятаў — сьвята апошняга званка.
«Што аб’ядноўвае таталітарны і камуністычны рэжымы царскай Расеі і цяперашняй аўтарытарнай — тое, што яны, уласна, адмаўляюць існаваньне ўкраінскай гісторыі, украінскага народу, украінскай мовы. У гэтым прасочваецца дакладная пасьлядоўнасьць. Чым гэта адрозьніваецца ад нацысцкага адмаўленьня існаваньня габрэйскага народу? Нічым. Мы сёньня гэта можам пабачыць на тым, як забіваюць нашых людзей, на тым, што зруйнавалі ці пашкодзілі каля 400 помнікаў культуры нашай спадчыны, зь іх каля 150 рэлігійных збудаваньняў», — адзначыў міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандар Ткачэнка.
На Міхайлаўскай плошчы выстаўка прастаіць два месяцы, а потым яе будуць пераносіць у іншыя месцы ў Кіеве.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.