Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыюпаль на мяжы эпідэміі халеры; баі ў Севераданецку. 108-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Разбураны будынак у Марыюпалі
Разбураны будынак у Марыюпалі

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 7 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Расейскія войскі працягваюць наземны штурм Севераданецка, аднак узяць горад пад поўны кантроль арміі не ўдаецца.
  • Генштаб Украіны паведаміў аб прасоўванні расейскіх войскаў да Бахмута, за некалькі кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад гораду.
  • 4,5 мільёна ўкраінцаў вярнуліся ва Ўкраіну пасьля выезду на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
  • Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны заявіў, што страты ўкраінскіх вайскоўцаў цяпер складаюць ад 100 да 200 чалавек штодзень.


Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 10 чэрвеня

Улады так званай «ДНР» адправяць пад суд яшчэ аднаго замежніка

Як паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на прадстаўніцу «ДНР» Натальлю Ніканараву, гаворка ідзе пра вайскоўца з Паўднёвай Карэі. Ён таксама ваяваў на баку Ўкраіны.

Ва Ўкраіне загінуў яшчэ адзін журналіст

Украінскі афіцэр, ваенны журналіст і вядучы праекту «Рэкрут UA» Аляксей Чубашаў загінуў 10 чэрвеня. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў ягоны сябра і ўкраінскі блогер Міхаіл Макарук. Па ягоных словах, у яго засталіся жонка і двое дзяцей.

«Мега станоўчы і прафэсійны журналіст. Афіцэр. Чалавек, які верыў у сваю справу і ішоў заўсёды да пастаўленай мэты. Леха, я цябе запомню назаўжды як прыстойнага ўсьмешлівага хлопца за кубкам кавы ў Марыінскім парку. І мы вызвалім тваю Радзіму на Запарожжы», — напісаў Макарук.

Кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен прыбыла зь візытам у Кіеў

Яе візіт зьвязаны з абмеркаваньнем заяўкі Кіева на ўступленьне ў Эўразьвяз. Заплянавана яе сустрэча з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

На прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Уршуля фон дэр Ляен паведаміла Зяленскаму, што рашэньне Эўракамісіі па заяўцы Ўкраіны на сяброўства ў ЭЗ будзе гатова ўжо да канца наступнага тыдня.

«Эўракамісія рыхтуе нашыя рэкамэндацыі для дзяржаў-сябраў ЕЗ. Мае сёньняшнія абмеркаваньні зь Зелянскім і Шмыгалем (прэм’ер-міністар Украіны — рэд.) дазволяць нам завяршыць нашу ацэнку. Шлях вядомы. Я шаную намаганьні і рашучасьць Украіны ў гэтым працэсе», — заявіла кіраўніца Эўракамісіі.

У акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны пачалі выдаваць расейскія пашпарты

У акупаваным расейцамі Херсоне і Запароскай вобласьці пачалі выдаваць пашпарты РФ. 11 чэрвеня першыя расейскія пашпарты атрымалі жыхары Мелітопаля — буйнога горада ў Запароскай вобласьці, паведамляюць расейскія СМІ.

У Херсоне, па паведамленьнях РІА «Новости», па новыя пашпарты прыйшлі 23 жыхары. Сярод іх — кіраўнік акупацыйнай «ваенна-цывільнай адміністрацыі» вобласьці Ўладзімір Сальда, які раней трапіў пад санкцыі Эўразьвязу.

Раней анансавалася, што расейскія пашпарты пачнуць выдаваць 12 чэрвеня, у так званы «Дзень Расеі».

Стэлу на ўезьдзе ў Марыюпаль перафарбавалі ў колеры расейскага сьцяга

За дзень войскі РФ нанесьлі 16 удараў па Данецкай вобласьці: ёсьць параненыя і загінулыя, — украінская паліцыя

За дзень расейскія войскі нанесьлі па Данецкай вобласьці 16 удараў, ёсьць параненыя і загінулыя сярод мірнага насельніцтва, паведамляе Нацыянальная паліцыя Данецкай вобласьці.

За мінулыя суткі расейскія войскі ўдарылі па 13 населеных пунктах. Яны абстрэльвалі мірнае насельніцтва з танкаў, стралковай зброі, цяжкай артылерыі, мінамётаў, ракет, рэактыўных сыстэм залпавага агню «Ураган», «Град», «Тарнада», гаворыцца ў паведамленьні.

Праваахоўнікі паведамляюць, што разбурэньні атрымалі 30 цывільных аб’ектаў: 14 жылых дамоў, лініі электраперадач, трансфарматарныя падстанцыі, лясны масіў і гаражы.

Раніцай 11 чэрвеня кіраўнік Данецкай аблдзяржадміністрацыі Павел Кірыленка паведаміў, што з пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў выніку абстрэлаў і бамбардзіровак у Данецкай вобласьці загінуў сама меней 491 мірны чалавек, параненыя яшчэ 1264 чалавекі. Цяпер, дадаў ён, невядомая колькасьць ахвяраў расейцаў у Марыюпалі і Валнавасе.

Украінскі Генштаб: за дзень украінскае войска адбіла 14 нападаў з боку Расеі

Паводле зьвестак Генштабу Ўзброеных сіл Украіны, за мінулыя суткі найбольшыя страты расейскае войска панесла на Севераданецкім і Бахмуцкім напрамках. У прыватнасьці, на Паўночнаданецкім напрамку расейскае войска атакуе раёны населеных пунктаў Новаташкоўское і Арэхаў. Таксама працягваецца штурм самога Севераданецка.

На Бахмуцкім напрамку Расея праводзіць перагрупоўку войскаў для атакі на Мікалаеўку і Камышаваху.

Усяго, па дадзеных украінскага Генштабу, за апошнія суткі на Данецкам і Луганскім кірунках украінскае войска адбіла 14 нападаў з боку Расеі.

У Луганскай вобласьці пад абстрэл расейскіх войскаў патрапіў пасёлак Урубаўка

Як паведамляе «Громадське», у выніку абстрэлу пацярпелі многія дамы. Інфармацыя аб магчымых ахвярах удакладняецца. СМІ удакладняе, што расейскія войскі замацоўваюцца на паўночнай ускраіне сяла Арэхава і працягваюць штурмавыя дзеяньні ў Севераданецку.

Уначы расейскія войскі абстралялі з мінамётаў Сумскую вобласьць

Уначы расейскія вайскоўцы абстралялі горад Варожба і Шалыгінскую грамаду, паведаміў раніцай 11 чэрвеня старшыня Сумскага абласнога ваеннага ўпраўленьня Дзьмітрый Жывіцкі.

«А палове першай ночы праціўнік мінамётным агнём са сваёй тэрыторыі пашкодзіў дамы мірных жыхароў у Варожбе і лініі электраперадач. Каля 5 „прылётаў“, у некалькіх дамах выбітыя вокны, пасечаныя сьцены. На шчасьце, людзі не пацярпелі. Бліжэй да першай гадзіны ночы расейцы 8 разоў нанесьлі мінамётныя ўдары па тэрыторыі Шалыгінскай грамады. Пацярпелых і пашкоджаньняў няма», — гаворыцца ў паведамленьні.

ISW: Расейскія войскі працягваюць наземны штурм Севераданецка, аднак узяць горад пад поўны кантроль арміі не ўдаецца

Да такой высновы прыйшлі экспэрты амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны (ISW). Па словах спэцыялістаў, як і падчас баёў у Марыюпалі, пакуль нельга аднавіць дакладную карціну таго, што адбываецца ў гарадзкіх кварталах Севераданецка, бо з кожным днём зьвестак адтуль становіцца ўсё менш.

Акрамя таго, Расея рыхтуецца аднавіць наступ на Славянск. Войскам ужо ўдалося заваяваць некаторыя тэрыторыі на поўнач ад горада. Таксама працягваюцца спробы перарэзаць трасу Бахмут — Лісічанск. Уздоўж яе абстрэльваюцца населеныя пункты.

Кіеў, у сваю чаргу, настойвае на найхутчэйшых пастаўках узбраеньняў з заходніх краінаў, бо ўкраінскае войска моцна саступае расейскім войскам у артылерыі.

За час вайны ва Ўкраіне загінулі 287 дзяцей, яшчэ больш за 490 атрымалі раненьні

Як паведамляе офіс генпракурора Ўкраіны, больш за ўсё непаўналетніх пацярпелі ў Данецкай, Харкаўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Луганскай, Херсонскай, Мікалаеўскай і Запароскай абласьцях. Пры гэтым у Марыюпалі, які доўгі час знаходзіўся пад бесьперапыннымі абстрэламі, пакуль пацьвердзілі сьмерць 24 дзяцей.

У офісе падкрэсьліваюць, што гэтыя зьвесткі неканчатковыя, бо ў шматлікіх рэгіёнах працягваюцца баявыя дзеяньні. Акрамя таго, немагчыма падлічыць дакладную колькасьць загінулых на акупаваных тэрыторыях.

Арастовіч: з пачатку вайны загінулі каля 10 тысяч украінскіх вайскоўцаў

Паводле дарадцы кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Аляксея Арастовіча, у пачатку вайны ў дзень у сярэднім гінула каля 100 украінскіх вайскоўцаў.

«Але ў расейскім войску 1000 у суткі гінула ў першыя 20-30 дзён. Цяпер 200-300 гінуць, ня менш. Ну, глядзі, за сёньня толькі, праўда, сёньня нетыповы дзень, надта добра адпрацавала артылерыя, таму чалавек 600 у суткі мы прыгаварылі, ня менш. Яно так і будзе: адзін да пяці, адзін да трох, адзін да шасьці вось так вагацца», — сказаў Арастовічу размове з Маркам Фейгіным, піша ТСН.

На пытаньне Фейгіна, ці можна зыходзячы з гэтых падлікаў сказаць, што ўкраінскае войска страціла да 10 тысяч байцоў, Арастовіч адказаў: «Так, недзе так».

Зяленскі адмовіў у адказ на пэтыцыю дазволіць мужчынам выезд з Украіны

Уладзімір Зяленскі адказаў адмовай на пэтыцыю пра дазвол на выезд з Украіны мужчынам ад 18 да 60 гадоў. Ён нагадаў, што, згодна з Канстытуцыяй, абарона Ўкраіны — гэта справа ўсяго народу.

Забарона на выезд паўналетніх мужчын з Украіны пачала дзейнічаць з увядзеньнем ваеннага становішча. Абмежаваньне будзе адмененае, калі скончыцца рэжым ваеннага становішча, сказана ў адказе Зяленскага.

Ва Ўкраіне расьсьледуюць 16 468 крымінальных спраў супраць расейскіх вайскоўцаў

«Вяртаючыся да ваенных злачынстваў, на сёньня 16 486, мне здаецца, адкрытых крымінальных спраў. Вы ж разумееце, што заўтра іх будзе на 200 больш. Мы ня можам іх не адкрываць», — сказала Венедыктава ў эфіры канала «Украіна-24», піша ТАСС.

Па словах генпракурора, на сёньняшні дзень па гэтых справах праходзяць 111 падазраваных. Яшчэ 8 спраў перададзены ў суд і знаходзяцца на разглядзе.

Венедыктава дадала, што яшчэ 623 падазраваных праходзяць па справах аб «злачынствах агрэсіі»: гэта расейскія «топ-чыноўнікі, палітыкі, вайскоўцы» і мэдыйныя пэрсоны.

Марыюпаль — пад пагрозай успышкі халеры

Мэр Марыюпаля Вадзім Бойчанка расказаў у тэлеэфіры 10 чэрвеня, што ў падкантрольным расейцам горадзе закрытыя ўсе бальніцы, каб схаваць распаўсюджваньне халеры.

«Трэба разумець, што зараз тыя шпіталі, якія кіруюцца так званай „ДНР“, яны закрываюць тыя шпіталі, каб мы амаль не атрымлівалі інфармацыю. Аднак ёсьць зараз сьведчаньні таго, што ёсьць першыя ўспышкі гэтай хваробы. І яны „змагаюцца“ з гэтым такім чынам, што закрылі горад і паставілі яго на карантын», — сказаў ён.

Аб пагрозе буйной успышкі халеры ў Марыюпалі паведамляла і брытанская выведка. Паводле яе, з траўня паступалі паведамленьні аб адзінкавых выпадках захворваньня халерай.

У апошні раз Украіна пацярпела ад буйной эпідэміі халеры ў 1995 годзе, і з тых часоў назіраліся невялікія ўспышкі, асабліва на ўзьбярэжжы Азоўскага мора, у тым ліку Марыюпалі. Мэдыцына ў Марыюпалі ўжо знаходзіцца на мяжы каляпсу, а буйная ўспышка халеры толькі пагоршыць сытуацыю, гаворыцца ў зводцы.

Праз разбурэньні ў выніку вайны з Расеяй Украіна страціла каля 103,9 мільярда даляраў

З пачатку вайны пашкоджана, разбурана або захоплена сама меней 44,8 млн квадратных мэтраў жылога фонду, 256 прадпрыемстваў, 6300 чыгуначных шляхоў, 656 мэдыцынскіх установаў, 1177 навучальных установаў, 668 дзіцячых садоў, 198 складоў, 20 гандлёвых цэнтраў. Такія дадзеныя прыводзіць Кіеўская школа эканомікі (KSE).

Таксама паведамляецца, што з прычына ваенных дзеяньняў украінцы страцілі амаль 105 тысяч легкавых аўтамабіляў — агульная сума шкоды складае 968 млн даляраў.

Паводле зьвестак KSE, ва Ўкраіне разбурана або пашкоджана сама меней 141 рэлігійнае і 203 культурныя збудаваньні. Сума шкоды ад страчаных або разбураных рэлігійных установаў і збудаваньняў складае 81 млн даляраў, аб'ектаў культуры — 272 млн даляраў.

Што адбываецца ў Расеі

Расавіяцыя працягнула забарону палётаў на поўдні і ў цэнтральнай частцы Расеі да 18 чэрвеня

Як паведамляе РБК, абмежаваньні закранаюць Анапу, Белгарад, Бранск, Варонеж, Геленджык, Краснадар, Курск, Ліпецк, Растоў-на-Доне, Сімферопаль і Элісту.

Пуцін падпісаў указ аб выплаце 5 мільёнаў рублёў семʼям забітых ва Ўкраіне салдат

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ: выплаціць па пяць мільёнаў рублёў семʼям супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы ФСБ, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне і падчас баёў у Сырыі. Згодна з указам, столькі ж атрымаюць сваякі загінулых ва Ўкраіне і Сырыі расейскіх «добраахвотнікаў».

Апошні раз Расея паведамляла пра свае страты ў вайне з Украінай 25 сакавіка, заявіўшы пра 1351 загінулага і 3825 параненых. Украінскі Генштаб ацэньвае страты Расеі больш як у 31 тысячу салдат.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.

Генштаб Украіны: у Беларусі пачалі адпрацоўваць стварэньне ўдарных груповак

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заяўляюць, што беларускія войскі адпрацоўваюць фармаваньне ўдарных падразьдзяленьняў.

«На валынскім і палескім кірунках, згодна з плянам праверкі, да 11 чэрвеня ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь адпрацоўваюцца пытаньні стварэньня ўдарных груповак на адным з кірункаў і праверка гатоўнасьці транспартнай інфраструктуры да перамяшчэньня падразьдзяленьняў», — сказаў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.

Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны

«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Як рэагуе сьвет

Чэхія прыме 500 расейцаў і беларусаў, якіх перасьледуюь улады, па праграме МЗС

МЗС Чэхіі апублікавала падрабязнасьці праграмы паскоранай іміграцыі для расейскіх і беларускіх грамадзянаў. Прыём заяваў па праграме пачаўся 20 траўня і працягнецца цэлы год, але квота складае ўсяго 500 чалавек.

Чэхія прыпыніла выдачу візаў расейцам і беларусам 24 лютага, адразу пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны.

Сусьветны банк зацьвердзіў выдзяленьне Ўкраіне 1,49 мільярда даляраў

Сусьветны банк ухваліў 1,49 млрд даляраў фінансавай дапамогі Ўкраіне, павялічыўшы агульны заплянаваны пакет падтрымкі ўкраінскай эканоміцы больш як да 4 млрд даляраў, паведамляе Reuters.

Грошы патрацяць на заробкі дзяржаўным і сацыяльным работнікам. Гэтыя сродкі ўключаюць крэдытныя гарантыі Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін. Праект таксама падтрымліваецца паралельным фінансаваньнем з Італіі і ўнёскамі з новага шматдонарскага траставага фонду.

Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за напад на Ўкраіну

Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.

У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG