Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка робіць для Масквы ўсё, што ад яго патрабуюць, — аналітык Аркадзь Мошэс


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, красавік 2022
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, красавік 2022

«Беларусь ідзе даважкам да Расеі. І гэта лягічна, бо ва ўмовах вайны немагчыма абстрагавацца ад таго, што Беларусь з гледзішча міжнароднага права зьяўляецца дзяржавай-агрэсарам».

Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс аналізуе, ці ўдасца Менску, выкарыстоўваючы «хлебную праблему», дабіцца адмены санкцыяў, тлумачыць, чаму Лукашэнка як быў ідэальным кіраўніком Беларусі для Масквы, так і застаецца, і заяўляе, што Лукашэнка ўжо нічога ня можа проціпаставіць ціску Масквы.

Сьцісла:

  • Лукашэнка канчаткова адрэзаў сябе на аглядную будучыню ад магчымасьці новай «перазагрузкі»
  • Няма дакладнага ўяўленьня пра тое, якую Беларусь Захад хацеў бы бачыць пасьля вайны і як ён мог бы гэтага дабіцца
  • Найхутчэй, Лукашэнку падказваюць у Маскве, што трэба рабіць, каб трымаць украінцаў у напружаньні
  • Беларусь фактычна страчвае свой сувэрэнітэт усе гады, што Лукашэнка ва ўладзе

— Эўразьвяз нядаўна прыняў чарговы пакет санкцыяў у дачыненьні да афіцыйнага Менску. Ці можна сказаць, што на сёньня ў Эўразьвязу ёсьць нейкая дакладная стратэгія ў дачыненьні да Беларусі, ці гэта па-ранейшаму тактычная рэакцыя на нейкія канкрэтныя абставіны?

— Я б не назваў гэта стратэгіяй. Беларусь ідзе даважкам да Расеі. І гэта лягічна, бо ва ўмовах вайны немагчыма абстрагавацца ад таго, што Беларусь з гледзішча міжнароднага права зьяўляецца дзяржавай-агрэсарам. Больш за тое, у рэзалюцыі ААН на пачатку сакавіка таксама гаворыцца пра адказнасьць Беларусі за агрэсію Расеі супраць Украіны. Тое, што Менск трапіў у гэтую катэгорыю, аўтаматычна фармуе шмат якія палітычныя падыходы.

Аркадзь Мошэс
Аркадзь Мошэс

Адначасова трэба разумець, што Беларусь — міжнародна прызнаная незалежная дзяржава, з фармальным сувэрэнітэтам. І ў гэтым пляне стаўленьне да Беларусі заўсёды будзе адрозьнівацца ад стаўленьня да ДНР ці ЛНР, незалежна ад таго, што далей адбудзецца ў расейска-беларускіх адносінах. Мне падаецца, Лукашэнка канчаткова адрэзаў сябе на аглядную будучыню ад магчымасьці новай «перазагрузкі», ад магчымасьці паўтарэньня 2015 году, ад нейкіх спробаў знайсьці зь ім агульную мову.

Але, на жаль, няма дакладнага ўяўленьня пра тое, якую Беларусь Захад хацеў бы бачыць пасьля вайны і як ён мог бы гэтага дабіцца. Хацеў бы Захад бачыць Беларусь чальцом эўрапейскай сям’і народаў, краінай, якая ўваходзіць у тую ж катэгорыю адносінаў з Эўразьвязам, як Украіна, Малдова і Грузія — мы пакуль гэтага ня ведаем. Таму і няма стратэгіі, бо няма нават «ідэальнага» бачаньня будучыні адносінаў зь Беларусьсю.

— Беларусам, вядома, крыўдна чуць і разумець, што краіна ідзе «даважкам» да Расеі. Тым ня менш санкцыі да Беларусі не такія моцныя як да Расеі, Захад пакуль адрозьнівае Маскву і Менск.

— Мне і самому крыўдна гэта бачыць і канстатаваць. У Беларусі быў шанец выйсьці з гэтай катэгорыі, у жніўні 2020 году быў гістарычны шанец, якім, на жаль, грамадзтва і краіна ня здолелі скарыстацца. Калі Расея нейкім чынам пачне ажыцьцяўляць дзеяньні па спыненьні сувэрэнітэту Беларусі і яе прыняцьці ў склад Расеі, то Захад, безумоўна, зробіць спробы неяк абараніць гэты сувэрэнітэт. Але гэта, бадай, усё, што можна на сёньня канкрэтна сказаць.

Безумоўна, Беларусь не ўспрымаецца ў якасьці цалкам самастойнага суб’екта падчас вайны Ўкраіны з Расеяй. Калі б у Лукашэнкі (а тым больш у беларускага народу) быў рэальны выбар, Беларусь не дазволіла б скарыстаць сваю тэрыторыю для ажыцьцяўленьня гэтай агрэсіі.

Санкцыі адрозьніваюцца яшчэ і таму, што яны зыходзяць ня толькі з таго, што трэба рабіць, але і з таго, што можна рабіць. І я, дарэчы, не пагаджуся, што санкцыі, накладзеныя на Беларусь, слабейшыя за тыя, якія накладзеныя на Расею. Але разуменьне таго, што гэта розныя кейсы, на Захадзе прысутнічае.

— Лукашэнка спрабуе скарыстаць сытуацыю з украінскім хлебам, каб зноў нагадаць пра сябе, каб паспрабаваць разыграць «гуманітарную карту». Ці ўдасца яму дабіцца хоць нейкай адмены санкцыяў у сувязі з хлебнай тэмай?

— На мой погляд, не. Па-першае, гэта не ўспрымаецца як самастойная пазыцыя Лукашэнкі. Менавіта таму, што Пуцін з такім энтузіязмам падтрымаў пытаньне аб зьняцьці санкцыяў супраць Беларусі ў абмен на транспартаваньне збожжа празь Беларусь — стала зразумела, што гэта ўзгодненая пазыцыя. Што гэта спроба дабіцца хаця б маленькай трэшчыны ў брані эўрапейскіх санкцыяў, каб потым такую ж працэдуру прымяніць да Расеі. Таму ніякай самастойнай пазыцыі Менску тут няма.

Другое. Зусім не відавочна, што ў гэтым шляху празь Беларусь ёсьць нейкі практычны сэнс. У балтыйскія парты ўкраінскае збожжа можа трапіць абходным шляхам праз Польшчу. Экспарт украінскага збожжа — стратэгічная праблема для Ўкраіны, але гэта не глябальная праблема для сусьветнай харчовай бясьпекі. Таму я думаю, што ўсе гэтыя спробы Менску дабіцца зьмякчэньня санкцыяў ні да чога не прывядуць — на такія «разьмены» Захад ня пойдзе.

— Некаторыя выказваньні Лукашэнкі прымусілі назіральнікаў заяўляць, што ён спрабуе «пераабуцца». Два месяцы таму ў інтэрвію Свабодзе вы казалі, што «Лукашэнка спрабуе зноў сесьці на таго ж коніка, што ў 2008 і 2014 годзе. Але зараз не атрымаецца». Што-небудзь зьмянілася з таго часу?

— Я даўно перастаў зьдзіўляцца, што Лукашэнка цягам адной прамовы можа выказваць вельмі розныя пазыцыі. Для чалавека, які назваў сябе «праваслаўным атэістам», гэта ня дзіўна. У яго могуць ужывацца ў галаве зусім рознанакіраваныя канцэпцыі, тым больш калі яму гэта трэба.

Я думаю, што ён спрабуе знайсьці магчымасьці для лявіраваньня — але ў яго не атрымліваецца. Больш за тое, сёньня ягонае становішча яшчэ горшае, чым было 2 месяцы таму. Бо 2 месяцы таму мы глядзелі на сытуацыю ў сьвятле адводу расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі — а сёньня мы бачым, што на поўдні Беларусі зноў адбываецца пэўная эскаляцыя. Вучэньні, вайсковыя трэніроўкі — цяжка пазбавіцца ад уражаньня, што гэта адбываецца не з ініцыятывы Лукашэнкі. Найхутчэй, яму падказваюць у Маскве, што трэба рабіць, каб трымаць украінцаў у напружаньні.

Такім чынам, усё, што Лукашэнка гаворыць, траціць сэнс на фоне таго, што ён робіць. А робіць ён правакацыйныя манэўры ды іншае. За 2 месяцы пасьля апублікаваньня ліста Макея эўрапейцам ніякага адказу Менск не атрымаў, ні на якія кантакты з Лукашэнкам Захад не пайшоў, санкцыі толькі ўзмацняюцца. Так што — так, Лукашэнка спрабуе сесьці на таго ж коніка, але ў яго не атрымліваецца.

— Беларусь жыве ў такой рэальнасьці, дзе пагроза сувэрэнітэту існуе заўсёды. Нядаўна даволі прыкметна прагучала інфармацыя, што ў Крамлі нібыта разглядаюць магчымасьць рэфэрэндуму аб далучэньні Беларусі. Ці сапраўды ў Маскве могуць разглядацца такія ідэі і як на іх можа адказаць Лукашэнка?

— Усе апошнія гады я заяўляю прыблізна адно і тое ж — што непасрэднай пагрозы страты фармальнага беларускага сувэрэнітэту няма. Дакладней кажучы, няма пагрозы афіцыйнага і фармальнага далучэньня Беларусі да Расеі. Тое, што Беларусь фактычна страчвае свой сувэрэнітэт усе гады, што Лукашэнка ва ўладзе, — гэта не сакрэт.

Але незразумела, што Расея можа атрымаць ад далучэньня Беларусі. Вось калі вы заваёўваеце, далучаеце Ўкраіну, то далучэньне Беларусі становіцца неабходным у кантэксьце ўмоўнага аднаўленьня СССР. Без далучэньня Украіны ў далучэньні Беларусі няма ніякага сэнсу. Гэта ня выкліча такога энтузіязму, як выклікаў Крым.

Зьявяцца толькі новыя праблемы. Частка насельніцтва Беларусі будзе актыўна пратэставаць. А як беларусы ўмеюць пратэставаць — Крэмль пабачыў 2 гады назад.

У Расеі прасьцей дабіцца падпарадкаваньня насельніцтва за кошт рэпрэсіўных крокаў. Гэта прасьцей, чым прыдумляць нейкія складаныя палітычныя схемы, у прыватнасьці з далучэньнем Беларусі. Мне падаецца, што рызыкі фармальнай страты Беларусьсю сваёй дзяржаўнай незалежнасьці няма.

Па факце саюз рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна дасягнуў той ступені, калі Лукашэнка ўжо нічога ня можа проціпаставіць ціску Масквы. У гэтым сэнсе Лукашэнка як быў ідэальным кіраўніком Беларусі для Масквы, так і застаецца. Лукашэнка робіць для Масквы ўсё, што ад яго патрабуюць. А просіць у адказ вельмі мала, мінімальныя эканамічныя субсыдыі. У параўнаньні з вайной ва Ўкраіне тое, што просіць для сябе беларускі рэжым, — гэта капейкі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG