У інтэрвію Zerkalo.io Сьвятлана Ціханоўская адказала на пытаньні аб тым, што можа прапанаваць на ўкраінска-расейскіх перамовах і якіх гарантыяў чакае для Беларусі.
Нядаўна Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ва ўкраінска-расейскіх перамовах важны ўдзел Беларусі. Так, яна асудзіла імкненьне Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнічаць у гэтым працэсе і прапанавала на гэтую ролю сябе.
«Мы мусім аднавіць сувэрэнітэт і бязьядзерны статус Беларусі, якіх краіну пазбаўляе рэжым. Таксама наша задача — вярнуць мір у Беларусь і ўвесь рэгіён і надаць гэтаму міру ўстойлівасьць. Для гэтага расейскія войскі без усялякіх дадатковых умоваў павінны пакінуць тэрыторыю нашай краіны раз і назаўжды», — адзначыла Ціханоўская ў размове з Zerkalo.io.
Яна таксама падкрэсьліла, што разам са сваёй камандай будзе працягваць дабівацца вызваленьня ўсіх палітвязьняў і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці, а таксама правядзеньня сумленных выбараў.
Ціханоўская сказала, што на перамовах, у першую чаргу, Беларусь можа быць надзейным партнэрам і саюзьнікам, выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязаньні, быць гарантам бясьпекі і донарам міру, а не вайны.
Ціханоўская заявіла, што верыць у магчымасьць удзелу ў перамовах і атрыманьні пэўных гарантый для Беларусі.
«Нам патрэбна ўпэўненасьць, што Беларусь ня стане разьменнай манэтай у нейкіх геапалітычных разьліках. Наша краіна зацікаўлена ў свабоднай дэмакратычнай Украіне. Роўна гэтак жа Ўкраіна разумее, што яе будучыня залежыць ад таго, ці будуць у Беларусі гаспадарыць расейскія войскі», — сказала дэмакратычная лідэрка.
«Улада ў Беларусі будзе выбраная на новых свабодных выбарах. Да іх я ўзяла на сябе адказнасьць прадстаўляць беларускі народ. Мы гатовы весьці перамовы з усімі, хто таксама шукае выйсьце з крызісу, і сфармаваць пераходны кабінэт, куды ўвойдуць розныя сілы, у тым ліку прадстаўнікі намэнклятуры і сілавога блёку», — адзначыла Ціханоўская.