Наступствы абстрэлу Жытомірскай вобласьці ў сакавіку 2022 году
Намесьнік начальніка Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў пра чарговы факт выкарыстаньня вайсковых аэрадромаў Беларусі для абстрэлаў украінскай тэрыторыі.
«Прыкметаў фармаваньня на тэрыторыі Беларусі ўдарных, наступальных груповак не назіраем, але, напрыклад, сёньня з аднаго з аэрадромаў Рэспублікі Беларусь праціўнік, Узброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі, падняў у паветра самалёты і нанёс ракетныя ўдары па тэрыторыі Ўкраіны», — заявіў Аляксей Громаў 9 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.
На просьбу карэспандэнта Свабоды ўдакладніць рэгіён абстрэлаў і аэрадромаў ён адказаў:
«1.15 ночы, Жытомірскі рэгіён, ракетны ўдар, крылатая ракета Х59. Два самалёты далучаныя з раёну Мазыра Гомельскай вобласьці і аэрадрому „Баранавічы“. Два самалёты Су-34 і адзін Су-30».
У той жа час Аляксей Громаў не паведаміў наступствы гэтага абстрэлу. Раней ён заяўляў, што «з тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны».
Кіраўнік Жытомірскай вобласьці Віталь Бунечка на сваёй старонцы ў Facebook удакладніў, што ракета пацэліла ў шматпавярховік у Наваградзе-Валынскім. Пра загінулых ці пацярпелых ён не паведаміў.
На мінулым тыдні кіраўнік Жытомірскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Віталь Бунечка заявіў, што ад пачатку расейскага ўварваньня з тэрыторыі Беларусі былі акупаваныя 9 населеных пунктаў вобласьці, а абстрэлы рэгіёну ажыцьцяўляліся як з Касьпійскага мора, так і вайсковай авіяцыяй, якая дысьлякавалася на тэрыторыі Беларусі.
«Мы штодзень нарошчваем абараназдольнасьць, і калі нехта захоча зайсьці з тэрыторыі Беларусі па зямлі, то мы зладзім такое апраметнае пекла, што ніхто сюды па зямлі дакладна ня прыйдзе», — сказаў Віталь Бунечка журналістам у часе сваёй паездкі ў Оўруч.