2 траўня Генэральная пракуратура Ўкраіны абвінаваціла жыхара Мазыра Сяргея Калацэя ў ваенных злачынствах — забойстве мірных жыхароў у Бучы. Доказам стаў скрыншот з запісу відэакамэры аб адпраўцы расейскімі вайскоўцамі нарабаванага з пошты ў Мазыры.
У ведамстве Калацэя назвалі «камандзірам аддзяленьня Ўпраўленьня фэдэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ па Ўльянаўскай вобласьці».
Сам ён адмаўляў віну, як і той факт, што нядаўна наведваў Украіну. Па словах Калацэя, ён мае толькі беларускі пашпарт і апошні час знаходзіўся ў Беларусі.
За месяц Генпракуратура Ўкраіны так і не прывяла канкрэтных доказаў вінаватасьці Калацэя — пры гэтым у ведамстве падкрэсьлілі, што «ёсьць падставы лічыць, што ён забіў чацьвярых чалавек і катаваў як мінімум аднаго чалавека».
У інтэрвію «Медузе» Сяргей Калацэй расказаў, што да гэтага моманту ніхто з прадстаўнікоў сілавых структур Украіны зь ім ня зьвязваўся.
«На вялікі жаль, я не валодаю ніякай інфармацыяй аб ходзе расьсьледаваньня [супраць мяне], — кажа Калацэй. — Я датэлефанаваўся па адным з нумароў Бучанскай пракуратуры. Трубку падняла жанчына — я прадставіўся і спытаў, з кім можна пагутарыць наконт высунутых супраць мяне падазрэньняў. Таксама я паведаміў ёй, што ў мяне ёсьць доказы маёй недатычнасьці да здарэньня — і што я ўвесь гэты час [вайны] знаходзіўся ў Мазыры, у Беларусі. Жанчына сказала, што трэба выслаць пацьверджаньні маёй недатычнасьці на электронную пошту, указаную на афіцыйным сайце ўкраінскай Генпракуратуры».
Аднак, паводле слоў Сяргея, ён ня змог адправіць неабходныя пацьверджаньні, бо афіцыйны сайт ведамства «выдаваў памылку». Калацэй падкрэсьліў, што больш ніякай інфармацыі ён так і ня змог даведацца. У выніку ён зьвярнуўся ў беларускую пракуратуру з заявай аб паклёпе ў ягоны адрас і пагрозах, якія паступаюць у адрас яго сямʼі.
«Мне паведамілі, што заведзена крымінальная справа [з нагоды абвінавачаньняў з боку Генпракуратуры Ўкраіны]. Цяпер праводзіцца праверка — і, наколькі мне вядома, пацьвярджаецца мая недатычнасьць да якіх-небудзь злачынстваў ва Ўкраіне», — сказаў Калацэй. — Я спадзяюся, што праваахоўныя органы Ўкраіны зьвяжуцца з органамі Беларусі, каб атрымаць неабходную інфармацыю. Спадзяюся на разважлівасьць і прафэсіяналізм прадстаўнікоў праваахоўных органаў Украіны. На тое, што яны больш дэталёва вывучаць усе факты і здымуць свае падазрэньні».
«Я супраць вайны»
Калацэй падкрэсьліў, што пасьля абвінавачаньняў Генпракуратуры Ўкраіны яму і яго жонцы пачалі паступаць «сотні паведамленьняў у сацыяльных сетках ад незнаёмых людзей — з пагрозамі расправы». Па словах Сяргея, паступалі яму і званкі са схаваных нумароў.
«Цяжка апісаць, што прыйшлося перажыць маім родным. Псыхалягічна цяжка, калі ідзе такі прэсінг. Немагчыма зразумець, чаго чакаць, як будуць далей разьвівацца падзеі і як дзейнічаць у такой сытуацыі. Ня кожны дзень мяне абвінавачваюць у ваенным злачынстве. Натуральна, з майго атачэньня ніхто не паверыў у гэтыя абвінавачаньні: калегі і сябры ўсяляк мяне падтрымліваюць. Людзі на вуліцы часам пазнаюць, падыходзяць, цікавяцца, як справы, і выказваюць падтрымку», — сказаў Сяргей Калацэй і адзначыў, што ягонае «асабістае стаўленьне да вайны — жахлівае».
«Я заўсёды быў супраць любой вайны, якая б яна ні была. Бо гінуць шмат людзей — дзеці, жанчыны, старыя. Разбураюцца гарады і дамы, якія гадамі будавалі. Я супраць!» — заявіў Калацэй.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.