Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Доказаў дастаткова», — украінская пракуратура пра датычнасьць жыхара Мазыра да забойстваў у Бучы


Сабака ляжыць каля цела мёртвага мужчыны на вуліцы ў горадзе Бучы Кіеўскай вобласьці пасьля таго, як напярэдадні горад пакінулі расейскія вайскоўцы, 3 красавіка 2022
Сабака ляжыць каля цела мёртвага мужчыны на вуліцы ў горадзе Бучы Кіеўскай вобласьці пасьля таго, як напярэдадні горад пакінулі расейскія вайскоўцы, 3 красавіка 2022

Генэральны пракурор Украіны 2 траўня агучыла імя першага падазраванага ў забойствах у Бучы — ім аказаўся ўраджэнец Мазыра Сяргей Калацэй. Сам ён адмаўляе віну, як і той факт, што ў апошні час наведваў Украіну. Па словах Калацэя, ён мае толькі беларускі пашпарт і сам цяпер знаходзіцца ў Беларусі.

Выданьне Zerkalo.io зьвярнулася ва ўкраінскую пракуратуру, каб удакладніць, ці сапраўды Калацэй датычны да забойстваў мірных жыхароў у Бучы, што пад Кіевам.

«У нас дастаткова доказаў для таго, каб падазраваць гэтую асобу ў інкрымінаваных яму злачынствах. Дасудовае расьсьледаваньне працягваецца, — растлумачылі ў прэс-службе пракуратуры Кіеўскай вобласьці. — Выдаваньне іншых зьвестак, згодна з арт. 222 КПК Украіны, немагчыма, бо гэта можа нашкодзіць сьледзтву».

Таксама выданьне ўдакладніла ў пракуратуры Кіеўскай вобласьці, чаму, калі расьсьледаваньне яшчэ працягваецца, імя падазраванага было названа. Адказ на пытаньне журналістам параілі шукаць у брыфінгу Генпракурора Украіны Ірыны Венядзіктавай, які прайшоў 4 траўня.

Яна патлумачыла тое, што адбылося, сказаўшы, што ёсьць неабходныя доказы:

«Мы будзем іх паказваць. Калі мы разумеем, што правялі ўсе неабходныя працэсуальна-сьледчыя дзеяньні і ў нас ёсьць усе законныя і абгрунтаваныя падставы пачынаць падазраваць канкрэтных расейскіх вайскоўцаў, якія тут забівалі, катавалі, гвалтавалі, мы будзем абавязкова апублічваць іх фота і дадзеныя, каб іншыя ахвяры, якія, ня дай Бог, таксама былі ў іхных лапах, маглі нам [пра гэта] паведамляць. Гэта з аднаго боку. А з другога, няхай гэтыя нелюдзі і іншыя, якія зараз ваююць у іншых частках нашай краіны, ведаюць, што мы кожнага вызначым, віну кожнага дакажам і будзем прыцягваць кожнага да адказнасьці. Бо асноўнае, што робіць іх такімі жорсткімі, гэта беспакаранасьць. А беспакаранасьці ня можа быць у сучасным сьвеце».

Падчас прэс-канфэрэнцыі Генэральнага пракурора таксама папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю з падазрэньнем, якое было выстаўлена ўраджэнцу Мазыра.

«Мы выдатна разумелі, хто ў нас будзе гэты падазраваны, — адказала Ірына Венядзіктава. — Мы вельмі старанна да гэтага падыходзілі. Так, у яго такое грамадзянства, што ж з гэтым зробіш. Але, у прынцыпе, гэта ж не пытаньне, хто ў вайсковым войску краіны-агрэсара зь якім грамадзянствам ваюе. Гэта пытаньне да краіны-агрэсара. Да нас пытаньне, ці ёсьць у нас дастаткова доказаў, што гэты чалавек, зьяўляючыся вайскоўцам Расейскай Федэрацыі, забіваў (у нас ёсьць законныя і аргумэнтаваныя падставы лічыць, што ён забіў чатырох чалавек і катаваў як мінімум аднаго чалавека). У нас, дзякуй Богу, ёсьць людзі, якія могуць даваць паказаньні. Таму ў гэтым выпадку грамадзянства Беларусі... Ну што ж, такое таксама бывае. Але гэта не азначае, што мы ня будзем працягваць прыцягваць да адказнасьці».

Раней украінскае выданьне «Слідство.Інфо» паведаміла, што падазраваны Сяргей Калацэй нарадзіўся і вырас у беларускім горадзе Мазыры. Доўгі час займаўся адзінаборствамі, выступаў на спаборніцтвах. У сваіх сацыяльных сетках паказвае, што затым пераехаў у Расею.

Сам Калацэй адмаўляе сваю віну, пра што заявіў выданьню «Можем объяснить».

«Я не служу ў Нацгвардыі. Вы што, з глузду зьехалі?» — заявіў ён.

Ён кажа, што ён не грамадзянін Расеі, мае толькі пашпарт Рэспублікі Беларусь, дзе цяпер і знаходзіцца. Мужчына адмаўляе, што апошнім часам наведваў Украіну.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG