Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прашу вас, спыніцеся!» Жыхар Мазыра сьцьвярджае, што ён не ваенны злачынец

абноўлена

Сяргей Калацэй, допісы
Сяргей Калацэй, допісы

2 траўня Генэральная пракуратура Ўкраіны абвінаваціла жыхара Мазыра Сяргея Калацэя ў ваенных злачынствах — забойстве мірных жыхароў у Бучы. Доказам стаў скрыншот з запісу відэакамэры аб адпраўцы расейскімі вайскоўцамі нарабаванага з пошты ў Мазыры.

Украінскае выданьне «Слідство.Інфо» паведаміла, што падазраваны Сяргей Калацэй нарадзіўся і вырас у беларускім горадзе Мазыры. Доўгі час займаўся адзінаборствамі, выступаў на спаборніцтвах. У сваіх сацыяльных сетках паказвае, што затым пераехаў у Расею.

Пракуратура Ўкраіны паведаміла, што падазраванага ў ваенных злачынствах устанавілі дзякуючы запісу з онлайн-камэры на камэры пошты СДЭК у Мазыры. Сяргея Калацэя назвалі «камандзірам аддзяленьня Ўпраўленьня фэдэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ па Ўльянаўскай вобласьці».

«На беларускай пошце ён разам з аднапалчанамі адпраўляе нарабаванае ў дамах нашых суайчыньнікаў. Ягоны „падарунак“ з Украіны Ўльянаўску — капот багажніка. Бучанская пракуратура і паліцыя высьветлілі, што менавіта гэты вайсковец 18 сакавіка забіў у Бучы чатырох бяззбройных мужчын. 29 сакавіка ён закатаваў яшчэ аднаго цывільнага жыхара, прымушаючы таго прызнацца ў сваёй дывэрсійнай дзейнасьці супраць расейскай арміі», — падала інфармацыю пракуратура і «Слідство.Інфо».

Што бачна на запісе

На відэа з мазырскага аддзяленьня СДЭК, апублікаваным у красавіку на ютубе, бачна як Сяргей Калацэй заходзіць у памяшканьне, пытаецца нешта ў супрацоўніцы і чакае ў чарзе. Амаль увесь час знаходжаньня там ён разглядае расейскіх жаўнераў, нешта правярае ў тэлефоне, і ні з кім не размаўляе. Расейскія салдаты ўвесь гэты час камунікуюць паміж сабой. Калі падыходзіць чарга Калацэя, ён запаўняе квітанцыю, размаўляе з супрацоўніцай СДЭК. І толькі напрыканцы 15-хвіліннага знаходжаньня ў памяшканьні, коратка размаўляе з расейцамі. Фактычна гэта абмен некалькімі сказамі. Пасьля адзін з расейцаў дапамагае яму аднесьці пасылку ў іншы пакой. Потым Калацэй сыходзіць і больш не вяртаецца. Расейцы там застаюцца яшчэ 2 гадзіны.

Што кажуць знаёмыя Калацэя

Са Свабодай зьвязаліся жыхары Мазыра, якія ведаюць Сяргея Калацэя. Яны былі абураныя інфармацыяй пра ўдзел мазыраніна ў ваенных злачынствах.

«Ён увесь час у Мазыры. Працуе на нафтаперапрацоўчым заводзе, мае сям’ю. Я яго ведаю толькі са станоўчага боку. Так, ён апраўляў пасылку якраз у той час, калі на пошце былі расейскія вайскоўцы. Таму яго і абвінавацілі, ілжыва. Проста ён апынуўся ня ў той час і ня ў тым месцы», — расказаў адзін з прыяцеляў Калацэя.

Другі знаёмы Сяргея Калацэя дадаў, што пасьля адступленьня расейцаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьці «па Мазыры ганяла шмат аўтамабіляў без нумароў і зь літарай V».

«Пэўна, скрадзеныя ва Ўкраіне. За Мазыром стаялі нават „нічыйныя“ фуры з Украіны, якія потым апячатвалі супрацоўнікі расейскага ФСБ. А тут — нібыта скраў вечка багажніка! Прычым чалавек, які ня быў ва Ўкраіне зусім», — зазначыў мазыранін.

Допіс нібыта ад імя Сяргея Калацэя
Допіс нібыта ад імя Сяргея Калацэя

Ён дадаў, што цяпер Сяргей не кантактуе ні з кім, бо яму паступае шквал тэлефанаваньняў і камэнтараў.

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» сьцьвярджае са спасылкай на знаёмых Калацэя, што той сапраўды працаваў на МНПЗ, але год таму звольніўся і зьехаў на працу ў Маскву.

Што сьцьвярджае сам Сяргей Калацэй

Старонка Сяргея Калацэя ў «ВКонтакте» зьнікла ўчора. Сёньня на новай старонцы ў Instagram (як сьцьвярджаюць сябры. — РС) зьявіўся допіс, дзе ён піша: «Са мной адбылося тое, чаго, здавалася б, не магло быць у прынцыпе».

«Другога траўня на Facebook Офісу генэральнага пракурора і на YouTube украінскага журналіста выклалі інфармацыю, у якой сьцьвярджаюць, што я быццам бы маю дачыненьне да нейкіх падзей, што адбыліся ў горадзе Бучы. Хачу сказаць усім, хто спрабуе скарыстаць гэтую інфармацыю супраць мяне і маёй сям’і, што я да ўсяго гэтага ня маю ніякага дачыненьня. За межы Беларусі я не выяжджаў звыш двух гадоў. Зь мяне зрабілі ваеннага злачынцу, хаця я да Ўзброеных сіл ня маю ніякага дачыненьня. Так атрымалася, што я нават у войску не служыў», — тлумачыць жыхар Мазыра.

Ён дадае, што сапраўды высылаў па пошце вечка багажніка: «Зь беларускай пошты ў Расею незнаёмаму мне чалавеку».

Калацэй паказаў квітанцыю адпраўленьня, каб даказаць, што абвестка была яшчэ да падзей у Бучы
Калацэй паказаў квітанцыю адпраўленьня, каб даказаць, што абвестка была яшчэ да падзей у Бучы

«Гэта века ад майго аўта, абвестка аб продажы якога была апублікавана яшчэ да пачатку падзей у Бучы. На сёньня мая старонка „ВКонтакте“ ўзламаная. Мне і маім блізкім паступаюць пагрозы. Прашу вас, спыніцеся! І перад тым, як рабіць нейкія высновы ў дачыненьні да каго-небудзь, спачатку пераканайцеся ў праўдзівасьці інфармацыі. Спадзяюся, нікому не давядзецца сутыкнуцца з тым, з чым давялося сутыкнуцца мне», — напісаў Сяргей Калацэй у Instagram.

Здымак тавару. Абвестку, сьцьвярджае Калацэй, ён даў да падзей у Бучы і з Украінай гэта ніяк не зьвязана
Здымак тавару. Абвестку, сьцьвярджае Калацэй, ён даў да падзей у Бучы і з Украінай гэта ніяк не зьвязана

Ён разьмясьціў у Instagram здымак таго самага вечка багажніка, што ён выставіў на продаж на сайце bamper.by 19 сакавіка. Таксама ён разьмясьціў копію квітанцыі з пошты аб адпраўцы вечка ва Ўльянаўск. «Копію перапіскі зь незнаёмым мне пакупніком я перадам афіцыйным СМІ», — напісаў мазыранін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG