Чытачы Свабоды зьняпраўдзілі гэтую інфармацыю.
«Так, расейцы едуць цяпер з Украіны „загружанымі“, шмат вязуць нарабаванага. Па горадзе яны сёе-тое прадаюць, але рынку няма», — расказаў жыхар Нароўлі.
«Гандаль зь іх боку пачаўся яшчэ да таго, як яны ўехалі ва Ўкраіну. Расейцы прадавалі мясцовым сокі, кансэрвы. Калі цяпер яны вяртаюцца з Украіны, то вязуць шмат мяшкоў, клункаў. Што там, ня ведаю. Актыўна прадавалі ўкраінскі цукар. Мяшок — 65 рублёў, гэта за 50 кіляграмаў. Прадавалі яго каля шынамантажу на вуліцы Менскай. Некаторыя людзі бралі», — расказала крыніца Свабоды.
Жыхар Нароўлі не выключае, што нарабаваным дабром расейцы гандлююць па хатах ці стыхійна — на ўезьдзе ў Нароўлю з боку Ўкраіны.
«Бачыў, што расейцы цягнулі садовую тачку, дываны цягнулі. На продаж ці сабе, ня ведаю. Яшчэ яны па цэнтры гораду ганялі на скутэрах і роварах. Дзе іх узялі — пытаньне», — кажа мясцовы жыхар.
Ён дадае, што цяпер расейцы шмат скупляюць прадуктаў у крамах Нароўлі.
«Бяруць цыгарэты, энэргетычныя напоі, майткі, шкарпэткі — усё грабуць. У размовы не ўступаюць. Іхная тэхніка стаіць на нашай аўтабазе, акурат насупраць палявога шпіталя. Казалі, што паедуць адсюль яшчэ 29 сакавіка. Потым нешта зьмянілася, цяпер кажуць, што 7 красавіка выедуць з Нароўлі», — зазначыла крыніца Свабоды.
Губляюць мабільныя тэлефоны і расейскія карткі, хочуць пазнаёміцца зь дзяўчатамі
Жыхары Мазыра кажуць, што расейцаў у горадзе не паменела. «Яны, як і раней, паўсюль — у барах, крамах, лазьнях», — кажа мясцовы жыхар.
У розных суполках «УКантакце» Нароўлі і Мазыра прысутнасьць расейскіх вайскоўцаў ня надта адчуваецца. У суполцы «Куплю Продам Наровля» былі разьмешчаны абвесткі пра продаж iPad за 150 рублёў і новага мабільнага тэлефона, пра цану якога не паведамляецца. Адзін з прадаўцоў — нібыта «жыхар гораду Энэргадару», у другога профіль прыватны, але на аватарцы — вайскоўцы і танкі.
У мазырскіх пабліках ёсьць абвесткі пра знаходку мабільнага тэлефона, у футарале якога ляжаў сэртыфікат аб вакцынацыі ад каранавірусу. Сэртыфікат быў зроблены мэдпунктам вайсковай часткі 45123 Міністэрства абароны РФ. Частка разьмешчана ў горадзе Каменск-Уральскі Сьвярдлоўскай вобласьці. Гэта авіябаза вайсковай авіяцыі.
З аэрадрому каля вёскі Бокаў Мазырскага раёну мясцовыя шматкроць заўважалі вылеты верталётаў у бок Украіны.
У мазырскіх суполках «УКантакце» таксама ёсьць абвестка пра знойдзеную расейскую банкаўскую картку сыстэмы «Мир».
Таксама ад імя жыхара Расеі была разьмешчана абвестка пра жаданьне пазнаёміцца зь «цікавай дзяўчынай з формамі».
У Гомлі цяпер таксама шмат расейскай тэхнікі і вайскоўцаў. У нядзелю 3 красавіка калёна з танкаў і БТР прайшла па Рэчыцкай шашы. Калёну з вайсковай тэхнікі ў 80 адзінак фіксавалі жыхары Бярозак каля Гомля.
«Калёна ішла ў бок Добрушу. Відавочна, на мяжу з Расеяй», — расказалі мясцовыя.
На станцыі «Навабеліцкая» заўважылі пагрузку вайсковай тэхнікі на плятформы.
«Вайсковая тэхніка стаяла ля гандлёвага цэнтру „Мандарын“.
Расейскіх вайскоўцаў мы бачылі ў гандлёвым цэнтры „Галерэя“ на Катуніна. У краме „Testosterone“ яны куплялі вайсковую форму і берцы. Менавіта гэтыя былі буратамі», — расказаў жыхар Гомля.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.