Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае заяўкі Фінляндыі і Швэцыі на ўступленьне ў NATO? Тлумачыць швэдзкі экспэрт


Танк швэдзкай арміі на вайсковых вучэньнях Cold Response 2022, у якіх узялі ўдзел каля 30 тысяч вайскоўцаў з краін NATO, а таксама Фінляндыі і Швэцыі, 25 сакавіка 2022
Танк швэдзкай арміі на вайсковых вучэньнях Cold Response 2022, у якіх узялі ўдзел каля 30 тысяч вайскоўцаў з краін NATO, а таксама Фінляндыі і Швэцыі, 25 сакавіка 2022

Гістарычныя крокі Фінляндыі і Швэцыі для ўступленьня ў NATO пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну сутыкаюцца з супрацьдзеяньнем з боку Турэччыны, якая пагражае накласьці вэта на пашырэньне вайсковага саюзу.

Турэцкае супраціўленьне вынікае з выстаўленых Анкарой абвінавачаньняў у тым, што абедзьве краіны хаваюць людзей, зьвязаных з групамі, якія яна лічыць тэрарыстамі, уключаючы Рабочую партыю Курдыстану (РПК). Таксама Турэччына ня згодная з рашэньнямі Хэльсынкі і Стакгольму аб спыненьні экспарту зброі ў Турэцкую Рэспубліку.

Усе 30 саюзьнікаў па NATO павінны ўхваліць любое пашырэньне блёку, і напярэдадні саміту альянсу 29 чэрвеня ў Мадрыдзе турэцкія афіцыйныя асобы актывізавалі свае заклікі да Фінляндыі і Швэцыі спыніць падтрымку РПК і іншых груп, забараніць іх мерапрыемствы ў сваіх краінах, экстрадаваць у Турэччыну асоб, якіх яна расшуквае праз абвінавачаньні ў тэрарызьме, і зьняць усе абмежаваньні на пастаўкі зброі.

Фінляндыя і Швэцыя цяпер вядуць перамовы з Анкарой, а іншыя члены NATO заявілі, што рашэньне можа быць знойдзена.

Між тым вайна ва Ўкраіне, якая стала каталізатарам падачы заяўкі Хэльсынкі і Стакгольму ў NATO, працягваецца, а расейскія сілы паступова паляпшаюць свае пазыцыі ва ўсходнім Данбасе.

Каб даведацца больш пра тое, як Фінляндыя і Швэцыя ў NATO могуць зьмяніць эўрапейскую бясьпеку і якая будучыня вайны ва Ўкраіне, карэспандэнт Радыё Свабода Рэйд Стандзіш пагутарыў з Кьелам Энгельбрэктам, вайсковым экспэртам і прафэсарам Швэдзкага абароннага ўнівэрсытэту ў Стакгольме.

— І Фінляндыя, і Швэцыя падалі заяўкі на сяброўства ў NATO, але Турэччына пагражае заблякаваць іхныя заяўкі на сяброўства. На вашу думку, што стаіць за гэтым крокам Анкары і як яго можна вырашыць да саміту NATO ў Мадрыдзе 29 чэрвеня?

— Я думаю, малаверагодна, што ён будзе вырашаны да саміту ў Мадрыдзе ў канцы гэтага месяца.

Кьел Энгельбрэкт
Кьел Энгельбрэкт

Наколькі я магу ацаніць, як ідзе дыпляматычны працэс, не падобна, што менавіта швэды ў стане самастойна вырашыць гэтае пытаньне з Турэчынай. Калі справа даходзіць да таго, што на самой справе стаіць за гэтым, я думаю, што каму-небудзь за межамі найбліжэйшага атачэньня [прэзыдэнта Турэччыны] Эрдагана вельмі цяжка дакладна ведаць, якія іхныя разьлікі, але, падобна, ёсьць некалькі асноўных момантаў.

Адна частка — курдзка-турэцкая палітыка. У Швэцыі і Скандынавіі ў цэлым існуе шэраг курдзкіх груп палітычнага выгнаньня, і паколькі ў нас вельмі лібэральныя законы аб свабодзе слова, яны могуць дзейнічаць вельмі свабодна. Некаторыя курдзкія палітыкі таксама сталі швэдзкімі палітыкамі і дзейнічаюць у швэдзкім палітычным асяродзьдзі. Я думаю, што ў асноўным гэта выклікае раздражненьне і занепакоенасьць у турэцкага ўраду і прэзыдэнта Эрдагана ў прыватнасьці. Я думаю, яны хочуць данесьці да швэдаў, што яны бачаць ва ўсім гэтым праблему ў двухбаковых адносінах і хочуць, каб яны аказвалі значна меншую палітычную падтрымку курдам.

Другая частка — гэта нежаданьне Швэцыі экспартаваць у Турэччыну некаторыя прадукты сваёй вайсковай прамысловасьці. Эрдаган таксама хоча, каб краіны NATO, і ў прыватнасьці Злучаныя Штаты, аднавілі экспарт у Турэччыну, асабліва ў сувязі з пытаньнем атрыманьня [зьнішчальнікаў] F-35 або ўгоды аб новых [зьнішчальніках] F- 16. Наколькі я разумею, гэта цяпер больш інтэнсіўна абмяркоўваецца і вывучаецца ў Кангрэсе ЗША і, здаецца, паміж амэрыканскім і турэцкім бакамі ёсьць некаторы прагрэс. Так што цяпер гэтая галаваломка можа быць вырашана, але, магчыма, гэта зойме больш часу, чым саміт у Мадрыдзе.

— Як вы думаеце, ці зможа NATO аб’явіць, што Швэцыя і Фінляндыя знаходзяцца на шляху да таго, каб стаць сябрамі, на саміце, нават калі яны ня змогуць цалкам прыняць іх тады?

— Наколькі мы разумеем, гэта можа быць занадта далёка з пункту гледжаньня фармальнага працэсу. Але я думаю, што на саміце будзе нейкая праява падтрымкі. Мы ўжо бачылі гэта з боку ЗША, і я думаю, што іншыя краіны таксама выступяць [у падтрымку] у Мадрыдзе.

Магчыма, будуць асобныя брыфінгі для прэсы, на якіх практычна ўсе краіны Эўрапейскага Зьвязу выкажуць падтрымку, што, у сваю чаргу, зробіць дадатковы ціск на Турэччыну, каб яна адступіла. Так што гэта тое, што я разглядаю як найболей імаверны сцэнар, але я буду зьдзіўлены, калі яны змогуць вырашыць гэта да саміту.

— Падводзячы вынік, ці не варта лічыць, што справа зроблена?

— Угода завершаная; магчыма, гэта занадта моцна сказана, але я чакаю, што гэтае пытаньне будзе вырашана ў канцы гэтага году.

— Гледзячы ў будучыню, у якой Фінляндыя і Швэцыя зьяўляюцца членамі NATO, як гэта мяняе сытуацыю вакол Балтыйскага мора і адносіны кожнай краіны з Масквой?

— Што да сытуацыі зь бясьпекай, я працытую тое, што сказаў мне адзін амэрыканскі калега каля 10 гадоў таму, а менавіта што «мы стаміліся плянаваць вакол Швэцыі».

Я думаю, што з далучэньнем Фінляндыі і Швэцыі краінам NATO стане нашмат лягчэй плянаваць і мець некаторую форму кансалідацыі ў асяродзьдзі бясьпекі вакол Балтыйскага мора. Вайсковыя экспэрты кажуць, што Швэцыя і Фінляндыя будавалі большую частку свайго плянаваньня з поўначы на поўдзень з прычыны геаграфіі гэтых дзьвюх краін. Цяпер увесь Скандынаўска-Балтыйскі рэгіён можа перайсьці да вайсковага плянаваньня з усходу на захад, што спрашчае мноства розных дзеяньняў, ад патруляваньня межаў з дапамогай баявых самалётаў да забесьпячэньня стратэгічнай глыбіні для любога віду разгортваньня войскаў.

— А як наконт палітычных наступстваў для Хэльсынкі і Стакгольму з боку Масквы?

— Для назіральнікаў у рэгіёне ня дзіўна, што фіны змаглі зьмяніць сытуацыю нашмат хутчэй, чым швэды. Вайсковае недалучэньне было навязана Фінляндыі Савецкім Саюзам пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Так што яны не былі прыхільнікамі вайсковага недалучэньня, ня кажучы ўжо пра нэўтралітэт. Але для нас, швэдаў, гэта даўжэйшая гісторыя, бо ў вайсковых адносінах краіна не ўступала ў хаўрусы на працягу 200 гадоў. Так што гэта нават частка ідэнтычнасьці многіх швэдаў, і гэта абцяжарвае хуткую зьмену.

Раней у Швэцыі быў аргумэнт, што ёй ня трэба ўступаць у NATO, таму што гэта ўзмоцніць геапалітычны і геастратэгічны ціск на Фінляндыю з боку Расеі. Цяпер аргумэнт пераварочваецца: калі мы не далучымся да NATO, мы фактычна аслабім бясьпеку Фінляндыі. Так што цяпер меркаваньне такое, што мы павінны далучыцца ня толькі дзеля нас саміх, але і дзеля Фінляндыі.

З пункту гледжаньня замежнапалітычнага досьведу мінулага, я думаю, што ў лепшым выпадку фіны і прэзыдэнт Саўлі Нііністэ па-ранейшаму будуць мець магчымасьць непасрэдна размаўляць з расейцамі. Я таксама думаю, што ў інтарэсах Швэцыі, Фінляндыі, а таксама Расеі захаваць Паўночны рэгіён у якасьці рэгіёну з адносна нізкай напружанасьцю. Ні Швэцыя, ні Фінляндыя не зацікаўленыя ў стварэньні шэрагу вайсковых базаў або ў перамяшчэньні цяжкай вайсковай тэхнікі паблізу ад мяжы. З расейскага боку яны павінны адчуваць тое ж самае.

Цяпер расейцы ставяцца да гэтага неадназначна. [Прэзыдэнт Уладзімір] Пуцін сам сказаў, што пакуль на швэдзкай ці фінскай тэрыторыі ня будзе разьмешчана дадатковая вайсковая тэхніка ці базы, можа працягвацца адносна нармальнае суіснаваньне.

Празь некалькі дзён пасьля гэтага міністар абароны Сяргей Шайгу аб’явіў, што ў Заходняй вайсковай акрузе Расеі будзе разьмешчана 12 новых вайсковых частак. Я думаю, яшчэ трэба высьветліць, як будуць абсталяваныя гэтыя пасты і ці будзе іх адкрыцьцё хутчэй фармальнасьцю, або яны будуць выкарыстоўвацца для ўзмацненьня сытуацыі зь бясьпекай.

— Пяройдзем цяпер да Ўкраіны. Як вы ацэньваеце бягучы стан рэчаў? Расея дамагаецца ўстойлівых посьпехаў на Данбасе, але ці змогуць яны ўтрымаць гэтыя новыя раёны і ці варта нам чакаць нейкіх контрнаступаў з боку Украіны ў нейкі момант?

— Я думаю, што гэта пытаньне прыярытэту для ўкраінскага боку.

У лютым перад уварваньнем Расея аб’явіла, што афіцыйна прызнае адміністрацыйныя тэрыторыі дзьвюх так званых народных рэспублік у Данецкай і Луганскай абласьцях і паспрабуе іх захапіць. Так што, калі б я цяпер быў у Кіеве, я мог бы ўдзяліць больш увагі ўмацаваньню сваіх пазыцый на поўдні, а калі б я пачаў контранаступленьне, то зрабіў бы гэта там. Так што гэта пытаньне прыярытэтаў — ваенных і палітычных — для ўкраінскага боку.

Забягаючы наперад, кадравыя праблемы стаяць востра як перад Кіевам, так і перад Масквой. Людзі ў кожным войску зьнясіленыя, але баявы дух з украінскага боку па-ранейшаму здаецца вельмі высокім. Так што я думаю, што ўкраінцы змогуць навучыць сьвежыя войскі і ўвесьці іх. Гэта выглядае больш складанай задачай для расейцаў, асабліва ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Я думаю, што баявы дух расейцаў сапраўды нізкі. Калі пастаўкі заходняй вайсковай тэхнікі ўкраінцам працягнуцца, у нейкі момант у іх могуць зьявіцца сродкі, каб кінуць выклік расейскім пазыцыям.

Але зноў жа, я думаю, што для іх гэта пытаньне прыярытэтаў. Яны, пэўна, паспрабуюць зьнішчыць расейскія сілы на поўначы, а затым яны захочуць рухацца наперад у Херсон і вакол яго на поўдні, перш чым яны пойдуць на Луганск і Данецк, дзе, падобна, таксама ёсьць глыбокая палітычная рашучасьць Масквы захапіць і ўтрымаць гэтыя пазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG