Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тайвань забараніў экспарт у Расею і Беларусь чыпаў і мікрасхем. Чаму гэта важна?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Тайвань зьяўляецца сусьветным лідэрам у вытворчасьці чыпаў і мікрасхем.

Улады Тайваня забаранілі экспарт у Расею і Беларусь чыпаў з тактавай частатой больш за 25 мГц, а таксама літаграфічнага абсталяваньня, якое выкарыстоўваецца для вырабу такіх мікрасхем.

Аб рашэньні паведаміла тайваньскае выданьне Digitimes са спасылкай на Міністэрства гандлю краіны.

«Міністэрства эканомікі Тайваня падрыхтавала сьпіс стратэгічных высокатэхналягічных тавараў, якія забаронены да экспарту ў Расею і Беларусь. Беларусь уключана ў сьпіс, бо яна можа дапамагчы Расеі імпартаваць такія тавары, паведаміла ведамства, бо сьпіс адпавядае катэгорыям 3-9 Васэнаарскіх дамоўленасьцяў. (Васэнаарскія дамоўленасьці аб экспартным кантролі за звычайнымі ўзбраеньнямі, таварамі і тэхналёгіямі двайнога выкарыстаньня, падпісаныя шэрагам краін у 1996 годзе)», — гаворыцца ў паведамленьні.

Пад забарону трапляе мікрапрацэсарная тэхніка, якая адпавядае хаця б адной з трох умоў: дасягаецца ўзровень хуткадзейнасьці 5 гігафлопс і вышэйшы, альбо арытмэтычная лягічная прылада мае разраднасьць звыш 32 біт; тактавая частата электроннага кампанэнта перавышае 25 Мгц; адзін ці больш партоў ці інтэрфэйсаў забясьпечвае хуткасьць перадачы паміж кампанэнтамі звыш 25 Мбайт/з, удакладнілі ў выданьні.

Таксама ўведзена абмежаванне, якое тычыцца канструктыўнага выкананьня: адгружаныя ў Расею і Беларусь мікрасхемы павінны мець ня больш за 144 кантакты.

Акрамя гэтага, забараняюцца пастаўкі асобных відаў літаграфічнага абсталяваньня, якое выкарыстоўваецца для вырабу мікрасхем.

Чаму гэта важна?

Паўправадніковае абсталяваньне — асноўны артыкул экспарту Тайваня, на долю якога ў 2021 годзе прыпала 32% ад агульнага аб’ёму экспарту ў вартасным выражэньні. Асноўнымі рынкамі збыту зьяўляюцца Кітай, Ганконг, Сінгапур і ЗША.

Такім чынам, Тайвань зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам чыпаў і мікрасхем, якія выкарыстоўваюцца ва ўсіх сучасных мэханізмах і складаных таварах, ад пральных машын да касьмічных караблёў і ракет.

Мікрасхемы — асноўны элемэнт, які дазваляе працаваць усім сучасным прыстасаваньням, у тым ліку ноўтбукам і смартфонам. На адным крышталіку крэмнію, які выкарыстоўваецца пры стварэньні мікрасхемаў, — мільярды транзыстараў. Дзякуючы мікрасхемам бінарны код пераўтвараецца ў сыгнал, які і дазваляе падаваць прыладзе каманды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG