Кітай рэзка скараціў экспарт тэхналёгій у Расею

У сакавіку экспарт кітайскіх тэхналёгій у Расею зьнізіўся ў некалькі разоў. Пэўна, Кітай баіцца парушыць санкцыі, уведзеныя ЗША ў дачыненьні да Расеі.

Пра гэта заявіла міністар гандлю ЗША Джына Райманд.

У параўнаньні зь лютым, у сакавіку пастаўкі смартфонаў з Кітаю ў Расею ўпалі на 67%, ноўтбукаў — на 40%, а экспарт тэлекамунікацыйнага сеткавага абсталяваньня скараціўся на 98%. Гэта вынікае з апошніх дадзеных аб гандлі Кітаю, паведаміла Райманд. Яна назвала падзеньне кітайскага экспарту ў Расею «прыкметай асьцярожнасьці Пэкіну адносна парушэньня гандлёвых забарон, уведзеных ЗША».

Амэрыканскія санкцыі, накладзеныя на Расею з прычыны вайны з Украінай, забараняюць продаж кампутарных чыпаў, тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, лазэраў, авіяцыйнай і марской тэхнікі расейскім кампаніям. Забарону павінны выконваць усе прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць амэрыканскае абсталяваньне ці праграмнае забесьпячэньне. У адваротным выпадку на іх могуць быць накладзеныя другасныя санкцыі: у прыватнасьці, ЗША могуць абмежаваць продаж сваіх тэхналёгій такім кампаніям.

Райманд паведаміла, што экспарт тэхнікі ў Расею скарацілі і іншыя краіны. У прыватнасьці, пастаўкі з ЗША зьнізіліся на 86%, з Паўднёвай Карэі — на 62%, з Фінляндыі — на 60%.

У сакавіку аб прыпыненьні продажаў у Расеі заявілі амэрыканская кампанія Apple і паўднёвакарэйская фірма Samsung. Кітайскі Huawei, адзін з найбуйнейшых вытворцаў тэлекамунікацыйнага сеткавага абсталяваньня ў сьвеце, адмовіўся паведаміць The Washington Post, ці скараціў ён пастаўкі ў Расею. Яшчэ адна буйная кітайская кампанія Xiaomi не адказала на пытаньне журналістаў.

Паводле дадзеных дасьледаваньняў гандлёвых сетак, на канец 2021 году кампаніі Samsung, Xiaomi і Apple займалі першыя месцы ў продажах смартфонаў у Расеі.

​
XS
SM
MD
LG