Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Без Расеі Беларусь памрэ». Тлумачым, чаму гэта ня так


Шмат гадоў таму Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што гатовы на каленях паўзьці ў Расею. Гэтую палітыку ён пасьлядоўна рэалізуе амаль трыццаць гадоў, настойваючы, што без Расеі Беларусь памрэ.

У насаджэньні беларусам гэтага комплексу непаўнавартасьці Лукашэнка ня першы. Гэтае перакананьне ўбівалі ў галовы беларусаў яшчэ з савецкіх часоў. І яно засела настолькі глыбока, што многія сапраўды паверылі, быццам «без Расеі мы нішто», «без Расеі мы памром». Перш за ўсё таму, што там вялізны рынак, газ і іншыя карысныя выкапні, а таму інтэграцыі зь ёю няма альтэрнатывы і трэба туды паўзьці на каленях. І пры гэтым беларусам, як мантру, паўтараюць: «Нас нідзе больш не чакаюць».

Гэта фэйк. Пра гэта вам скажа нават Белстат. На долю Расеі сапраўды прыпадае шмат беларускага экспарту, але... нават не палова. Летась гэта быў 41%. Інакш кажучы, 59% беларускай прадукцыі пастаўляецца не ў Расею, а ў іншыя краіны сьвету. Тады чаму беларусаў прывучаюць да таго, што памерці яны могуць толькі без Расеі, а не, напрыклад, без Эўразьвязу і Ўкраіны?

Або яшчэ адна мантра. «Беларусь памрэ без расейскай нафты і газу». Пачакайце. Па-першае, Беларусь іх купляе, а не атрымлівае ў якасьці гуманітарнай дапамогі. А па-другое, атрымліваецца, што недзе да 1963 і 1975 гадоў беларусы і не жылі. Бо менавіта тады ў БССР пабудавалі Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы. У гэты ж час пачалася і газыфікацыя Беларусі. Дык няўжо беларусы да таго часу «сядзелі на дрэвах»?

Але гэта так, гістарычны нюанс, які сьведчыць, што ў Беларусі не было масавага голаду без расейскіх энэргарэсурсаў. Што гаварыць, гэта былі залатыя часы нараджальнасьці беларусаў.

Так, за газ і нафту беларусы плацяць у сярэднім таньней, чым іншыя дзяржавы ў сьвеце. Дык а як павінна быць пры такім узроўні ляяльнасьці ўладаў Беларусі да Крамля? Расея ж хоча мець саюзьніка, хоча мець у Беларусі свае вайсковыя аб’екты. Гэта каштуе мільярды. Меншая, чым для іншых, цана — гэта зьніжка за супэрляяльнасьць. Было б дзіўна, каб беларусы пры ўсім гэтым плацілі за паліва, як палякі, якіх Масква называе «русафобамі нумар адзін». Зрэшты, палякі ўжо сказалі «гуд бай» расейскаму газу. Але яшчэ нюанс. Нават пры вышэйшых цэнах для Польшчы там ніхто ня толькі ад гэтага не памёр, Польшча яшчэ і багацейшая за Беларусь.

Іншая справа, што самой Беларусі столькі расейскай нафты ці газу ўвогуле ня трэба. Беларусь «пасадзілі на расейскую іголку», прымусіўшы паверыць, што гэта яе лёс. Але пра гэта ў іншым роліку.

А што, калі Расея адключыць Беларусі газ ці нафту? Гэта чарговы плач. Беларусы, маўляў, замерзнуць, беларуская прамысловасьць спыніцца. Па-першае, навошта адключаць, калі за іх спраўна плацяць? А калі адключаюць проста так, каб папалохаць, то каму патрэбен такі бізнэс-партнэр? Нашы суседзі зь Літвы, Латвіі і Эстоніі менавіта таму адмовіліся ад расейскага газу, бо гэта ня проста сыравіна, а палітычная зброя. І нічога, усе жывыя.

Пасьля анэксіі Крыму чорную будучыню малявалі ўкраінцам: ох, Украіна ўсё, Масква яе пакарае, яна замерзьне і памрэ з голаду. Але нават ва ўмовах вайны ўкраінская эканоміка працягвала рост і... далей купляла расейскае паліва — проста інакш, чым раней. А вы чулі, што, нават напаўшы на Ўкраіну 24 лютага, Расея працягвае пастаўкі газу на Захад праз тэрыторыю Ўкраіны, плацячы Ўкраіне за транзыт? Ажно 30% расейскага газу на Захад ідзе і сёньня праз Украіну, якую бамбяць расейскія ракеты. Вось такія пірагі. Пры гэтым Расея даўно не галоўны гандлёвы партнэр Украіны. Яе месца заняў... Кітай. Тое, пра што марыць Лукашэнка, ва Ўкраіне — рэальнасьць.

Але вернемся да газу і нафты. Усё вельмі проста. Ня толькі Захаду і Беларусі патрэбны расейскія энэргарэсурсы; яшчэ больш ад іх продажу залежыць сама Расея. Бо менавіта паліва — магутная крыніца папаўненьня расейскага бюджэту. Расея сама на нафтагазавай іголцы. Зьвярніце ўвагу: Захад увёў рэкордныя за ўсю гісторыю чалавецтва санкцыі — супраць Расеі. А ці адказала Расея тым, што ўвяла поўнае эмбарга на пастаўкі газу на Захад? Вядома ж, не. Бо яна ведае, чым гэта для яе скончыцца. Галечай. Гэта ў старых савецкіх фільмах могуць так выпендрывацца — «адключым газ», а ў рэальнасьці — не.

Але краіны Эўразьвязу ўжо самі пачынаюць адмаўляцца ад расейскай сыравіны. Пачалі краіны Балтыі і Польшча. Цікава, калі яны памруць без расейскага газу? Ва ўсім Эўразьвязе даўно ідзе працэс пераходу на альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. Бо газ і нафта ня вечныя, у тым ліку і ў Расеі. Таму гэтае пытаньне перад Беларусьсю рана ці позна паўстане. І лепш, каб яна падрыхтавалася да гэтага загадзя.

Яшчэ адзін улюбёны аргумэнт аматараў «памерці без Расеі» — гэта тое, што гэта не краіна, а табліца Мендзялеева, маўляў, там ёсьць усе карысныя выкапні і таму трэба трымацца за Расею, бо інакш мы памром. Пардон. За 26 гадоў будаўніцтва так званай «саюзнай дзяржавы» ці шмат вы чулі, каб беларусам далі распрацоўваць нейкія радовішчы ў Расеі? Нягледзячы на тое, што Расея і сапраўды багатая на карысныя выкапні краіна, яе залежнасьць ад імпарту калясальная. Ці чулі вы старшыню Савету Фэдэрацыі Расеі Матвіенку, якая дзівіцца, што ў Расеі нават цьвікі імпартныя? Але цьвікі — гэта не элемэнт табліцы Мендзялеева. А вось літый — так.

Пару тыдняў таму Чылі і Аргентына заявілі, што спыняюць пастаўкі ў Расею літыю, трэцяга элемэнта табліцы Мендзялеева, у выніку чаго ў Расеі прагназуюць цяжкасьці з вытворчасьцю акумулятараў.

І яшчэ пра выкапні. Як вынікае з дакладу энэргетычнага цэнтру «Сколкава», гэта такі расейскі цэнтар, у будучыні здабыча карысных выкапняў у Расеі ў сувязі з санкцыямі істотна зьнізіцца, бо тэхналёгіі там выкарыстоўваюцца менавіта... заходнія. А ў выніку і страты бюджэту Расеі будуць расьці.

Дарэчы, давайце паглядзім, хто ўкладае грошы ў эканоміку Беларусі? А? У 2021 годзе прамых інвэстыцый з Расеі ў Беларусь было 2,2 млрд даляраў. А з Эўразьвязу — увага! — на 40 мільёнаў больш. Нечакана, праўда? А паміраць некаторыя беларусы гатовыя ўсё роўна толькі без Расеі.

Дарэчы, калі мы ўжо ў статыстыцы. Экспарт Беларусі ў Эўразьвяз, які нібыта вядзе эканамічную вайну зь Беларусьсю, як кажа Лукашэнка, вырас за год ажно на 74%. А з Расеяй, куды Лукашэнка паўзе амаль 30 гадоў на каленях і якая абяцала памагчы Беларусі кампэнсаваць страты ад санкцый, — на 24%. Гэта паказвае, наколькі тэндэнцыя можа мяняцца, а ў выніку і сытуацыя. Было б жаданьне. Дарэчы, пра кампэнсацыю за санкцыі. Гаворка пра крэдыты, якімі Беларусь аплочвае ранейшыя пазыкі ў Расеі.

Так, бясспрэчна, Расея сёньня — важны рынак для беларускай прадукцыі, але толькі таму, што ўлады Беларусі так захацелі. Але, з другога боку, чаму Расея павінна кудысьці зьнікнуць, а Беларусь у выніку памерці?

Ну добра, уявім на імгненьне, што Расея сапраўды кудысьці зьнікла, а на яе месцы ўтварыўся новы акіян. Вы сапраўды лічыце, што беларусы, дазнаўшыся пра гэта, памруць? Зьнік калісьці СССР. Ці памерла ад гэтага хоць якая дзяржава? І ці чулі вы, каб штосьці такое казалі лідэры або жыхары Казахстану, Фінляндыі ці Грузіі, якія таксама мяжуюць з Расеяй і гандлююць зь ёй?

Нават калі ўявіць, што Расея як дзяржава распадзецца, а на яе месцы ўзьнікне дзясятак іншых дзяржаў, або яна яшчэ неяк трансфармуецца... Людзі там застануцца, і ім далей будуць патрэбныя і трактары, і малочныя прадукты, і трыкатаж зь Беларусі.

Калі раптам ня стане Тамбова ці Чабаксараў, то больш ніхто ня купіць беларускіх трактароў ці малочкі і беларусы палягуць у труны? Сто гадоў жыцьця жыхарам Тамбова і Чабаксараў, але ці не здаецца вам, што нам у галовы запускаюць нейкую лухту? Ну і пра трактары: летась Беларусь прадала ў Расею 13,5 тысячы трактароў, а ва Ўкраіну — 6 тысяч. Пачакайце, але насельніцтва ў Расеі ў тры разы з паловаю большае, а пра тэрыторыю, якую трэба ўзараць, я ўвогуле маўчу. Пры гэтым рост продажу ва Ўкраіну быў значна большы, чым у Расею. Растуць пастаўкі трактароў і ў Эўразьвяз, які, паўтаруся, нібыта вядзе эканамічны генацыд супраць Беларусі.

Расея гандлюе зь Беларусьсю, а не займаецца дабрачыннасьцю, а дзесьці дае зьніжку за палітычную і вайсковую ляяльнасьць. Яна купляе беларускія тавары не для таго, каб беларусам было куды іх збываць, а таму, што жыхарам Расеі гэтая прадукцыя проста падабаецца якасьцю і цаной.

У ідэале трэба дбаць пра якасьць прадукцыі і празрыстыя схемы гандлю, а не выкарыстоўваць фэйкавыя клішэ пра «сьмерць без Расеі», каб пасьля імі апраўдваць сваю марыянэтачнасьць у палітыцы.

Сёньня Беларусь і сапраўды ў многім залежыць ад Расеі. Але толькі таму, што амаль 30 гадоў улады краіны паўзуць туды на каленях. Беларусь прывязваюць да Расеі, каб потым заявіць, што без Расеі яна памрэ. Дастаткова проста не паўзьці на каленях, а ўстаць. Ніякай сьмерцю гэта не пагражае. Наадварот, калені перастануць балець.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG