Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто з дэпутатаў прапанаваў страляць у пратэстоўцаў, а хто — саджаць на 12 гадоў за заклікі да санкцый. Называем пайменна


Хто прапаноўвае рэпрэсіўныя законы ў Беларусі
Хто прапаноўвае рэпрэсіўныя законы ў Беларусі

Цягам 2021 і 2022 гадоў Палата прадстаўнікоў прыняла нямала зьменаў у заканадаўства, якія, на думку праваабаронцаў, насілі рэпрэсіўны характар. Свабода паглядзела, хто менавіта з дэпутатаў адказны за новаўвядзеньні.

Дазвол страляць па пратэстоўцах

Яўген Зайцаў
Яўген Зайцаў

Зьмены ў закон «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» ініцыяваў 51-гадовы дэпутат Яўген Зайцаў. У мінулым ён быў вайскоўцам, а апошнія гады да дэпутацтва быў вайсковым камісарам Берасьцейскай вобласьці.

Цяпер унутраныя войскі змогуць прымяняць баявую і спэцыяльную тэхніку для спыненьня масавых беспарадкаў і групавых парушэньняў грамадзкага парадку. Таксама прадстаўнікі ўнутраных войскаў атрымаюць права насіць і захоўваць зброю.

Зайцаў адказвае ў Палаце прадстаўнікоў за адносіны з блёкам АДКБ. Праўда, пра падзеі ва Ўкраіне ніяк не выказваецца. І наагул ішні раз у СМІ не выступае. За час працы вайсковым камісарам запомніўся тым, што падарыў вэтэранам вайны пратэрмінаванае печыва.

Расстрэльваць за спробу тэрарыстычнага акту

Марына Лянчэўская
Марына Лянчэўская

Дэпутатка Марына Лянчэўская была ініцыятаркай зьменаў у Крымінальным кодэксе, паводле якіх цяпер за спробу тэрарыстычнага акту могуць расстрэльваць. Раней найвышэйшая мера прымянялася толькі за рэальныя забойствы людзей.

Марыне Лянчэўскай 51 год. Яна родам зь вёскі Еўдакімавічы Шклоўскага раёну. Яе бацька — вядомы чыноўнік Аляксандар Папкоў, які калісьці працаваў дырэктарам калгаса ў Шклоўскім раёне, а потым быў віцэ-прэм’ерам і намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

Лянчэўская працавала ў пракуратуры Магілёўскай вобласьці і Генэральнай пракуратуры. У Палату прадстаўнікоў прыйшла з пасады кіраўніцы сакратарыяту старшыні праўленьня «Беларусбанку». У прэсе Лянчэўская крытыкавала акцыі пратэсту ў 2020 годзе, кажучы, што людзьмі маніпулявалі. А ў 2022 годзе падтрымала прызнаньне Расеяй незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР».

За ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі зноў саджаць

Аляксандар Дубаў
Аляксандар Дубаў

Цягам 2021 і 2022 гадоў па Беларусі пракацілася хваля ліквідацыі недзяржаўных арганізацый. Агулам зьліквідавалі некалькі сотняў НДА. Міністар юстыцыі Сяргей Хаменка назваў гэты працэс «інвэнтарызацыяй».

Ад 2005 да 2018 году ў Беларусі дзейнічаў артыкул 193-1 КК, які прадугледжваў крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паводле яго судзілі маладафронтаўцаў, а таксама некаторых прадстаўнікоў прарасейскіх радыкальных рухаў. Аднак на хвалі лібэралізацыі заканадаўства артыкул быў адменены.

Пад уплывам апошніх ліквідацый арганізацый дэпутат ад Сеньненскай акругі Аляксандар Дубаў прапанаваў вярнуць крымінальную адказнасьць. Цяпер за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай ці ліквідаванай арганізацыі зноў можа пагражаць да 2 гадоў зьняволеньня.

Аляксандар Дубаў мае 67 гадоў. Ён з Уладзімірскай вобласьці Расеі. Усё жыцьцё быў у органах пракуратуры. Апошняя пасада — намесьнік генэральнага пракурора. Дубаў быў адзіным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, які трапіў у Міжведамасную камісію па вывучэньні зьдзекаў і пабіцьця з боку сілавікоў у жніўні 2020 году, але ніякай актыўнасьці там не праяўляў.

Ад 5 да 10 гадоў за адмаўленьне генацыду беларускага народу

Лілія Ананіч
Лілія Ананіч

За публічнае адмаўленьне генацыду беларускага народу ў час Другой сусьветнай вайны ўведзеная крымінальная адказнасьць на тэрмін да пяці гадоў. Калі дзеяньне паўторнае ці зробленае з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў, то чалавеку можа пагражаць да дзесяці гадоў калёніі.

З падобнай ініцыятывай у Палаце прадстаўнікоў выступала дэпутатка ад Барысаўскай сельскай акругі Лілія Ананіч. Яна лічыць, што падобныя зьмены дапамогуць «захаваць гістарычную памяць, умацаваць нацыянальную бясьпеку, супрацьдзейнічаць фальсыфікацыям падзей Другой сусьветнай вайны».

Ліліі Ананіч 62 гады, яна родам з Барысаўскага раёну. Вучылася на журфаку БДУ, але ў журналістыцы толкам не працавала. Ад 1996 году была ў структуры Міністэрства інфармацыі. У 2014–2017 гадах служыла міністрам інфармацыі. Сёлета на 9 траўня Лілія Ананіч прыйшла на парад «Несьмяротнага палку» з «георгіеўскай» стужкай. Да гэтага ў сваім інстаграме яна выкладвала здымак, дзе ўся сям’я была апранутая ў адзеньне з цытатамі Аляксандра Лукашэнкі.

Заклікі да санкцый — да 12 гадоў

Алег Белаконеў
Алег Белаконеў

Генэрал-маёр арміі Алег Белаконеў многім запомніўся сваім выказваньнем падчас пахаваньня забітага ў верасьні 2021 году супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя «Нірваны» Федасюка. Тады ён заклікаў «мачыць у сарціры». «За аднаго нашага — дваццаць, сто, каб нікому не хацелася», — казаў дэпутат Белаконеў.

Літаральна празь некалькі дзён менавіта ён як прадстаўнік Пухавіцкай выбарчай акругі ўнёс у Палату прадстаўнікоў законапраект, які прадугледжваў узмацненьне адказнасьці за заклікі да санкцый. Палата прадстаўнікоў падтрымала такія зьмены. Цяпер за падобныя дзеяньні можна атрымаць да 12 гадоў зьняволеньня.

Алег Белаконеў нарадзіўся ў Прыморскім краі Расеі ў сям’і вайскоўца. Потым бацька пераехаў у Барысаў. У беларускай арміі Белаконеў даслужыўся да першага намесьніка міністра і начальніка Генштабу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG