Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская: Нельга караць беларусаў за дзеяньні Лукашэнкі


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Прагу дамаглася выключэньня Беларусі з плянаванага закону аб адказнасьці Расеі і рэжыму Лукашэнкі за вайну ва Ўкраіне, які зрабіў бы міграцыю беларусаў у Чэхію немагчымай.

Пра гэты ды іншыя вынікі візыту Ціханоўская расказала ў інтэрвію Свабодзе Premium. Ціханоўская знаходзіцца ў Чэхіі з трохдзённым візытам, падчас якога мае сустрэчы з прэзыдэнтам, прэм’ерам, кіраўнікамі парлямэнту, мэрам Прагі, ключавымі міністрамі.

Сьцісла

  • Ня будзе ніякага прызнаньня Лукашэнкі і вяртаньня да Business as Usual.
  • Я пастаянна паўтараю тры простыя мэсыджы: Беларусь не Расея. Беларусы не рэжым. Украіна і Беларусь — ахвяры ў гэтай сытуацыі.
  • Паўтара года барацьбы нам далі нейкую фору. Дэмакратычныя сілы Беларусі былі вядомыя ў сьвеце, гэта дало нам добрую падставу для таго, каб усю Беларусь не лічылі калябарантам у гэтай вайне.
  • За што гэта ўсё? Беларусам, мабыць, за маўчаньне, за апалітычнасьць, за тое, што не было ў нас мэты браць адказнасьць за сваю краіну.

«Амаль усе мае візыты скіраваныя на тое цяпер, каб вырашаць праблемы звычайных беларусаў»

— Сьвятлана, вы сустракаецеся з кіраўніцтвам Чэхіі — прэзыдэнтам, прэм’ерам, кіраўнікамі парлямэнту, мэрам Прагі, ключавымі міністрамі. Візыт праходзіць падчас плянаваньня закону, які зробіць міграцыю беларусаў у Чэхію немагчымай і можа істотна ўскладніць жыцьцё беларусам, якія ўжо знаходзяцца ў Чэхіі. На гэтым тле якая галоўная практычная мэта візыту ў Чэхію?

— Амаль усе мае візыты скіраваныя на тое цяпер, каб вырашаць праблемы звычайных беларусаў: няважна, дзе яны, — у Беларусі ці за мяжой. Перад паездкай мы атрымалі мноства паведамленьняў ад беларускіх студэнтаў, што іх могуць адлічыць, бо яны нібыта нясуць пагрозу Чэхіі. Таксама нам сказалі, што Чэхія адмаўляе ў візах. Дыяспара скінула праект закону, які ў адзін кошык кладзе Беларусь і Расею.

Міністар Ян Ліпаўскі (кіраўнік МЗС Чэхіі — РС) запэўніў мяне, што закон будзе перагледжаны і Беларусь будзе выключаныя зь яго. Таксама ён сказаў, што амбасада ў Менску неўзабаве зноў будзе выдаваць візы.

Мая задача была — данесьці думку, што нельга караць беларусаў за дзеяньні Лукашэнкі, што народ і рэжым гэта не адно і тое ж, што Беларусь і Расея — гэта не адно і тое ж. Трэба ціснуць на рэжым і дапамагаць беларусам, бо беларусы ніякай пагрозы для Чэхі не нясуць. Гэта відавочная практыка Чэхіі ад Масарыка да Вацлава Гаўла. Наадварот, трэба даваць больш візаў, больш стыпэндыяў, адкрываць тое, што ўзмацняе чэска-беларускія сувязі. Мы былі пачутыя. Я спадзяюся, што мы пабачым вынік.

Мы сустрэліся зь міністрам адукацыі Чэхіі. Так здарылася, што адбыўся брак камунікацыі, нехта распаўсюдзіў інфармацыю, што беларусы будуць выключаныя з унівэрсытэтаў па некаторых спэцыяльнасьцях, што беларускія студэнты ня будуць вучыцца ў чэскіх унівэрсытэтах. Гэта ня так. Будуць праводзіць праверкі студэнтаў, бо цяпер ідзе вайна, было б дзіўна, каб гэтага не адбывалася. І калі будуць знойдзеныя пэўныя сувязі студэнтаў з КДБ ці іншымі сілавым структурамі, то будуць нейкія наступствы, але гэта ня будзе тычыцца агулам усіх. Гэта будуць вельмі кропкавыя захады.

Міністар адукацыі сказаў, што дыскрымінацыі беларускіх студэнтаў ня будзе. Беларускія студэнты могуць спаць спакойна. Беларускім студэнтам працягнуць выдаваць стыпэндыі. Амаль 700 студэнтаў вучыцца ў чэскіх унівэрсытэтах, 250 стыпэндый выплачвае Чэская Рэспубліка.

Наперадзе яшчэ сустрэчы з прэм’ерам, прэзыдэнтам, міністрам унутраных справаў. (Размова адбывалася раніцай 11 траўня. — РС). Падчас іх я зьвярну ўвагу на тое, што Беларусь патрабуе падтрымкі на міжнароднай арэне, што Беларусь і Ўкраіна — гэта праблемы, якія маюць адну прыроду. Чэхі паабяцалі зрабіць Беларусь адным з прыярытэтаў свайго прэзыдэнцтва ў Эўразьвязе, якое пачнецца ў ліпені.

«Беларускі рэжым — суагрэсар у гэтай вайне, але не беларускія людзі»

— Вы мелі сустрэчы з многімі сусьветнымі лідэрамі, шмат гучала словаў пра падтрымку беларускай барацьбы за дэмакратыю. Пасьля вайны Расеі супраць Украіны з выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі для агрэсіі пра беларускую барацьбу ў сьвеце практычна забылі і пацярпелых ад рэпрэсій караюць санкцыямі нароўні з удзельнікамі агрэсіі. І ў дачыненьні да беларусаў выкарыстоўваюць тую ж самую матрыцу, што і да расейцаў. Ці ў стане дэмакратычныя сілы данесьці сьвету розьніцу паміж велізарнай падтрымкай вайны людзьмі ў Расеі і яе непадтрымкай большасьцю ў акупаванай фактычна Беларусі? І ці для гэта давядзецца асобна пераконваць улады кожнай краіны праз такія візыты?

— Вядома, першай рэакцыяй сьвету быў шок. І першыя заявы, што Беларусь — краіна-агрэсар, прымусіла ўрады дзейнічаць рашуча. Але зь цягам часу стала ясна, што беларускі рэжым — суагрэсар у гэтай вайне, але не беларускія людзі, і палітыку ў дачыненьні да Беларусі трэба зьмяняць.

Кожны наш візыт, кожная сустрэча ці тэлефонныя перамовы накіраваныя на тое, каб тлумачыць, што беларусы не павінны адказваць за памылкі Лукашэнкі. Так, гэта цяжкая праца, але што рабіць. Мы павінны адстойваць сваё добрае імя. Насамрэч паўтара года барацьбы нам далі нейкую фору, бо за намі ўжо стаяў дэмакратычны сьвет. Дэмакратычныя сілы Беларусі былі вядомыя ў сьвеце, гэта дало нам добрую падставу для таго, каб усю Беларусь не лічылі калябарантам у гэтай вайне.

Нашая задача цяпер — карэктаваць гэтую палітыку, цярпліва тлумачыць, што адбываецца. Вельмі важна казаць, што ў Беларусі няма падтрымкі вайны (86% супраць), што беларусы спыняюць цягнікі, кібэрпартызаны ўзломваюць сайты, простыя людзі дасылаюць інфармацыю ў «Беларускі Гаюн».

Я пастаянна паўтараю тры простыя мэсыджы: Беларусь не Расея, беларусы не рэжым, Украіна і Беларусь — ахвяры ў гэтай сытуацыі.

Для кожнай краіны, вядома, трэба тлумачыць асобна, таму міжнародная праца цяпер такая важная.

«Беларусы таксама змогуць разьлічваць на падтрымку ў межах новага пакету дапамогі Ўкраіне»

— Якія практычныя вынікі нядаўняга візыту ў ЗША?

— Тое, што ня будзе ніякага прызнаньня Лукашэнкі і вяртаньня да Business as Usual — гэта пэўны вынік. Найперш гэта заява «Вялікай сямёркі», у якой гаворыцца аб прыцягненьні да адказнасьці Лукашэнкі. У Кангрэс унесены новы закон аб прызнаньні Расеі спонсарам тэрарызму, і рэжым Лукашэнкі можа быць таксама там згаданы. Сытуацыя ў Беларусі будзе абмяркоўвацца ў АБСЭ і ААН. Мы ўжо дамовіліся на некалькі практычных мерапрыемстваў.

Мы змаглі данесьці думку, што беларускі крызіс — гэта частка вялікай праблемы, і без вырашэньня беларускага крызісу будзе пастаянная пагроза Ўкраіне і заходнім краінам, і што гэтую праблему трэба вырашаць комплексна. На сустрэчах мы больш расказалі пра сытуацыю ў Беларусі, а далей на рабочым узроўні беларуская каманда працуе з камандай у Вашынгтоне.

Што да іншых вынікаў паездкі, мы ўжо зьвязаліся з тэхналягічнымі кампаніямі Facebook і Microsoft — будзем шукаць спосабы дапамагчы беларускім журналістам і актывістам. Прыняты новы пакет дапамогі: гэта ў асноўным абсталяваньне, праграмнае забесьпячэньне, выдаткі на арэнду і падобныя рэчы для беларускіх НДА. Сотні арганізацыяў вымушаныя былі пераехаць, але працягваюць працу. Беларусы таксама змогуць разьлічваць на падтрымку ў межах новага пакету дапамогі Ўкраіне.

«Мы павінны разумець, што з таго боку таксама стомленыя»

— Ва ўмовах, калі даўно няма перамог, замест салідарнасьці і еднасьці людзей лета-восені 2020 году цяпер шырацца спрэчкі, абвінавачваньні, крыўды, пошукі вінаватых, стомленасьць, расчараваньне. Як у такіх цяжкіх складаных умовах захаваць тое, што адчулі і зрабілі беларусы ў 2020-м? Якія перамогі цяпер дасягальныя для беларусаў?

— Сапраўды ёсьць стомленасьць. Я таксама стомленая. Але я не магу спыніцца. Мы павінны разумець, што з таго боку таксама стомленыя. Гэтаксама і ўкраінцы ня могуць спыніцца, таму што гэта пытаньне існаваньня іх дзяржавы.

Тое, што наша барацьба трывае так доўга, — гэта дасягненьне, як і тое, што зьберагаецца адзінства. Так — тактыкі могуць быць розныя, але ж стратэгія адна. Тое, што за намі ўвесь свабодны сьвет і ёсьць цікавасьць да Беларусі.

«Партызанка», якая пачалася ў Беларусі — вялікая перамога. Як і шэраг праектаў тыпу «Гаюна». Калі я ежджу па сьвеце, усе ў захапленьні, што беларусы такое робяць, нягледзячы на тэрор. Яшчэ да нядаўняга часу жанчыны выходзілі з парасонамі на вуліцы. Таксама подзьвіг.

Я ня буду казаць, што трэба рабіць. Кожны сам ведае і сам можа ацаніць, да чаго гатовы. Я магу толькі выказаць удзячнасьць тым, хто робіць. Бо Ціханоўская — гэта не адзін чалавек, гэта ўсе людзі, якія робяць нешта для пераменаў.

— У якой ступені будучыня Беларусі цяпер залежыць ад вынікаў вайны Расеі супраць Украіны, а ў якой ад саміх беларусаў?

— Тое, што нашы лёсы ўзаемазьвязаныя — гэта факт. У працэнтных суадносінах цяжка сказаць, але, мабыць, 30 на 70. 30% — ад вынікаў вайны, 70% — ад саміх беларусаў. Вядома, важны кантэкст падзеяў, вайна. Наколькі будзе моцная Расея пасьля перамогі Ўкраіны. Але і бязь дзеяньняў беларусаў нічога не адбудзецца.

Мы разумеем, што калі Ўкраіна пераможа ў вайне, астатнія крокі будуць залежаць ад беларусаў, ад таго, як мы скарыстаемся гэтым момантам, як мы да таго моманту зможам аслабіць рэжым. Уся наша праца ідзе, з аднаго боку, на аслабленьне рэжыму, а з другога боку, на ўзмацненьне беларусаў, Цяпер трэба працаваць як ніколі раней, трэба быць аб’яднанымі як ніколі раней. Тое, што праз два гады мы ўсё ж у фокусе, што праз два гады мы як-ніяк яшчэ разам, гэта вялікая заслуга беларусаў.

«Нам было камфортна ў нашых маленькіх семʼях, ячэйках, і цяпер мы нясём калектыўную адказнасьць за гэта»

— Сьвятлана, зыходзячы з вашага прыватнага і палітычнага досьведу, можаце адказаць, ці ёсьць справядлівасьць у гэтым сьвеце? За што беларусам вось гэта ўсё?

— На гэтае пытаньне няма адказу. Дзе б што ні адбывалася, у сьвеце ці ў маленькай сямʼі, то пытаюцца ў нябёсаў, за што нам гэта. Беларусам, мабыць, за маўчаньне, за апалітычнасьць, за тое, што не было ў нас мэты браць адказнасьць за сваю краіну. Нам было камфортна ў нашых маленькіх семʼях, ячэйках, і вось цяпер мы нясём калектыўную адказнасьць за гэта. Беларусы страцілі шмат гадоў праз Лукашэнку. У нас скралі 28 гадоў. Я часта думаю, якой магла б быць нашая краіна, калі б лёс па-іншаму распарадзіўся.

Але маем што маем. І цяпер выпраўляем сытуацыю. І я не скажу, што сытуацыя безвыходная. Дзякуючы падзеям 2020 году да беларусаў добра ставяцца ў сьвеце, усе бачылі нашыя пратэсты. Цяпер бачаць, што мы робім для Ўкраіны. У нас выдатная грамадзянская супольнасьць. У нас ёсьць саюзьнікі па ўсім сьвеце. Калі падзе рэжым Лукашэнкі, усё пачне вельмі хутка мяняцца, галоўнае — каб мы з вамі былі ў добрай форме і гатовыя да пераменаў.

«Я жыву там, разам зь ім, разумею, наколькі Сяргею цяжка, наколькі цяжка тысячам беларусаў»

— 31 траўня Вярхоўны суд разгледзіць апэляцыю вашага мужа, палітвязьня Сяргея Ціханоўскага, на прысуд. Чаго вы чакаеце?

— Справядлівасьці, вядома, не чакаю, тут усё зразумела. Сяргей вельмі моцны, ён разумее, што можа яго чакаць, але ён не здаецца. Ён верыць у моц беларусаў. Ён перадае прывітаньні з турмы, піша вершы, каб узмацніць дух беларусаў. Кожны ягоны дзень — выпрабаваньне для мяне. Я не жыву ў гэтым сьвеце, я жыву там, разам зь ім, я разумею, наколькі яму цяжка, наколькі цяжка тысячам беларусаў. Гэта надае сілы. Трэба вярнуць справядлівасьць у Беларусь, трэба вярнуць палітвязьняў дадому, беларусаў — у Беларусь. Гэта наша мэта, трэба працаваць вельмі шмат, не сварыцца, а працаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG