Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская перадала ЗША дакумэнты аб датычнасьці беларускага рэжыму да агрэсіі супраць Украіны


Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы зь дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам і намесьнікам дзяржсакратара Вэндзі Шэрман
Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы зь дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам і намесьнікам дзяржсакратара Вэндзі Шэрман

Падчас візыту ў ЗША Сьвятлана Ціханоўская перадала амэрыканскім палітыкам дакумэнты з доказамі саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне, а таксама інфармацыяй пра лазейкі, якімі карыстаюцца беларускія ўлады для абыходу санкцыяў.

Падчас трохдзённага візыту ў ЗША Ціханоўская сустрэлася з:

  • дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам і яго намесьніцай Вэндзі Шэрман;
  • сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі;
  • прадстаўнікамі Рады нацыянальнай бясьпекі;
  • лідэрам рэспубліканцаў у Сэнаце Эдысанам Мітчэлам МакКонелам;
  • кіраўніком камітэту Сэната ЗША па міжнародных адносінах Робэртам Мэнэндэсам;
  • каардынатарам па санкцыях Дзярждэпартамэнту Джымам О’Браэнам;
  • кіраўніком Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) Самантай Паўэр,
  • амэрыканскімі сэнатарамі.

Таксама ў Ціханоўскай адбылася кароткая гутарка з Білам і Гілары Клінтан.

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай падвёў вынікі яе візыту ў ЗША:

  • ЗША не прызнаюць рэжым Лукашэнкі і не зьбіраюцца аднаўляць зь ім дыпляматычныя ці палітычныя кантакты.
  • Беларуская грамадзянская супольнасьць зможа разьлічваць на дапамогу ў рамках нядаўна прынятага пакету падтрымкі ў сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны. Аб’ём і фармат дапамогі ўдакладняюцца.
  • ЗША будуць настойваць на прыцягненьні Лукашэнкі і ягоных памочнікаў да адказнасьці ў рамках міжнародных інстытутаў і судоў за рэпрэсіі супраць беларусаў і саўдзел у ваенных злачынствах супраць Украіны. Першая кансультатыўная сустрэча зь юрыстамі-міжнароднікамі, адвакатамі і сьледчымі па гэтай справе адбылася ў красавіку.
  • Будзе створаная працоўная група або пастаянны канал сувязі для дэмакратычных сіл з тэхналягічнымі кампаніямі, такімі як Microsoft, Google і іншымі, для супрацьдзеяньня расейскай і ўрадавай дэзінфармацыі.
  • Санкцыйная палітыка будзе накіраваная на далейшую ізаляцыю рэжыму да вызваленбня ўсіх палітвязбняў і вываду расейскіх войскаў зь Беларусі.
  • Блякаваньне актываў памочнікаў рэжыму за мяжой і замарожваньне валютных рэзэрваў Нацбанку да разгляду пытаньня аб новых свабодных выбарах.
  • Пытаньне аб беспрэцэдэнтным перасьледзе прафсаюзаў у Беларусі і арыштах іх лідэраў будзе ўзьнята на высокім узроўні. Кансультацыі па санкцыях Міжнароднай арганізацыі працы супраць рэжыму за перасьлед прафсаюзаў і працоўнага руху працягнуцца на наступным тыдні.

Акрамя таго, Сьвятлана Ціханоўская выступіла на CNN, Fox News, MSNBC, Sky News, Голасе Амэрыкі. Яна правяла брыфінг для карэспандэнтаў AFP, зьвярнулася да беларускай і ўкраінскай дыяспары, студэнтаў і выкладчыкаў Унівэрсытэта Джорджа Вашынгтона, а таксама да экспэртаў па Ўсходняй Эўропе Брукінгскага інстытута.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG