Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта подласьць». Дачка расейскага актора Машкова, прыхільніка Пуціна, выказалася пра бацьку


Расейскі актор Уладзімір Машкоў
Расейскі актор Уладзімір Машкоў

Марыя Машкова — расейская акторка, якая апошнія гады жыве ў Амэрыцы. Яе бацька, вядомы актор Уладзімір Машкоў, актыўна падтрымлівае дзейную ўладу ў Расеі. Ён выступаў на мітынгу ў «Лужніках», павесіў Z на тэатры, якім кіруе.

У інтэрвію Юрыю Дудзю, якое пераказвае «Наша ніва», Марыя Машкова разважае, чаму яе бацька так сябе паводзіць.

«Сутнасьць прапаганды ня ў тым, каб кагосьці ў чымсьці пераканаць, а ў тым, каб зматываваць цябе нічога не рабіць. Любая пасіўнасьць — і мы скочваемся ў таталітарны рэжым», — лічыць Машкова.

«Я ня згодная з татам. Тое, што ён цяпер падтрымлівае, — гэта подласьць. І тое, чым ён цяпер займаецца, — гэта подласьць; і тое, як ён дазваляе сабе камунікаваць зь людзьмі, — гэта подласьць. Але пры гэтым я яго вельмі люблю, і гэта мой тата», — кажа акторка.

Яна згадвала нядаўнюю размову з бацькам па тэлефоне.

«У гэтай размове ён мне сказаў тэрмінова вяртацца, браць дзяцей. Ён вельмі стараўся пачуць мяне, я старалася пачуць яго. Ён задаваў мне пытаньні, я задавала пытаньні. Спрабавала зразумець, што ён думае. Я пытала, хто пачаў вайну, дзе нацысты, расказвала пра свой досьвед ва Ўкраіне. Мы адно аднаго не зразумелі, але апошняе, што я ад яго пачула: „Маша, я цябе люблю“. Я калі пабачыла ягоны выступ [на Лужніках] — проста спалохалася за яго. Я спалохалася: што будзе, калі рускія людзі даведаюцца праўду? Што будзе канкрэтна зь ім, з маім татам?»

Машкова лічыць, што яе бацька шчыра верыць у тое, што гаворыць.

«Я ведаю, які ён гарачы чувак. Калі гэта так, гэта надзвычай трагічная гісторыя. Калі ён даведаецца праўду — будзе вельмі балюча. Я не магу сабе ўявіць, што гэта ўгода з сумленьнем, тады зусім сумна, я моцна расчаруюся, калі гэта ўгода».

Што, калі ў будучыні судзіць будуць ня толькі Пуціна, але і тых, хто дапамагаў у распаўсюдзе прапаганды, у тым ліку Машкова?

«У мяне ўзьнікла пытаньне, што магу я як дачка, якая мае складаныя адносіны з бацькам, але якая яго любіць, зрабіць для яго, калі гэта спатрэбіцца. Я высьветліла дзьве рэчы. Першае — калі ў мяне будзе пашпарт ЗША, я змагу падаць дакумэнты на ўзьяднаньне зь сям’ёй і забраць тату, калі ён захоча. Ну, вядома, калі яму дазволяць узьяднацца пры такіх абставінах.

А другі варыянт… Я ўявіла: дапусьцім, у Расеі рэвалюцыя. Нехта іншы прыходзіць, і выводзяць у Маскве людзей, якія адказвалі за прапаганду і за страшныя літары на тэатры. Я ўявіла, што я магу проста прыехаць і сказаць: «Хлопцы, ну ва ўсіх былі сваякі, якія заблыталіся, давайце будзем лепшымі за папярэднікаў».

Акторка сказала, што дапускае думку, што можа больш не вярнуцца ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG