Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я Барыса Ельцына і «Ельцин-центр» выказалі спачуваньні ў сувязі са сьмерцю Станіслава Шушкевіча


Архіўнае фота. Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын пасьля падпісаньня Белавескага пагадненьня, якое канстатавала спыненьне існаваньня СССР. Белавежская пушча, 8 сьнежня 1991 г.
Архіўнае фота. Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын пасьля падпісаньня Белавескага пагадненьня, якое канстатавала спыненьне існаваньня СССР. Белавежская пушча, 8 сьнежня 1991 г.

Сямʼя першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына і «Прэзыдэнцкі цэнтар Б.М. Ельцына» («Ельцин-центр») у Екацерынбургу выказалі спачуваньні ў сувязі са сьмерцю былога старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча.

«Станіслаў Шушкевіч, безумоўна, фігура вялікага маштабу. У гісторыі ён назаўсёды застанецца як адзін з кіраўнікоў трох дзяржаў, якія падпісалі ў сьнежні 1991 году Белавескія пагадненьні — „Пагадненьні аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаў“. Тыя, хто кажа, што гэтыя пагадненьні развалілі Савецкі Саюз, вельмі далёкія ад праўды. СССР быў даўно мёртвы, а лідэры Расеі, Украіны і Беларусі ў Белавескай пушчы проста юрыдычна канстатавалі гэты бясспрэчны факт. І стварылі СНД», — гаворыцца ў прэс-рэлізе-нэкралёгу «Ельцин-центра».

«Двойчы Станіслаў Станіслававіч вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру, — зазначае „Ельцин-центр“. — Пасьля адстаўкі з пасады кіраўніка дзяржавы палітыкі ня кінуў, але быў не такі прыкметны. Усе, каму давялося размаўляць са Станіславам Шушкевічам, адзначалі яго стрыманасьць, ураўнаважанасьць і мяккасьць. Станіслаў Станіслававіч заўсёды ахвотна прымаў запрашэньні ўзяць удзел у мерапрыемствах „Прэзыдэнцкага цэнтру Б.М.Ельцына“».

«„Ельцин-центр“ і сямʼя першага прэзыдэнта Расеі выказваюць спачуваньні родным і блізкім Станіслава Станіслававіча Шушкевіча», — гаворыцца ў нэкралёгу.

«Ельцин-центр» адзначае, што ў ягоным архіве ёсьць вялікае інтэрвію са Станіславам Шушкевічам, запісанае ў 2011 годзе для праекту «Дзевяностыя. Ад першай асобы».

87-гадовы Шушкевіч памёр у ноч з 3 на 4 траўня ў Менску ад наступстваў каранавірусу. У сьнежні 1991 году разам з Барысам Ельцыным (1931–2007) і прэзыдэнтам Украіны Леанідам Краўчуком (нарадзіўся ў 1934 годзе) падпісаў Белавескія пагадненьні.

Беларускія афіцыйныя асобы ніяк не адрэагавалі на сьмерць Шушкевіча, які быў у апазыцыі да іх. Разьвітаньне зь першым кіраўніком незалежнай Беларусі пройдзе з 20 гадзіны 6 траўня да 14 гадзіны 7 траўня ў Архікатэдральным касьцёле Панны Марыі на плошчы Свабоды ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG